«Мусім у цеснай клетцы біцца». Як «Дзеяслоў» ператварыўся ў «Апостраф»

Фрагмэнт вокладкі першага нумару альманаху «Апостраф»

Зьнікненьне грунтоўнага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў» напярэдадні ягонага 22-годзьдзя (першы нумар выйшаў 24 верасьня 2002 году) стала вынікам афіцыйнага курсу на зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў краіне.

Адно што дзякуючы экіпажу «Дзеяслова» пасадка атрымалася ня жорсткай — на зьмену менскаму выданьню ў Беластоку выйшаў першы нумар ягонага двайніка — альманаха «Апостраф».

Сьцісла:

  • Часопіс «Дзеяслоў» ня меў шанцаў на перарэгістрацыю ў сёньняшніх умовах, і таму перад ілюзорным «афіцыйным» статусам аддаў перавагу незалежнасьці ды ператварыўся ў альманах «Апостраф».
  • Як бы ні абвяшчаўся курс уладаў на вяртаньне да рэаліяў БССР, у літаратуры сёньня сытуацыя процілеглая той, што была тады.
  • Выданьне «Апострафа» зь першага нумару пазначыла сваю пераемнасьць, але відавочна, што роля альманаху сёньня мусіць быць шырэйшай.

Ён такі самы важкі і такі самы проста беларускі літаратурны, безь ніякай іншай дадатковай арыентацыі, аб’ядноўвае ўсіх — у гэтым ягонае крэда, нязьменнае ад першага нумару «Дзеяслова». У адрозьненьне ад парэшткаў некалі прадстаўнічых часопісаў «Полымя» і «Маладосьць», што перажылі ідэалягічныя, кадравыя ды фарматныя зачысткі, «Апостраф», мяркуючы са зьместу, мае намер паўнавартасна ўдзельнічаць у літаратурным працэсе і заставацца не адгароджаным, але і не ангажаваным у палітыку. Важна, што захавалася, прычым на добрым узроўні, рубрыка «Дэбют», якая ў «Дзеяслове» плённа папрацавала, узбагаціўшы беларускую літаратуру новымі імёнамі, якія сёньня ўжо на слыху і маюць свае кнігі ды свайго чытача.

Дзяржаўная літаратура ў апазыцыі

У БССР недзяржаўных літаратурных выданьняў не было, бо інстытуцыяналізацыі вальнадумства не дапускалася. А паколькі ўсе разумелі, што творчая арганізацыя па прыродзе сваёй «рассаднік вальнадумства», дзяржава такім чынам дасягала дзьвюх мэтаў: кантралявала пісьменьнікаў (найперш праз цэнзуру, якую можна было рознымі спосабамі абысьці) і рабіла літаратуру адным з атрыбутаў дзяржаўнасьці. Так гэта працавала. У аддзеле культуры ЦК КПБ нават існаваў сэктар мастацкай літаратуры, які ўзначальваў прызнаны пісьменьнік, лічы, міністар. Дзяржаўную падтрымку меў Саюз пісьменьнікаў, яго часопісы, яго Дом літаратара, Дом творчасьці ды практычна ўся дзейнасьць стваральнікаў прыгожага пісьменства. Інакш кажучы, пры афіцыйнай палітыцы русыфікацыі, якой патрабавала Масква, беларуская літаратура ўспрымалася ўладамі як справа дзяржаўная.

Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, паразуменьня зь пісьменьнікамі не знайшоў. Прычына была і ў адмаўленьні першым прэзыдэнтам прыярытэту беларускай мовы, і ў яго недасьведчанасьці ў беларускай літаратуры, а найперш, мабыць, у тым пісьменьніцкім вальнадумстве, якога, на ягоную думку, у дзяржаўнай сыстэме не павінна быць. Так літаратура ў Беларусі перастала быць справай дзяржаўнай, пісьменьнікі з ранейшай савецкай схемы апынуліся ў апазыцыі і падлягалі хай сабе расьцягнутаму ў часе, але зьнішчэньню.

Лукашэнка адабраў у іх усю ранейшую маёмасьць, усе іхныя выданьні, усю дзяржаўную падтрымку, а іхны брэнд «Саюз пісьменьнікаў Беларусі» аддаў расейскамоўнаму генэрал-пісьменьніку Чаргінцу, які да беларускай літаратуры меў чыста «прапісачнае» дачыненьне. Такім чынам ранейшая дзяржаўная справа была ператворана ў прыватную справу гэтага самага Чаргінца, умовай чаго было ягонае вернападданства Лукашэнку. Пэрсанальныя выключэньні з гэтага новага правіла толькі падкрэсьлівалі яго татальны антыбеларускі характар.

Тады і быў створаны незалежны літаратурны часопіс «Дзеяслоў», а ранейшы Саюз пісьменьнікаў дадаў сабе ў назву слова «беларускіх» і працягваў існаваць усе гэтыя 22 гады безь дзяржаўнай падтрымкі, адно высілкамі сваіх чальцоў. За гэты час стварылася мноства новых вялікіх і малых ініцыятываў: кніжныя выданьні, літаратурныя прэміі, школа маладога пісьменьніка, клопат пра старэйшых творцаў… То бок літаратура працягвала існаваць як дзяржаўная справа. Толькі бяз цэнзарскага кантролю, адсутнасьць якога аказалася не катастрофай, а наадварот. Цяпер гэтую кантрольную функцыю выконвалі рэдактары, якія сачылі не за вальнадумствам, а за пошласьцю, дэманстратыўнай графаманіяй і пустаслоўем.

Урэшце Лукашэнка зьліквідаваў і гэты Саюз пісьменьнікаў, і «Дзеяслоў», не пакінуўшы яму шанцаў на перарэгістрацыю. Беларуская літаратура як дзяржаўная па сутнасьці справа сканцэнтравалася вакол альманаху, які выходзіць за мяжой. Тым часам зь Беларусі, з канторы Чаргінца можна пачуць адно казусныя навіны не пра выбітныя творы і імёны новых талентаў, якія зьдзівілі сьвет, а пра прысваеньне званьня народнага пісьменьніка самому Чаргінцу.

Аднак зьвернемся нарэшце да альманаху «Апостраф».

Аповесьць пра Гаруна

Адкрывае альманах традыцыяналісцкая ў добрым сэнсе аповесьць пра Алеся Гаруна — паэта, якога сучасьнікі параўноўвалі зь Янкам Купалам і які сёньня прызнаны клясыкам беларускай літаратуры. Незвычайны лёс Гаруна, які яшчэ падлеткам трапіў у рукі царскага «губазіка», сядзеў у Пішчалаўскім замку (на «Валадарцы») і на дзесяць гадоў быў адпраўлены на «хімію» ў Сібір, дзе цяжка працаваў, у тым ліку на залатых капальнях у Бадайбо. Вярнуўся ў Менск у 1917-м, а ўжо ў 1920-м цяжка захварэў і памёр. То бок па ўсіх раскладах нябеснай канцылярыі такога паэта ўвогуле ня мусіла быць, і толькі ягоная ўласная воля да творчасьці і пераадоленьня згубных абставінаў зрабіла яго і клясыкам, і палітыкам, і вайскаводцам.

Часам аповесьць больш нагадвае карпатлівае літаратуразнаўчае дасьледаваньне крок за крокам усяго жыцьцёвага шляху паэта з мноствам новых і ўдакладненых фактаў. Але ў разьдзелах пра Сібір тэкст ператвараецца ў калярытную і захапляльную прозу. На маю думку, на падставе гэтай аповесьці можа быць створаны арыгінальны біяграфічны раман — у жанры, якога моцна бракуе беларускай літаратуры.

Варта дадаць, што ў 1937-м у БССР усе кнігі Гаруна падлягалі спаленьню, а само імя яго было забароненае аж да канца 1980-х.

Істотная рыса: Алесь Гарун — менскі беларускі паэт, што для пачатку ХХ стагодзьдзя вялікая рэдкасьць. Зрэшты, і ад самога Менску, дзе вырас паэт, мала што засталося і мала што аздабляе і ўзбагачае ўяўленьне сучасных менчукоў пра свой горад. Хоць дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што вуліца Алеся Гаруна ў Менску ёсьць.

І раптам… Цютчаў

Як і «Дзеяслоў», новы альманах не абмяжоўвае сябе ў літаратурных жанрах. Апроч галоўных — новай паэзіі і прозы, прадстаўленыя пераклады, гэтым разам найперш паэтаў ХІХ стагодзьдзя.

Вялікая паэма Артура Бартэльса «Палескі тыдзень» у перакладзе з польскай, багата і дасьведчана пракамэнтаваная — з той плеяды, калі беларуская па сутнасьці і лякалізацыі літаратура стваралася на польскай мове.

Побач з паўнавартаснай публікацыяй Бартэльса вершы ягонага сучасьніка расейца Цютчава выглядаюць «голымі», таму не зусім апраўданымі. Найперш гаворка пра вартасьць арыгіналаў, якая не «ажывае» ў новым часе і на іншай мове. Як, да прыкладу, тое адбываецца зь перакладамі вершаў По ці Рэмбо, якія зноў і зноў пераствараюцца, несучы сваю загадкавую жывучасьць па ўсім сьвеце.

Цютчаў як клясык расейскай паэзіі, безумоўна, мае права на пераклады, але разам з шырокімі камэнтарамі, беларускім кантэкстам часу, калі пісаліся тыя вершы, рэфлексіямі перакладчыка ці літаратуразнаўцы, чаго гэтай публікацыі не стае.

Між іншым, я не адчуў па-беларуску той чароўнасьці, якой радкі Цютчава маглі заварожваць калісьці ў арыгінале. Каб разабрацца, у чым тут справа, я перачытаў гэтыя творы па-расейску, але замест чароўнасьці падзьмула пэўным злавесным подыхам бессэнсоўнасьці ўсяго, нібы са знакамітага цютчаўскага афарызму: «Мысль изреченная есть ложь». І раскрылася цэлая прастора для развагаў пра тое, як сёньняшнія падзеі мяняюць гучаньне і ўспрыманьне расейскай клясыкі. Прыгадалася фраза, якою нядаўна расейская прапагандыстка пачала сваю лекцыю на маскоўскім журфаку: «Запомните, правды не существует». Сьледам успомнілася, што Цютчаў і сам быў прапагандыстам на пасадзе старшага цэнзара.

Ёсьць у «Апострафе» і зусім нечаканыя думкі, спробы пераацэнкі каштоўнасьцяў (а каштоўнасьці ўвесь час вартыя пераацэнкі і новага сьцьверджаньня або адмаўленьня). Напрыклад, гэтая: «Дык ці быў Караткевіч паэтам? Вядома ж, хоць і не прыўкрасным (ягоны іранічны наватвор). Хутчэй, „непрычасаным“, „вуглаватым“, „нязручным“, што з адчаем, хлапечым імпэтам і безагляднасьцю кідаў свае вершы ў вокны соннай беларускай сьвядомасьці і верыў, што робіць тое недарма. У адрозьненьне ад Караткевіча-празаіка, паэт сказаў усё, што хацеў, і нават больш».

Як на маю, адваротную, думку, Караткевіч найперш паэт, а непрычасанасьць і вуглаватасьць ды нязручнасьць, калі гэта не непісьменнасьць, — магутныя мастацкія інструмэнты, якія адрозьніваюць выбітнага паэта ад гладкага вэрсыфікатара. Памятаю, як Алесь Разанаў захапляўся Купалавымі радкамі акурат на гэтую тэму: «Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет адно толькі на зломе ўзрастае!»

Між іншым, запомніце слова «вокны» ў цытаце пра Караткевіча, яно яшчэ ўсплыве ў гэтым тэксьце.

Уражваюць запісы аўтэнтычных расповедаў вясковай пяюньні бліжэй да канца альманаху, можна проста на месцы адчуць радасьць палявога этнографа: «Пачытай мае песьні… Ума набярэсься…», альбо такое: «Ты пра песьні… Быў там. Дак я табе казала: „Я табе столькі напяю, што ў цябе бумагі ні хваця“. А ты атвеціў: „У мяне хваця“. Я гавару: „Ой, брэшыш! Ні хваця ў цябе бумагі“». І канчаецца гэтае жывое гаварэньне аптымістычным радком: «Працяг будзе».

«Краіна ў кратах»

Яшчэ адна думка, якая круцілася ў галаве, калі чытаўся «Апостраф», — пра Беларусь як турму. Наколькі гэты вобраз аб’ектыўны, а наколькі міжвольна фармуецца намі самімі, найперш літаратурай і шырэй культурай.

Яшчэ ў аповесьці пра Алеся Гаруна зьвярнулі на сябе ўвагу вершы самога паэта з гэтым вобразам клеткі:

Праўду мусім ведаць, браце:
Покуль мы ня ў роднай хаце,
Не на ніве покуль роднай, —
Нашай думачцы ніводнай

Век ня спраўдзіцца, ня збыцца —
Мусім ў цеснай клетцы біцца
Нашых думак, і жаданьняў,
І няволі наляганьняў.

Ну проста актуальнае крэда для сёньняшніх уцекачоў ад дыктатуры. А яшчэ прыгадалася песьня гурту «Ўліс» 1989 году «Краіна ў кратах» — такі надпіс нехта зрабіў тады пад мостам над Сьвіслаччу каля Траецкага прадмесьця ў Менску. Падумалася, што беларусы настолькі зжыліся з гэтымі клеткамі і кратамі (хоць бы і ў судах, і ў турмах), быццам з сыстэмай каардынатаў свайго ўласнага жыцьця, пра што можна таксама прачытаць у трапным вершы з новага «Апострафа»:

Сыстэма з вэртыкальных
і гарызантальных ліній у выніку
ўтварае краты. Для некага
яны таксама сыстэма каардынатаў.
Кажуць, што той, хто з сыстэмы выпаў —
сам вінаваты. Не хадзіў роўна
або хадзіў не туды ці ня ў час.

Насамрэч шмат што ў нашым жыцьці залежыць ад літаратуры і ад слова. Як што называецца, так і адбываецца. Вось, здавалася б, дробязь — школьны сшытак «у клетачку» або «ў клетку» (калька з расейскай), але тое, з чым сутыкаецца кожны, прычым зь дзяцінства і па жыцьці. Хтосьці паспрабаваў зьбеларусіць сшытак — «у кратку». Сэнсава ж атрымалася тое самае. Што тут можна зрабіць? Літаральна надоечы ў віленскай краме я прачытаў, як гэты сшытак па-літоўску называюць літоўцы: «у вакенцы».

Неяк нават пасьвятлела і падабрэла ўсё навокал.

Магчыма, якраз «Апостраф» і яго аўтары, сярод іншага, стануць тым карэктарам нашага нацыянальнага самапачуваньня, які будзе выпраўляць скрыўленьні на беларускай карціне сьвету, што назьбіраліся за доўгія гады прыгнёту.

Сяргей Дубавец, svaboda.org