Гісторыя Парафіі Сьв.Кірылы Тураўскага ў Брукліне, так як і гісторыя ўсяе БАПЦ, гэта гісторыя аднаўленьня беларускай праваслаўнай царквы якая была зьнішчаная Маскваю пры захопе Беларусі/ВКЛ ў канцы 18-га стагодздзя. У наступным стагодзьді былі паўстаньні і спробы аднавіць беларускую дзяджаўнасьць і царкву, але ўсе яны былі здушаныя Маскваю.
Абмяжуемся тут падзеямі пачынаючы з 1920-га году, калі праклямацыі незалежнасьці/аўтакефаліі беларускае царквы былі агалошаныя Мітрапалітам Мэльхісэдэкам у пачатку, а япіскапам Філарэтам у канцы гога ж 1920-га году. Зноў Масква здушыла і гэтыя спробы вырвацца з пад насаджанай маскоўскай няволі. Змаганьне прадаўжалася.
Завяршальным этапам у фармаваньні і канкрэтызаваньні ідэі й мэты гэтага змаганьня было абвешчаньне аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы (БАПЦ) на Саборы ў Менску ў 1942-м годзе. Такім чынам, Беларусь зноў аднавіла сваю царкву. Перад канцом вайны, увесь япіскапат БАПЦ выяхаў з Беларусі ў Эўропу, так што Масква яго не захапіла і парафіі БАПЦ пачалі адчыняцца ва уцякацкіх лягерох дзе жылі беларусы якія пакінулі Беларусь перад захопам яе бальшавікамі. Але, у 1946 гдзе, увесь япіскапат адноўленае БАПЦ перайшоў да расейскае царквы, здрадзіў сваю царкву і спатрэбілася аднавіць яго, што і было зроблена з дапамогай Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў 1948-49-х гадох.
Сувязь Парафі Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне з гэтымі гістарычнымі падзеямі бачная і з тога, што ейным заснавальнікам быў Слуцкі змагар і ўдзельнік Менскага Сабору ў 1942‑м годзе — мітр. прат. а. Хведар Данілюк, а парафіянамі найбольш сталі былыя вернікі парафіяў БАПЦ ува ўцякацкіх лягерох амэрыканскае й францускае зонаў Нямеччыны.
Памяткай нашай лучнасьці з тымі, хто ў пасьля ваенных умовах лягернага жыцьця так рашуча і ахвярна працавалі і гэтым захавалі БАПЦ для нас, знаходзяцца абразы Збаўца й Божае Маці, якія ўжо 65 год займаюць галоўныя мейсцы ў іканастасе нашае бруклінскае сьвятыні. Яны маляваныя мастаком Зьмітрам Чайкоўскім для лягернае царквы ў Розэнгайме на зрэбным палатне, з нястачы фарбы ў той час, бяз грунтоўкі.
Парафія Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне старэйшая за Сабор БАПЦ на сем гадоў. Парафія была заснаваная ў 1950 годзе і амаль адразу прыхажане, усе новыя іміграты з пустымі кішэнямі, прыступілі да непростай працы здабыцьця собскага будынку для царквы і для патрэбаў узрастаючых грамадзкіх арганізацыяў.
Можна запытацца, а ці старэйшая беларуская іміграцыя ў Амэрыцы памагала той іншай пасьля ваеннай іміграцыі якая апынулася ў Амэрыцы як уцекачы ад савецкага камунімзму? Ці яны памагалі будаваць нашу царкву і арганізацыі? Адказ просты — не, зусім не і ніўчым.
Перадваенная іміграцыя была ня толькі зрусыфікаваная, але й фанатычна збальшавізаваная і варожая да новапрыбытых беларусаў. Сталася гэта праз верную служку маскоўскага імпэрыялізму — Расейскую Праваслаўную Царкву ў Амэрыцы. Такія людзі, усе беларусы, аднойчы запрасілі майго бацьку Міколу Гарошка да іхняга клюбу. Там вісеў партрэт Сталіна. Мой бацька той партрэт сарваў і больш туды не вярнуўся.
Гэтага, пэўна, не было-б, каб беларусы адразу пасьля 1-е сусьветнае вайны, як зрабілі ўкраінцы, заснавалі сваю аўтакефальную Праваслаўную Царкву ў Амэрыцы і ахапілі ёю усю сваю іміграцыю.
3 гэтае гісторыі вынікае навука пра неабходнасьць існаваньня патрыятычна настроенае й незалежнае Беларускае Праваслаўнае Царквы для выжыцьця нацыі і для трываласьці дзяржавы.
Вяртаючыся да гісторыі парафіі, трэба ўспомніць, што першую Божую Службу ў Брукліне адправіў а. Хведар Данілюк у верасьні 1950-га году, дакладная дата не захавалася. У канцы лютага 1951-га году, адправы ўжо адбываліся рэгулярна кожнае нядзелі ў Беларускай Хатцы на 461 Аshford Street у Брукліне.
Беларускай Хаткай называлася нанятая крама 5×6 мэтраў вялічыні, збоку якое была кухня й пакойчык, які займаў кампазытар праф. Мікола Куліковіч, хто кіраваў царкоўным і сьвецкім хорам.
У краме йшлі ня толькі адправы, да якіх трэба было разстаўляць і ўзноў складаць уладжаньне, але й адбываліся сходы й нарады ўсіх, ўжо заснованых арганізацыяў, і нават і таварыскія пачастункі.
Матэрыяльнымі справамі новастворанае парафіі займаўся камітэт, старшынём якога быў праф. Мікола Дарашэвіч, скарбнікам др. Аляксандар Орса, а сябрамі, Міхась Тулейка й Янка Ніхаёнак.
Улетку 1951-га году прыехаў у ЗША і пасяліўся ў Брукліне япіскап Васіль Тамашчык і з прэстыжных і практычных прычынаў давялося шукаць больш адпаведнае за краму мейсца на архірэйскія адправы, а разам і на грамадзкія патрэбы.
3 гэтай мэтай быў створаны камітэт куплі рэлігійа-грамадзкага будынку на чале з праф. М. Дарашэвічам і Данілам Клінцэвічам — скарбнікам.
Збор грошай, аднак, ішоў марудна, а пошук аб’екту яшчэ памалей. Тады япіскап Васіль выпадкова сустрэўшыся з сьвятаром карпатарускае парафіі з юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату і дамовіўся служыць разам з ім у ягонай царкве на Іст 4-й вуліцы ў Мангатане.
Гэткім чынам з канца 1951-га, ці пачатку 1952-га году адправы нашай парафіі, ачоленыя ўладыкам Васілём, пачаліся ў Сьвята-Траецкай карпатарускай царкве, а таму, што ў ёй ўжо засталося вельмі мала вернікаў — старых украінскіх эмігрантаў, туды перанёсься й цэнтр беларускага грамадзкага жыцьця ў Нью Ёрку, а Беларуская Хатка была зачыненая.
Цяпер пару слоў пра парафіяльны хор. Праф. М.Куліковіч ўлетку 1951-га году адыйшоў ад кіраваньня хорам і гэтую справу пераняла Галіна Ганчарэнка, якая выявіла сябе таленавітым рэгентам нятолькі царкоўнага, але й сьвецкага хору, які з посьпехам выступаў на беларускіх і на міжнацыянальных імпрэзах.
Пасьля ейнага выязду на працу ў «Радыё Вызваленьне» ў Эўропу, кіраўніцтва хору абняў на доўгі час Андрэй Каптуровіч, хоць з перапынкамі.
У гэтых перапынках заступаў яго Міхась Тулейка, хто ўрэшце пераняў кіраваньне хорам настала й выдатна выконваў гэты абавязак праз шмат год.
Пасьля выязду Тулейка, хорам кіраваў Барыс Данілюк і часам Ларыса Курылла.
11-га красавіка 1952-га году парафія была інкарпараваная (зарэгістраваная). Але, з нястачы асобнага закону для беларускіх цэркваў, была інкарпараваная паводле артыкулу VIII-га правоў аб рэлігійных карпарацыях штату Нью Ёрк, што датычыць Украінскае Праваслаўнае Царквы. Гэта ня значыць, што яна стала часткай Украінскае Праваслаўнае Царквы, але прынятыя штатам рэгуляміны для Ўкраінскае Царквы, датычылі й нас.
У 1954-м годзе былі першыя рэгулярныя выбары Парафіяльнае Рады й яе ачоліў інж. Мікола Гарошка. Стараньнямі гэтае Парафіяльнае Рады было пачатае выдаваньне «Голасу Царквы», быў надрукаваны першы насьценны каляндар і было зарганізаванае кожнагадовае абыходжаньне дамоў парафіянаў з вадохрышчанскай вадою.
Усталяваньне амаль нармальнага парафіяльнага жыцьця ў падсуседзстве ў карпатарускай царкве мела і адмоўны бок, збор грошай на свой будынак і ягоныя пошукі амаль спыніліся. І калі летам 1956-га году кіраўнік і фактычны ўласьнік царквы на Іст 4‑й вуліцы, сьвятар Іван Фядына, памёр, ягоная сям’я спытала за будынак цану, на якую нашая парафія не магла здабыцца.
Ў выніку мы засталіся без памешканьня на адправы й толькі крыху пазьней знайшлі і пачалі нядзелямі наймаць залю ў пратэстанцкай Labor Теmplе на Іст 14-й вуліцы ў Мангатане.
Усё-ж, у гэтай крызыснай сытуацыі нашая грамада ўрэшт схамянулася й пасьля рэарганізацыі камітэту куплі рэлігійна-грамадзкага будынку збор грошай і пошукі аб’екту ўзмоцніліся.
Па нейкім часе, дзякуючы знаёмству Кастуся Мерляка з Кангрэсмэнам Дорнам гэтыя пошукі скончыліся пасьпяхова й у 1957-м годзе быў куплены будынак прэзьбітэрыянскае царквы пры 401 Аt1аntіс Avenue ў Брукліне, дзе й цяпер месьціцца наш Сабор. [Пад знаёмствам з кангрэсмэнам Дорнам трэба разумець, што Мярляк даў кангрэсмэну грошы на перавыбары, зусім нармальная рэч. Сума была не малая, казалі $5,000, але затое кангрэсмэн сапраўды памог. Грошы былі добра выданыя.]
Гэты будынак быў у страшным стане, але каштаваў толькі $25,000. Заплаціўшы $11,000 і выдаўшы яшчэ некалькі тысячаў на новую страху, агравальную сыстэму й электрычную інсталяцыю, давялося сплачваць пазыку яшчэ 15 ці 20 год. Сьпіс ахвярадаўцаў на куплю будынку вісіць унізу на дошцы каля сходаў да царквы.
Ня маючы больш грошай, каб заплаціць за ўпарадкаваньне будынку, беларуская грамада ўзялася рабіць рамонты сваімі рукамі й дзякуючы ўспалу ахвярнасьці і дабраахвотнасьці, працягам некалькіх месяцаў давяла яго да годнага стану.
Працай кіраваў камітэт, старшыня якога, Янка Ніхаёнак, прысьвяціў шмат часу й собскіх выдаткаў на рамонт будынку. Ён выдатна выканаў ягоны абавязак, за што яму належыцца вялікая ўдзячнасьць. На гэткую удзячнасьць таксама заслугоўвае й нямала іншых парафіянаў і беларусаў зь Нью Ёрку і ваколіцаў, фактычна бальшыня тагачаснай беларускай грамады.
Іхняя ахвярная й натужная праца дала добры вынік і 3-га лістапада 1957-га году стала магчымым першы раз адправіць у будынку Сьв. Літургію. Гэты дзень азначае пачатак існаваньня Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага.
Уладжаньне будынку працягвалася. Напрыклад іканастас, паводле праекту Барыса Данілюка, выкананы рукамі Івана Чыгіровіча, а найбольш Пётры Мельяновіча, быў скончаны ажно на Вялікдзень 1959-га году.
Ня гледзячы на ход рамонтаў, здабыўшы даволі прасторнае памешканьне, парафіяльнае й грамадзкае жыцьцё, узварухнулася і неўзабаве стала вельмі актыўным.
Пад наглядам уладыкі Васіля, царкоўным жыцьцём займалася Парафіяльная Рада пад старшынствам Міхася Тулейка, а пазьней Івана Казьлякоўскага.
У 1960-м годзе ў саборы адбыўся ўстаноўчы зьезд Амэрыканскае Япархіі БАПЦ, а ў 1961-м Асамблея Штату Нью Ёрк прыняла Артыкул ХVIII‑ты закону аб рэлігійных карпарацыях, які ўрэгуляваў праўнае становішча нашае Царквы ў ЗША і паводле якога Япархія зараз-жа была інкарпараваная.
У 1964-м годзе паводле гэтага закону была рэінкарпараваная й парафія Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага.
Грамадзкім жыцьцём кіравала Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Згуртаваньне Беларускае Моладзі, жаночая й вэтэранская арганізацыі.
Урадаваньне гэтых арганізацыяў і ўсе амаль ладжаныя імі нарады, зьезды й урачыстасьці адбываліся ў залі і канцылярыі рэлігійна-грамадзкага цэнтру, як у той час наш царкоўны будынак называўся і яшчэ так называецца сёньня.
Працавала сыботняя школа для дзяцей.
Пры ўсім гэтым уздыме й росквіце працы была занядбаная вельмі важная справа, гэта набыцьцёя пры царкве жыльлёвага дому што можна было тады купіць за $5,000. За гэтую цану прадаваўся суседні дом, але грошай ня было. Выканчэньне падвалу потым часткова направіла гэтую памылку.
Такія былі пачаткі нашай парафіі. Азіраючыся ў мінулае можна сказаць, што канец 50‑х – пачатак 60‑х гадоў быў часам уздыму, актыўнасьці й асягненьняў беларускае эмігранцкае калёніі тога часу ў Нью Ёрку, улучна з нашай парафіяй.
На канец, трэба зазначыць, што Парафія Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне — гэта неадлучная частка гісторыі Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Яна, так як і ўся БАПЦ, мае асаблівую місію, сьвятую місію, высока трымаць факел з полымям веры нашых продкаў атрыманым на Саборы ў Менску і вярнуць яго назад у свабодную Беларусь.
bielarus.info на падставе крыніцаў, Расьціслаў Гарошка.