Два гады вырваных з жыцця. Такі тэрмін адседзеў былы палітзняволены і сябра партыі “Народная грамада” Аляксей Кірэеў. Асуджаны ён быў па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса — “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Тэрмін ён свой адседзеў у магілёўскай калоніі №15., дзе ў выніку страціў зрок.
Як распавядае Аляксей Кірэеў, перад сваім судом ён заклікаў нікога не прыходзіць на працэс у мэтах бяспекі, але там ён убачыў адну смелую жанчыну.
Аляксей Кірэеў: Я сказаў, каб ніхто не прыходзіў да мяне на суд, у Савецкім судзе судзілі, у гэтым новым. Думаю, што ніхто не прыйдзе. Прыходжу на суд, сядзіць знаёмая жанчына, Марына Адамовіч жонка Статкевіча прыйшла, адна сядзела ў мяне на судзе. 2 гады калоніі, не абскарджваецца, нічога. Павезлі на этап, уся дарога ў кайданках.
РР: Колькі ехалі?
Аляксей Кірэеў: Гадзіне а 10-й вечара выехалі і а 6-й гадзіне раніцы былі ў Магілёве. З усіх зонаў па дарозе дабіралі. Прывезлі, пераапранулі: штаны, боты, шапка, кашулька.
РР: Але ж спачатку нейкая прафілактыка здаецца павінна быць.
Аляксей Кірэеў: Мяне прывезлі, пераапранулі і ўсё, да начальніка турмы знаёміцца. Прыходжу я да начальніка турмы, ён гартае прыгавор. Кажа: “Ты з нейкім сцягам. Што за сцяг “Народнай Грамады”?”. Кажу: “Партыя Міколы Статкевіча”. Кажа: “Так? У мяне з ім даўняе знаёмства. З 2010 года. Як ты думаеш, чаму?”. Я кажу: “Ён вайсковец і вы вайсковец. Можа па службе”. Кажа: “Не. У 2010 годзе ён са сваёй звар’яцелай бабай столькі скаргаў на мяне накатаў, што мне цяжка было”. Кажа: “Няма чаго табе ў гэты каранцін ісці, ідзі на ШІЗА адразу. Адразу з цягніка на ШІЗА.
РР: Лепш было б пайсці на каранцін?
Аляксей Кірэеў: На карацін не. Лепш на ШІЗА. Я толькі потым гэта зразумеў, што лепш на ШІЗА. Каранцін – гэта 2-3 тыдні, калі цябе прывозяць з Валадаркі. Там табе паказваюць, якія правілы. Калі ты палітычны, то там накшталт лекцыі. Ты падняўся, прыбраўся, паеў і хтосьці з зэкаў будзе чытаць табе правілы ўнутранага распарадку некалькі гадзін. Проста стаіш на вуліцы і табе чытаюць правілы ўнутранага распарадку. Вучаць, як вітацца, як рабіць даклады. Стаіш да абеду. Паеў, пасля зноў стаіш, табе чытаюць унутраны распарадак. На ШІЗА ты прысеў, лёг, паесці прынеслі, паеў. Тым больш калі ты ішоў у каранціне ў ШІЗА, то ты павінен адзін сядзець, да цябе другога чалавека не пасадзяць. Ты павінен адбыць каранцін адзін. Я, як не быў гэтым каранціне, трапіў на зону, не ведаў, як даклады рабіць, куды ісці.
РР: Распавядзіце, як вас успрынялі сукамернікі?
Аляксей Кірэеў: Адсядзеў я 15 сутак на ШІЗА, калі з Валадаркі прыехаў, мяне адправілі на каранцін. Тры дні я быў на каранціне, пасля пайшоў у лазню. З лазні мяне голага выцягнулі кантралёры. Прыводзяць зноў да гэтага начальніка. Сядзіць аператыўнік і зачытвае, сказаў, што калі адбудзе тэрмін, што паедзе ў Літву да Ціханоўскай і распавядзе, як тут дрэнна сядзелася. Нейкі паклёп або самі напісалі, каб пасадзіць. Зноў 10 сутак адсядзеў. На каранціне 3 дні пабыў толькі. Прыйшоў, у атрадзе мяне добра прымалі. Паказалі месца, дзе спаць. Мне вызначылі 5 сектар, 10 атрад. У мяне паперчына была, што я наладчык агрэгатных станкоў аўтаматычных ліній 5-га разраду. У іх там якраз нейкія станкі прывезлі новыя, каб рабіць цвікі. Трэба было запускаць. Хаця палітычных на такія працы не дапускаюць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: