Дэмакратычная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Святлана Ціханоўская завяршае працоўны візіт у Варшаву.
Яна апавяла racyja.com пры вынікі сваёй паездкі.
— Любы візіт у Варшаву для мяне — гэта як маленькае свята для мяне, бо тут заўсёды ёсць магчымасць пагаварыць з беларусамі, сустрэцца з нашымі выбітнымі людзьмі. Але, канешне, мэта візіту была ўдзел у Варшаўскім Security Forum, дзе я змагла пагаварыць з многімі дыпламатамі. Я брала ўдзел у панэлі па Беларусі. Гэта, канешне, добрая пляцоўка, каб прыцягнуць увагу да нашай краіны, да таго, што робіцца з палітвязнямі, і яшчэ раз растлумачыць, што свет можна зрабіць, каб дапамагчы нам, беларусам. Таксама я прыняла ўдзел у ўручэнні прэміі імя Васіля Быкава. Гэта вельмі значная асоба для беларусаў і вельмі значная прэмія, якая гэтым разам была аддадзеная музычнай групе «NaviBand» — цудоўныя людзі, цудоўныя музыкі.
РР: Вы зазначылі, што гэты калектыў вам блізкі. Чаму?
— Мой шлях да беларушчыны пачаўся не так даўно, і, канешне, да 2020 года я не была знаёмая з многімі беларускімі гуртамі. І я думаю, што мой шлях да беларушчыны ішоў побач з нашымі музыкамі, бо праз музыку і культуру лягчэй за ўсё вывучаць беларускую мову і адчуць беларушчыну. Гэта тое, што мяне чапляе. І, канешне, песня «Мама» — гэта тое, што блізка нам усім, і я проста ў яе закахалася.
РР: Гэта ўжо не першы ваш візіт у Варшаву. Як змяняюцца вашыя адчуванні, калі вы сюды прыязджаеце?
— Што вы маеце на ўвазе„змяняюцца адчуванні“?
РР: Можа новыя пытанні чуеце ад беларусаў або абмяркоўваюцца новыя пытанні на сустрэчах?
— Для беларусаў самае вострае пытанне, яно ніколі не зыходзіла — гэта як вызваліць нашых родных з турмаў. Канешне, ад паводзінаў рэжыму змяняюцца і пытанні. Бо вызвалілі 100 чалавек, быў нейкі абмен, дзе не было беларусаў, вядома, людзі задаюцца пытаннямі, што яшчэ можна зрабіць для вызвалення людзей. Гэта пытанне балючае, вакол якога людзі могуць сварыцца, мець розныя меркаванні. І трэба размаўляць пра гэта, тлумачыць, што можна зрабіць, а што не. І калі ляцяць крыўды ў палітыкаў ці паміж сабой, трэба вельмі спакойна размаўляць з людзьмі.
Што тычыцца сустрэч з палітыкамі, то наша стратэгія застаецца такой самай: трэба знішчаць рэжым Лукашэнкі, трэба ціснуць санкцыямі, палітычнай ізаляцыяй і пакідаць калідоры для перамоваў. З 2020 года мы казалі, што за перамовы, але калі будуць пададзеныя ясныя сігналы ад рэжыму, пакуль мы іх не бачым. Узмацненне грамадзянскай супольнасці — гэта тое, на чым мы настойваем ужо 4 гады. Без свабодных медыяў, без ініцыятыў беларускіх, без арганізацый і культурных мерапрыемстваў увага да Беларусі будзе змяншацца. Таму вельмі важна падтрымліваць нас.
Гэта таксама пытанне прыцягнення да адказнасці. І тое, што адбылося ў аўторак у Гаазе, калі Літва падала справу ў Міжнародны крымінальны суд на Лукашэнку і яго памагатых, гэта вельмі вялікі крок наперад. Тыя, хто прайшоў праз катаванні, тыя, хто быў вымушаны выехаць праз рэпрэсіі, яны ахвяры гэтага рэжыму, і нарэшце міжнародны суд можа паказаць і даказаць, што яны не бескарысная арганізацыя, а на самой справе для іх прыцягненне да адказнасці вельмі важнае.
Я не бачу нейкіх змяненняў з боку польскага ўрада ці народа да беларусаў. Хаця, канешне, ёсць пытанні, якія трэба вырашаць: легалізацыя, візы для студэнтаў, навароджаныя дзеткі — такія пытанні ёсць. Але не значыць, што нам не памагаюць вырашаць справы. Ёсць розныя тэхнічныя і палітычныя моманты, але трэба размаўляць. Мы размаўляем, і да нас прыслухоўваюцца, можа не ўсё так хутка, як хацелася б. Але мы заўжды павінны быць удзячныя Польшчы і Літве за тое, што далі магчымасць працягваць працаваць супраць дыктатуры.
Я яшчэ хацела сказаць пра гэты кейс у Міжнародным крымінальным судзе. Мы пачалі працаваць над гэтым яшчэ ў пачатку 2021 года. Калі пачалі збіраць доказы злачынстваў, якіх станавілася ўсё больш. І гэта заняло так шмат часу. Я так думаю, што мы ж маглі ў пэўны момант спыніцца, ну не атрымліваецца, ніхто не хоча распачынаць справу супраць Лукашэнкі. Гэта ўсё было так цяжка, шмат перамоваў, якія не прыводзілі ні да чаго. Мы маглі б спыніцца, але мы не спыніліся. І гэта мой заклік да беларусаў: часам здаецца, што так шмат робіцца, а няма вынікаў, і нейкае фрустрацыя, і людзі выпаленыя. Але ж здацца зараз, спыніцца, гэта здрадзіць беларусам, што за кратамі. Таму нават калі цяжка, знаходзьце сілы і падтрымку, каб працягваць, бо ніхто замест нас не зробіць нашу справу.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле: