Мапы, помнікі, вяртаньне культурнай спадчыны. Чым займаецца новы праект MALDZIS

Рыгор Астапеня

Новы беларускі праект MALDZIS запусьцілі ў верасьні. Яго місія — усталяваньне дошак і помнікаў выбітным беларусам, стварэньне мапы «Зямля Мальдзіса», вяртаньне культурнай спадчыны. Расказваем падрабязьней.

Ініцыятыва стварэньня праекту MALDZIS належыць былому дыплямату і часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацукевічу. У сваёй колішняй дыпляматычнай працы ён займаўся акурат падобнымі справамі.

MALDZIS бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай краіны, гаворыцца на афіцыйнай старонцы ініцыятывы.

Удзельнікі праекту плянуюць займацца папулярызацыяй беларускай спадчыны — праз стварэньне мапаў і гайдаў з інфармацыяй пра выбітных беларусах у замежжы. Іншая задача праекту — усталяваньне помнікаў і мэмарыяльных дошак выбітным беларусам за мяжой, пошук і набыцьцё культурна-гістарычных каштоўнасьцяў за мяжой для перадачы ў беларускія музэі.

Частка праекту — мапа «Зямля Мальдзіса», дзе пазначаны «забытыя і зьніклыя ў гістарычнай віхуры імёны і падзеі», і youtube-канал «Гэта топ!», аўтары якога, Рыгор Астапеня і Аляксандар Івулін, падарожнічаюць па сьвеце і расказваць гісторыі пра выбітых беларусах.

Прафэсар Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменьнік, публіцыст

Рыгор Астапеня, палітоляг і апякун праекту, расказаў «Радыё Свабода», што назву праекту шукалі такую, якая б адлюстроўвала памкненьні ўдзельнікаў праекту.

«Прыйшлі да высновы, што Адам Мальдзіс — гэта той чалавек, які вельмі шмат зрабіў для таго, каб у гісторыю Беларусі вярталіся многія славутыя імёны і славутыя каштоўнасьці. Таму мы выбралі менавіта гэтае імя», — патлумачыў палітоляг.

Ён таксама зазначыў, што ініцыятыва пакуль толькі зьбірае рэчы, якія маюць культурна-гістарычную вартасьць для Беларусі. Ёсьць намер перадаваць гэта ўсё ў малыя рэгіянальныя музэі Беларусі. Пытаньне пра вяртаньне больш дарагіх, вялікіх і каштоўных артэфактаў вымагае супрацоўніцтва зь дзяржавай. Але пакуль, кажа Астапеня, такога супрацоўніцтва няма.

Па словах суразмоўцы, адна з найбліжэйшых задач праекту «MALDZIS» — ушанаваць памяць Марыі Магдалены Радзівіл у Варшаве, дзе яна правяла значную частку жыцьця. А таксама ўшанаваньне памяці Івана Луцкевіча, які памёр у польскім горадзе Закапанэ.

Рыгор Астапеня таксама анансаваў, што на мэты праекту будуць зьбіраць ахвяраваньні. «Зразумела, ніякіх іншых рэсурсаў, апроч беларускіх, на гэтую справу няма. Апроч нас, ніхто ня будзе ўсталёўваць дошкі і помнікі беларусам», — кажа палітоляг.

svaboda.org