Візіт у Нарвегію, новы спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі, платформа «Гэта моладзь»

Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 7-13 кастрычніка.

Візіт у Нарвегію

Святлана Ціханоўская наведала Нарвегію з рабочым візітам, дзе выступіла на семінары па палітычных зняволеных у Осла. Ідэя правядзення семінару з’явілася падчас сустрэчы са спікерам Нарвежскага парламента Масудам Гарахані ў красавіку. Ціханоўская падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі і заклікала змагацца за вызваленне ўсіх палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага. Акрамя таго яна адзначыла, што мужнасць і салідарнасць – гэта ключавыя сілы, якія дапамагаюць зняволеным захоўваць надзею і чакаць вызвалення.

На сустрэчы з міністрам замежных справаў Нарвегіі Эспенам Бартам Эйдэ лідарка абмеркавала пытанні падтрымкі палітвязняў і працу Міжнароднага гуманітарнага фонду. Яна заклікала Нарвегію падтрымаць пазоў Літвы супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе, а таксама падкрэсліла неабходнасць дапамогі ў легалізацыі беларусаў у Нарвегіі і актывізацыі санкцыяў супраць рэжыму.

Ціханоўская таксама выступіла ў парламенце Нарвегіі, дзе заклікала да актыўных дзеянняў на міжнародным узроўні для падтрымкі дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Яна прапанавала канкрэтныя крокі, такія як дэлегітымізацыя псеўдавыбараў 2025 года і дапамога беларусам у выгнанні. Ціханоўская падзякавала Нарвегіі за падтрымку.

Новы спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі

У Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс. Раней пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі займала Анаіс Марын. 

Спецыяльны дакладчык ААН – пасада, якая займае важнае месца ў барацьбе за правы чалавека ў Беларусі. Гэты эксперт праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў нашай краіне, рэгулярна рыхтуе рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі.

Міжнародны дзень супрац смяротнага пакарання

10 кастрычніка ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая дагэтуль захоўвае смяротнае пакаранне. 

Святлана Ціханоўская заявіла: смяротнае пакаранне ў Беларусі з’яўляецца перажыткам мінулага, які адмаўляе годнасць чалавека. Яна падкрэсліла, што дзяржава не павінна мець права пазбаўляць чалавека жыцця, і заклікала да адмены гэтага пакарання ў краіне: «Калі дзяржава вырашае, хто варты жыцця, а хто не, яна быццам бы сцвярджае: дастаткова толькі нашай волі – і мы пазбавім вас не толькі маёмасці і свабоды, але і самага каштоўнага, што ў вас есць».

Справа супраць Лукашэнкі ў МКС

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў у інтэрв’ю «БЕЛСАТ NEWS» распавёў пра перспектывы справы супраць Лукашэнкі ў МКС. 

Нагадаем: Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што Міжнародны крымінальны суд (МКС) атрымаў запыт ад Літвы для пачатку расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі пасля выбараў-2020 у дачыненні да беларусаў. 

Бяспека: фішынгавыя атакі

Апошнім часам значна павялічыліся фішынгавыя атакі на карыстальнікаў Microsoft і Google. Каманда Офіса падрыхтавала парады, на што звярнуць увагу, каб абараніць дадзеныя.

Сустрэча з SCIENCE AT RISK

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова сустрэлася з прадстаўнікамі SCIENCE AT RISK Emergency Office у Берліне, каб абмеркаваць пытанні дапамогі беларускім навукоўцам і студэнтам. SCIENCE AT RISK Emergency Office – праект некамерцыйнай арганізацыі akno e. V., накіраваны на падтрымку навукоўцаў і студэнтаў, якія пацярпелі ад вайны ва Украіне, а таксама палітычных рэпрэсій у Беларусі і Расіі.

Сустрэча з Артурам Міхальскім

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з Артурам Міхальскім, былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі і спецыяльным пасланнікам па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Падчас сустрэчы лідарка падзякавала Міхальскаму за шматгадовую працу на карысць беларуска-польскіх адносінаў і ўмацаванне падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. 

У знак удзячнасці Ціханоўская ўзнагародзіла амбасадара медалём Аб’яднанага Пераходнага Кабінета за плённую працу.

Платформа «Гэта моладзь»

Дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава стварыла платформу «Гэта моладзь». Асноўнай мэтай платформы з’яўляецца падтрымка беларускай моладзі дзе б яна ні знаходзілася – унутры краіны або ў выгнанні. Платформа працуе дзеля таго, каб праблемы, ідэі і думкі моладзі былі пачутыя і падтрыманыя на самым высокім узроўні.

Пра статус прэзідэнткі

Дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі агучыў дзве галоўныя прычыны, якія дазваляюць яму называць Святлану Ціханоўскую прэзідэнткай. Падрабязней у відэа.

Франак Вячорка пра падзенне рэжыму

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка даў інтэрв’ю чэшскаму выданню Forum24. Ён падкрэсліў, што пасля падзення рэжыму Лукашэнкі магчымыя два сцэнары: альбо расіяне паставяць свайго чалавека, альбо да ўлады прыйдуць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Франак Вячорка адзначыў важнасць мірнага пераходу ўлады і неабходнасць прадухілення грамадзянскай вайны, каб беларусы не ваявалі паміж сабой.

Медыя

Kyiv Independent (Міжнароднае), Радыё Рацыя (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), VG (Нарвегія), Tok.fm (Польшча).

tsikhanouskaya.org