У Вільні адкрыўся фэстываль беларускай кнігі «Прадмова» — традыцыйны штогадовы фэст літаратараў, выдаўцоў і прыхільнікаў інтэлектуальнай літаратуры. На пляцоўках фэсту праходзяць прэзэнтацыі новых выданьняў, дыскусіі і творчыя сустрэчы з аўтарамі, а таксама дзейнічае найбуйнейшы за межамі Беларусі кніжны кірмаш. Фэстываль пачаўся 5 і працягваўся 6 кастрычніка.
Гэта толькі пачатак фэстывальнага цыклю. Наступныя «Прадмовы-2024» адбудуцца яшчэ ў Бэрліне, Варшаве і Познані. За тое, каб правесьці чацьвёрты этап у Познані, прагаласавалі ўдзельнікі апытаньня, праведзенага сярод падпісантаў «Прадмовы».
«Такі фармат правялі ўпершыню. А тое, што пачалася сёлетняя „Прадмова“ менавіта ў Вільні — даніна гэтаму гораду, дзе самая багатая і глыбокая ў замежжы беларуская культурніцкая традыцыя», — зазначыў, адкрываючы літаратурны фэстываль, ягоны каардынатар Павал Баркоўскі.
Яшчэ адна навінка ад арганізатараў: для сёлетняй «Прадмовы» ў Вільні падабралі новую пляцоўка — тэатар «Vilniaus klasika», дзе за кошт вялікай тэатральнай залі ўдалося пад адным дахам аб’яднаць размовы з чытачымі, кухар-шоў і кніжны кірмаш з удзелам больш як 6 гандлёвых кропак.
Як дэкалянізаваць мысьленьне беларусаў
Адкрываць фэстываль выпала кнізе «Беларусь у сьвятле сучаснай крытычнай сацыяльнай тэорыі», складзенай з артыкулаў беларускага філёзафа, прафэсара ЭГУ Ўладзіміра Фурса. Вядомы мысьляр, аўтар больш як 100 глыбокіх навуковых працаў і стваральнік адметнай школы ў беларускай філязофіі, заўчасна памёр ў 2009 годзе. Аднак ягоныя калегі і вучні штогод ладзяць навуковыя канфэрэнцыі, на якіх абмяркоўваюць і прапагандуюць навукоую спадчыну філёзафа, бо лічаць, што яна не страціла актуальнасьці.
Сёлета пры ўдзеле дачкі філёзафа Веранікі Фурс навукоўцы Павал Баркоўскі, Іван Новік, Дзьмітрый Гамеза, Юнэля Сальнікава, Уладзіслаў Іваноў і Алена Талапіла пераклалі на беларускую мову і выдалі асобнай кнігай артыкулы Ўладзімера Фурса аб сваесаблівасьцях «беларускай рэальнасьці».
Навошта было перакладаць працы расейскамоўнага філёзафа на беларускую, у складальнікаў кнігі няма сумневу: такі выбар філёзаф вітаў бы, бо вынікам ягоных навуковых дасьледваньняў як раз і стала выснова аб неабходнасьці для беларусаў вярнуцца да беларускай мовы як галоўнага сродку зносін і мысленьня, інакш ніколі не пазбавіцца ад «каляніальнага мінулага» савецкага і пазьнейшых часоў.
«Працяглы час нашы людзі верылі, што можна быць беларусам, але заставацца расейскамоўным. Гэты праект Фурс паставіў пад пытаньне і сваімі працамі фактычна абверг. Актуальнасьць гэтай кнігі ў тым, што яна пра тое, як дэкалянізаваць мысленьне беларусаў, у тым ліку як дэкалянізаваць філязофію гэтак, каб яна працавала на карысьць Беларусі і яе народа», — мяркуе адзін са складальнікаў кнігі.
Кніга пра беларускую рэвалюцыю і ролю ў ёй «жаночай троіцы»
«Пераклад артыкулаў зьявіўся ў кантэксьце запытаў 2020 году, новай сытуацыі, якая складалася ў беларускім грамадзтве, на карысьць якога працаваў і думаў філёзаф Уладзімер Фурс», — пагадзілася з калегамі навуковы рэцэнзэнт кнігі, доктар філязофіі Тацяна Шчытцова.
На «Прадмове-2024» прафэсар Шчытцова таксама прэзэнтавала ўласную кнігу навуковых дасьледаваньняў над назвай «Салідарнасьць ашаломленых. Эсэ аб Беларускай рэвалюцыі». Ужо з назвы зразумела, што кніга прысьвечаная нядаўнім падзеям, якія зьмянілі гісторыю Беларусі. Аўтар вывучае гэнэзіс, то бок паходжаньне гэтых зьменаў, прычыны і наступствы выбуху гневу у беларусаў пасьля выбараў жніўня 2020 году, магчымы вынік гэтых падзеяў.
Паводле дасьледаваньняў Тацяны Шчытцовай, электаральны пераварот жніўня вызначыўся раней, падчас эпідэміі кавіду, калі ўлада выразна прадэманстравала сапраўднае стаўленьне да людзей. А пасьля відавочнай масавай фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту ў стаўленьні да кіраўніка рэжыму была пастаўлена яшчэ адна тлуская кропка.
«У нас была наіўная вера, што ня могуць ўлады без суду расстрэльваць людзей наўпрост на вуліцы. Але гэтак было, і ў грамадзтва нібыта выбілі глебу з-пад ног. Шмат хто ўпершыню задумаліся, як жыць далей? Той траўматычны досьвед многія беларусы дагэтуль не перажылі», — мяркуе Тацяна Шчытцова.
Таксама дасьледчыца спрачаецца з тымі, хто лічыць, што пратэстоўцы аб’ядналіся вакол новага лідара «ня дзеля яе праграмы», а таму, што «нікога іншага не было». Паводле Тацяны Шчытцовай ў беларускай рэвалюцыі было выразнае памкненьне да зьменаў мірным і законым шляхам, таму галоўным рухувіком пратэстаў сталі менавіта жанчыны. Рух жанчын да пераменаў, на думку Шчытцовай, найлепш увасобіў саюз Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы.
«Жаночая троіца стала этычнай і палітычнай альтэрнатывай лукашэнкаўскаму рэжыму і ўласным прыкладам паказала, што надзея на перамены — у салідарным дзеяньні», — сьцвярджае Тацяна Шчытцова ў сваёй кнізе пра «Беларускую рэвалюцыю».
У кожнай кнігі свая гісторыя
У выдавецтве Gutenberg, якое працуе ў Кракаве, сёлета выйшла кніга гастарычна-кулінарных нарысаў «Самы цымус» — шыкоўны том, складзены з больш як 200 старонак тэкстаў і рэцэптаў беларускай і габрэйскай кухні, аздобленых каляровымі малюнкамі. З аўтарам, Алесем Белым, які цяпер жыве ў Ізраілі, наведнікі «Прадмовы» маглі пагаварыць праз відэасувязь. Праўда, у гэтай сувязі часам задараліся перапынкі. Як патлумачыў аўтар, гэта адбывалася з прычыны вайны ў Ізраілі.
Але праблемы з сувязьзю арганізатары фэстывалю прадбачылі арганізаваўшы паралельна зь лекцыяй кулінарнае шоў. Кухары зь беларускай рэстарацыі «1863» за дэманстрацыйным сталом згатавалі габрэйскую страву цымес — гарнір да мяса з морквы з дадаткам яблыкаў, мёду ды іншых складнікаў. Усё ў адпавенасьці з рэцэптам ад Алеся Белага і пад ягоныя расповяды пра беларускіх габрэяў ды іх уплыў на беларускую нацыянальную кухню.
У кожнай кнігі свая гісторыя, зазначыў прафэсійны гісторык Алесь Белы і расказаў пра тое, як пісаўся «Самы цымус». Гэты шлях для яго пачаўся ў 2007 годзе, з нарысаў для «Нашай нівы» пад рубрыкай «Наша страва». Аўтару, у якога славянскія і габрэйскія карані, была відавочнай сувязь паміж беларускай і габрэйскай кухнямі, але толькі праз 10 год прыйшла ідэя напісаць пра гэта кнігу. Пачалася падрыхтоўчая праца, але ў 2022 годзе давялося зьехаць зь Беларусі ў Ізраіль.
«Там спачатку шмат часу і сілаў пайшло на інтэграцыю ў новае грамадзтва», — прызнаўся аўтар і ў дадатак агаломшыў слухачоў адкрыцьцём: сучасная кухня Ізраіля значна зьмянілася, цяпер у ёй дамінуе ўсходняя традыцыя. І ўсё ж творчыя намаганьні далі плён і праз год працы кніга была напісаная. «Гэтая кніга ня толькі пра стравы, а яшчэ і пра людзей, нават найперш пра людзей», — настойваў Алесь Белы ў сваёй размове з наведнікамі фэстывалю «Прадмова». У шмат каго зь іх у руках ужо была кніга «Самы смак», адметная рознакаляровай вокладкай. Ілюстрацыі да кнігі зрабіў мастак Юры Таўбкін. «Зьвярніце ўвагу на іх чалавечнасьць», — адзначыў аўтар працу мастака.
Больш за 55 перакладзеных кніг на больш як 20 мовах
2024 год — адметны для беларускіх перакладчыкаў знакавай падзяй: сёлета зьявіўся першы пераклад на беларускую мову славутай «Іліяды» Гамера. Пераклаў міталагічна-гераічны эпас вядомы беларускі перакладчык і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі. Першае выданьне «Іліяды», якое выйшла ў Беларусі, двойчы дадрукоўвалася і новыя наклады гэтаксама вельмі хутка былі раскупленыя. Другое, дапоўненае выданьне «Іляды» выйшло нядаўна ў выдавецтве «Полацкія лябірынты» і было прэзэнтаванае на «Прадмове-2024» ў Вільні.
Расповед Лявона Баршчэўскага пра працу над «Іліядай» пачаўся з экскурсу ў трагічную гісторыю мінулага стагодзьдзя. Лявон Баршчэўскі падзяліўся вэрсіяй, паводле якой першы пераклад «Іліяды» зрабіў аўтар перашай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч, калі сядзеў у польскай вязьніцы, але ягоны пераклад да суайчыньнікаў не дайшоў. Аднак ёсьць меркаваньне, што пераклад Тарашкевіча дагэтуль захоўваецца ў архівах савецкіх спэцслужбаў. У 1990-ыя гады Баршчэўскі спадзяваўся, што архівы КДБ будуць адкрытыя і сьляды перакладу Браніслава Тарашкевіча знойдуцца, але гэтага не адбылося. Потым яшчэ доўгі час Лявон Баршчэўскі не асмельваўся брацца за такую складаную працу.
«Але нарэшце сасьпеў. Сёньня сеціва — велізарная падтрымка для перакладчыка. Мне таксама дапамагалі парадамі і сваімі ведамі Зьміцер Колас і Ўладзімер Арлоў», — падзякаваў калегам-літаратарам Лявон Баршчэўскі. Пераклад «Іліяды» Лявон Баршчэўскі зрабіў за 127 дзён — рэкордны для такой кнігі тэрмін. Вядома, што першы расейскі перакладчык «Іліяды» Мікалай Гнедзіч працаваў над кнігай 27 гадоў.
Удзельнікі прэзэнтацыі пачулі яшчэ адну цікавую лічбу: усяго Лявон Баршчэўскі пераклаў больш за 55 кніг на больш як 20 мовах. «Цяжка падлічыць», — прызнаўся Лявон Баршчэўскі, калі яго спыталі пра дакладную лічбу. Збольшага літаратар задаволены тым, як разьвіваецца беларуская культура.
«Мы пераконваемся, што гэтыя апошнія гады ня былі страчаныя для нашай культуры, для прозы, паэзіі, мастацтва. Заўважце — у нас адноўленыя конкурсы, уручаюць прэміі. Пераклад „Іліяды“ — адно з самых яскравых сьведчаньняў, што гэта не гады стратаў, а гады здабыткаў», — прагучала меркаваньне аб сытуацыі ў беларускай культуры.
Перавыданьне «Іліяды» адбылося з дапамогай Беларускага ПЭН-цэнтру, кіраўніца якога, Тацяна Нядбай, нагадала, што аўтар перакладу Лявон Баршчэўскі паходзіць з Полацку і выказала спадзеў, што шлях кнігі калісьці зноў прывядзе яе ў Беларусь. «Невыпадкова месца працы над «Іліядай» пазначнае радком «Полацк-Варшава-Полацк», — зазначыла Тацяна Нядбай. На думку кіраўніцы ПЭН-цэнтра, беларуская культура працягвае жыць і разьвівацца і ў Беларусі, але «у ціхім, прыхаваным выглядзе».
6 кастрычніка «Прадмова-2024» працягне сваю працу ў будынку тэатра «Vilniaus klasika» па адрасе Vytenio g.6. У праграме фэстываля сустрэча з творцамі дзіцячай літаратуры Вольгай Кузьміч і Андрэем Скурко, прэзэнтауцыя кніг Уладзімера Арлова «Patria aeterna» i «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi» на беларускай літініцы, дыскусія беларускіх і літоўскіх літаратараў, размова пра творчасць у часы выпрабаваньняў, прэзентацыя кнігі «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020», лекцыя Аліны Нагорнай пра дыскрымінацыю беларускай мовы і беларускамоўная сустрэча з пісьменьнікам Сашам Філіпенкам. Завершыць фэстываль музычны вечар з Дзьмітрыем Лук’янчыкам і Ignas iš Ignalinos.