Чалец Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне і былы міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас лічыць, што пакуль ва Украіне ідзе вайна, не варта спяшацца з прадастаўленнем грамадзянства расейцам і беларусам.
«Гэта не пытанне жыцця і смерці, якое нельга вырашыць пазней, у дадзеным выпадку я думаю, што людзі, якія маюць сталы від на жыхарства ў Літве, маюць усе правы, як і ўсе грамадзяне, так, яны не маюць выбарчых правоў, але сацыяльныя гарантыі, усё астатняе ў іх ёсць», – прыводзіць яго словы LRT.
Расейцы і беларусы, якія жывуць у Літве, рыхтуюць петыцыю на імя прэзідэнта з нагоды таго, што ім ужо больш за два гады адмаўляюць у літоўскім грамадзянстве, нягледзячы на тое, што яны адпавядаюць усім крытэрам.
21-гадовы Яўген Шапавалаў прыехаў жыць у Літву з бацькамі, калі яму быў год. Ён беларус па нацыянальнасці, гаворыць па-літоўску. Год таму ён падаў заяву на атрыманне літоўскага грамадзянства. «Вырас тут, скончыў школу і зараз вучуся ў Віленскім універсітэце, – адзначыў малады чалавек. – Дзіўна жыць у Літве з іншым грамадзянствам, калі ты так звязаны з краінай”.
Ён чакае свайго грамадзянства ўжо амаль год, а яго маці – амаль два гады.
Па дадзеных Дэпартамента міграцыі, у Літве зараз пражывае каля 62 тысяч беларускіх і больш за 15 тысяч расейскіх грамадзян.