Беларускія і польскія эксперты абмеркавалі стан двухбаковых стасункаў на другім Форуме імя Р. Скірмунта 26 верасня ў Варшаве. Дыскутавалі, у тым ліку, і пра адлюстраванне перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы.
Для палякаў гэта быў адзін з этапаў пабудовы польскай дзяржаўнасці, для беларусаў — знаходжанне заходняй часткі краіны ў складзе іншай дзяржавы без статусу аўтаноміі.
Пра вынікі Форуму імя Р. Скірмунта распавёў дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
«Дыскусія атрымалася жвавай, бо існуюць відавочныя разыходжанні, — кажа Андрэй Казакевіч. — Для многіх польскіх гісторыкаў нават ужыванне тэрміну Заходняя Беларусь у кантэксце міжваеннага перыяду з’яўляецца не зусім карэктным, яны разглядаюць яе як частку тэрыторыі польскай дзяржавы на той час. Беларусы, натуральна, не лічаць магчымым адмовіцца ад ужывання тэрміну Заходняя Беларусь.
Разам з тым усе прысутныя канстатавалі негатыўны характар сучасных тэндэнцый у рыторыцы беларускіх уладаў. Маюцца на ўвазе спробы называць той перыяд акупацыяй (з пункту гледжання міжнароднага права гэта не было так: межы Польшчы былі міжнародна прызнаныя), казаць пра этнацыд беларусаў як мэтанакіраваную палітыку тагачаснай Польшчы (гэта таксама перабольшанне).
На шчасце, пакуль у беларускіх школьных падручніках скрайнія ацэнкі падзеяў таго часу не замацаваныя. Нават нядаўна выдадзеныя падручнікі вытрымліваюцца ў больш нейтральным ключы. Хаця некаторыя факты ў іх падаюцца без тлумачэнняў прычын тых ці іншых падзеяў. Скажам, вельмі аднабока інтэрпрэтуюцца зямельная рэформа і эканамічнае развіццё рэгіёна Заходняй Беларусі ў межах Польшчы.
На Форуме канстатавалі наяўнасць праблем і з іншага боку. Калі ў беларускіх масавых выданнях праблемай з’яўляецца недастаткова збалансаваная ацэнка жыцця беларусаў у межах польскай міжваеннай дзяржавы, то для польскіх масавых выданняў па гісторыі, уключаючы падручнікі і папулярныя кнігі, асноўнай праблемай для двухбаковых стасункаў можна лічыць адсутнасць Беларусі ў якасці суб’екта і рэгіёна.
А калі гэта не поўная адсутнасць, то вельмі слабая рэпрэзентацыя: часта Беларусь узнікае толькі са з’яўленнем незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 годзе альбо ў кантэксце знаходжання ў складзе СССР пасля Другой Сусветнай вайны.
Каб сітуацыя па гэтых накірунках выпраўлялася, пералічаныя тэмы патрабуюць далейшага дыялогу і дыскусій паміж гісторыкамі Беларусі і Польшчы«.
Арганізатарамі форуму выступілі Інстытут «Палітычная сфера», Цэнтр даследаванняў Усходу імя Марка Карпя (Ośrodek Studiów Wschodnich im. Marka Karpia), Studium Europy Wschodniej UW, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе.