Гісторыя крадзяжу: музыка змагаецца за правы на песню ў Беларусі

Майкл Соўл высвятляе, чаму яго пазбавілі аўтарства песні / из личного архива

Майкл Соўл даўно не жыве ў Беларусі, але яго песні круцяць на радыё і выконваюць на конкурсах. Гэта прызнанне, скажаце вы? Мабыць так, толькі калі б аўтар не зрабіўся для дзяржавы тым-каго-нельга-называць.

Майкл удзельнічаў у адборах на “Еўрабачанне” і нават ездзіў на конкурс у 2017 годзе разам з гуртом NaviBand — у якасці бэк-вакаліста. Ён жа напісаў словы і музыку да песні “Вятры” для ўдзельніцы нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне-2019”.

Песня была перакладзеная на некалькі моў, у тым ліку на беларускую, дзякуючы Раману Каладку, які таксама перакладаў творы для Ганны Шаркуновай і іншых беларускіх артыстаў.

У чэрвені песня “Вятры” прынесла перамогу выпускніцы Мінскага каледжа мастацтваў Вераніцы Высоцкай на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне. Пра гэта Майкл Соўл даведаўся выпадкова. Знаёмыя даслалі спасылку з выступам Высоцкай: маўляў, глядзі, спявае тваю песню.

Вераніка Высоцкая выканала песню Майкла Соўла, але ў тытрах паказалі іншага аўтара

— Дзяўчынка выканала песню на конкурсе, канцэрт транслявалі на “Беларусь-3”. Там у тытрах згаданы аўтар Раман Каладко. Ва ўсіх інтэрв’ю, прэс-рэлізах пра фестываль — таксама ён. І нідзе няма мяне! абурыўся Майкл Соўл.

І пачаў уласнае расследаванне. Як адбылося, што ён пазбаўлены не толькі аўтарскіх адлічэнняў за выкарыстанне песні, але і неад’емнага аўтарскага права, гэта значыць, права быць названым аўтарам твора?

Майкл адправіў лісты ў Мінкульт, Белтэлерадыёкампанію і НЦІУ — Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці — з пытаннем, хто зарэгістраваны аўтарам песні “Вятры”.

З тым жа пытаннем ён звярнуўся ў Маладзечанскі выканкам, які з’яўляецца арганізатарам фестывалю, і суарганізатарам — аркестру Фінберга і Мінскаму абласному выканаўчаму камітэту.

Кароткі адказ з НЦІУ даў Майклу зразумець, што беларускамоўную версію песні “Вятры” зарэгістраваў Раман Калодка, пазначыўшы Майкла Соўла суаўтарам. Музыка здзіўляецца, як гэта магло адбыцца без яго ўдзелу. У размове з Майклам Раман здзівіўся не менш. І пра выкарыстанне песні на конкурсе і на тэлебачанні нічога не ведаў.

Нязручныя пытанні да БТ

Але нават калі Раман запісаны суаўтарам песні, гэта не апраўдвае адсутнасці імя Майкла Соўла ў тытрах і згадваннях пра фестываль — ён па-ранейшаму застаецца аўтарам музыкі і тэксту. Чаму БТ заплюшчыла на гэта вочы?

Майкл Соўл / з асабістага архіва

— На такіх конкурсах тэлебачанне павінна, груба кажучы, “чысціць правы”. Я сам у мінулым — удзельнік шоу “Голас” ва Украіне. Каб выканаць пэўную песню, тэлеканал выплачвае аўтарскія арыгінальнаму выканаўцу або лэйблу, які валодае правамі на гэты твор. Проста так нельга выканаць. Тут тое самае. Твор трансляваўся на тэлебачанні — Белтэлерадыёкампанія павінна была выкупіць права на ратацыю, — разважае музыка.

“Прэмію выплацілі гатоўкай”

У пошуках прычыны, з якой яго імя магло “згубіцца”, Майкл звязаўся з маладой выканаўцай Веранікай Высоцкай, якая выканала песню “Вятры” і атрымала за гэта грашовую прэмію, а таксама “Крыштальную гітару” імя Мулявіна.

Яна кажа, што наогул не ведала, што трэба прасіць нейкія дазволы. Што ёй за два тыдні да конкурсу сказалі, што трэба тэрмінова мяняць твор. “Далі спіс, і мы з педагогам выбралі гэтую песню”. Дарэчы, яна скончыла мой жа каледж — Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Яе педагога я ведаю, мой педагог сядзела ў журы гэтага конкурсу. Яны ўсе ведаюць і пра Машу Ермакову, і пра гэтую песню. Дзіўна, працягвае музыка.

Вераніка Высоцкая атрымала за перамогу ў конкурсе прыз / скрыншот трансляцыі БТ

Са слоў дзяўчыны, за перамогу ў конкурсе яна атрымала прыз, эквівалентны 1000 доларам. Якія, зноў жа з яе слоў, выплацілі ў беларускіх рублях і гатоўкай.

Каб урэгуляваць пытанне ў дасудовым парадку, каб зразумець суму кампенсацыі, мне трэба ведаць, якія грошы былі заробленыя афіцыйна з дапамогай гэтага твора, а паводле закона яна павінна падаць квітанцыю на ганарар.

Яна кажа: “Мне іх далі гатоўкай, у мяне няма ніякіх чэкаў, няма папераў”. Ну як гэта магчыма ў дзяржаве, у якой такія строгія правілы — якая гатоўка? Гэта дзяржаўны конкурс, дзяржаўныя грошы. Якая гатоўка? А што з падаткамі? — здзіўляецца Майкл.

“Не засталося нічога незабароненага”

Майкл Соўл кажа, што ў чорным спісе музыкаў, чые песні забаронена прайграваць у Беларусі, яго імя няма.

Гэтая дзяўчынка мне напісала: ці не з’яўляецеся вы забароненым аўтарам? Я кажу: з гледзішча заканадаўства Рэспублікі Беларусь такога панятку няма. І калі я вам не дагаджаю як аўтар, навошта вы карыстаецеся маёй музыкай? Але я хутчэй стаўлю на тое, што ў Беларусі засталося так мала чагосьці незабароненага, што ім сапраўды на гэтых конкурсах проста няма чаго спяваць. Ім застаецца зноў і зноў перапяваць Мулявіна, бо ён не можа за свае правы пазмагацца з відавочнай прычыны.

Музыка з нецярпеннем чакае афіцыйных адказаў на свае скаргі, каб дамагчыся праўды, каму не дагадзіла яго імя і хто занядбаў яго аўтарскія правы. НЦІУ? Арганізатары фестывалю ў Маладзечне? Белтэлерадыёкампанія? Ці гэта простая халатнасць і няўважлівасць рэжысёра тэлетрансляцыі?

Так ці інакш, гэтая сітуацыя можа адкрыць скрыню Пандоры, калі казаць пра захаванне аўтарскіх правоў на дзяржаўным тэлебачанні.

Для мяне вялікае пытанне, вядома, чаму ніхто не дабраўся да такіх шоу, як “Х-Фактар”, які ладзіўся ў Беларусі. Яны ж спявалі там міжнародныя хіты, супервядомыя песні. Я ўпэўнены на мільён адсоткаў, што ў Белтэлерадыёкампаніі няма столькі грошай, каб выкупіць права на выкарыстанне якой-небудзь Sia або Beyoncé, бо гэта вельмі дорага. Гэта тупа пірацтва! Але Sia або Beyoncé наўрад ці будуць разбірацца, колькі разоў іх песню нелегальна выканалі дзе-небудзь у Беларусі. А я буду! — папярэджвае артыст.

euroradio.fm