Польскія навучальныя ўстановы не хочуць ісці насустрач беларускім студэнтам і патрабуюць настрыфікацыі школьных атэстатаў і вынікаў ЦТ, не старэйшых за 2 гады.
У жніўні «Белсат» ужо пісаў аб праблемах, з якімі сутыкнуліся беларусы, што паступілі ў польскія ВНУ. Пасля паспяховага праходжання ўступных іспытаў і залічэння большасць студэнтаў не змагла прайсці настрыфікацыю – пацвердзіць свой школьны атэстат. Высвятляецца, што ў разгар навучальнага года праблема не ссунулася з мёртвага пункту і студэнтам-беларусам неўзабаве пагражае адлічэнне.
Многія студэнты, якія здалі экзамены і залічаныя ў польскія ВНУ, да гэтага часу не могуць выехаць з Беларусі. Пры залічэнні ўніверсітэты далі адтэрмінаванне для падачы настрыфікацыі – пацверджання беларускіх школьных атэстатаў. Абітурыенты спланавалі зрабіць гэта па прыездзе на вучобу, але ў канцы жніўня стала вядома: для атрымання студэнцкай візы патрэбная гатовая настрыфікацыя, якую можна зрабіць толькі на тэрыторыі Польшчы. Напрыклад, паводле звестак на 31 жніўня, замежнікі (не толькі беларусы) падалі 13,2 тысячы заяваў на атрыманне польскай студэнцкай візы, і амаль 5 тысяч з іх атрымалі адмову, пісала «Rzeczpospolita».
Зрэшты, беларусам, якія ў Польшчы, не лягчэй: яны таксама не могуць прайсці настрыфікацыі, бо ўніверсітэты для пацверджання атэстату сталі патрабаваць беларускія вынікі ЦТ, не старэйшыя за два гады. Прычым настрыфікацыю сталі патрабаваць нават у тых, хто ўжо не першы год вучыцца ў ВНУ.
«Сын здаў паспяхова іспыты, паступіў у 2023 годзе ў варшаўскую ВНУ і адвучыўся год, а на другім курсе ў яго запатрабавалі настрыфікацыю. Выглядае поўным абсурдам з улікам таго, што ён ужо адвучыўся год, а пагадненне Беларусь разарвала ўжо пасля ягонага паступлення. Наколькі я ведаю, гэта просяць зрабіць усіх замежных студэнтаў першага курсу да канца першага семестру», – пішуць разгубленыя бацькі.
Мяркуючы з водгукаў у тэматычным чаце, дакладнай сістэмы пакуль няма і шмат залежыць ад чалавечага фактару. Напрыклад, варшаўскія ВНУ масава адмаўляюць беларусам у настрыфікацыі без вынікаў ЦТ, а ВНУ ў іншых гарадах сертыфікатаў ЦТ могуць і не запатрабаваць. У некаторых нават пры паступленні ў паліцэяльную школу запатрабавалі настрыфікацыю, у той час як большасці яна не спатрэбілася.
Тое ж самае са студэнцкімі візамі: тым адмаўляюць у візе без гатовай настрыфікацыі, а гэтым яе выдаюць, калі прыкласці заяву з кураторыуму наконт падачы дакументаў на настрыфікацыю. Ёсць нават рэдкія шчасліўчыкі, якія атрымалі візу без настрыфікацыі і нават без заявы пра падачу дакументаў на яе.
Але гэта хутчэй выключэнні з правілаў: з пачаткам навучальнага года большасці беларускіх студэнтаў, нават тым, хто аплаціў навучанне, свеціць хуткае адлічэнне.
«Сэрца крывёю абліваецца, калі гляджу на стан маёй дачкі»
Марына (імя змененае) з дачкой пачалі рыхтавацца да паступлення ў польскую ВНУ чатыры гады таму – увесь дзявяты, дзясяты і адзінаццаты клас дачка вучыла польскую мову з рэпетытарам і рыхтавалася да ЦТ, каб здаць уступныя выпрабаванні на максімальна высокі бал і прайсці конкурс на бясплатнае навучанне як найлепшы замежны студэнт.
«У выніку дачка выдатна здае іспыты і пацвярджае веды польскай, таму праходзіць паводле набраных балаў ва ўсе ўніверсітэты, у якія падавалася. Выйграе конкурс на бясплатнае навучанне ва ўніверсітэце, атрымлівае пацверджанне месца ў інтэрнаце. Здавалася б, можна выдыхнуць, але гэта быў толькі пачатак», – распавядае маці абітурыенткі.
Са словаў Марыны, наступныя два тыдні прайшлі ў спробах злавіць дату для падачы візы ў ВЦ Польшчы. Самастойна зрабіць гэта яны не змаглі і аплацілі агента, які праз робатаў шукаў акенца. Але ўсё дарэмна – як толькі з’яўляліся даты, сайт завісаў. Дапамагла запісацца на візу ў выніку маці такога ж абітурыента.
«У канцы жніўня з’явілася інфармацыя, што консульства хоча бачыць настрыфікацыю атэстату для выдачы візы, але тым не менш, многія атрымлівалі станоўчыя адказы і без яе. Нам жа выдалі адмову ў візе. Далей была разгубленасць, крыўда і неразуменне, што рабіць. На сайце нашага кураторыуму ў спісе неабходных дакументаў указанае пацверджанне легальнага перабывання на тэрыторыі Польшчы – віза, якой не даюць. Дачка напісала лісты ў Міністэрства адукацыі, МЗС і Адміністрацыю прэзідэнта Польшчы. Усюды адзін адказ: мы візавымі пытаннямі не займаемся, звяртайцеся да кагосьці іншага.
Сям’я падаецца на візу паўторна, а пасля гэтага прыходзіць новы адказ з кураторыуму: можна падаць школьны атэстат на настрыфікацыю паводле даверанасці, без візы. У выніку паспелі зрабіць даверанасць і падаць дакументы ў кураторыум у канцы верасня, але яе робяць больш за месяц.
«У гэты час дачка ўжо зліставалася з усімі выкладчыкамі і папярэдзіла, што прыедзе крыху пазней, чытала літаратуру і наведвала онлайн-лекцыі. Але, здаецца, усё дарма: спачатку мы атрымліваем другую адмову ў візе, а затым адмову ў апеляцыі з каментаром працаўніка консульства: «Будзе настрыфікацыя – прыходзьце». Пры гэтым у канцы кастрычніка, калі ўжо пачаўся навучальны год, праз тэлефон у консульстве Польшчы мне адказалі, што распрацоўваюць кейс выдачы візаў на тое, каб забраць настрыфікацыю з кураторыуму. Але гэта тычыцца толькі кракаўскага кураторыуму і толькі для таго, каб забраць настрыфікацыю. Усім астатнім, каб забраць настрыфікацыю, трэба з’явіцца па яе асабіста, а для гэтага патрэбная віза, якую выдаюць толькі з гатовай настрыфікацыяй на руках. Так што выходзіць замкнёнае кола».
Настрыфікацыю ім мусяць зрабіць да канца кастрычніка, потым у выпадку станоўчага адказу трэба паспець зрабіць візу і прыехаць на заняткі, бо навучанне ва ўніверсітэце праходзіць офлайн. Але на практыцы, з улікам тэрміну атрымання візаў, імавернасць паспець зводзіцца амаль да нуля.
«Нам далі адтэрмінаванне да 31 кастрычніка, пасля чаго ідзе адлічэнне адной з найлепшых замежных студэнтак за ненаведванне. У мяне сэрца крывёю абліваецца, калі гляджу на стан маёй дачкі, як разбураюцца ейныя мары, праца і вера ў справядлівасць! Я не ведаю, як растлумачыць ёй, чаму ад неправамерных дзеянняў іншых дарослых мусяць цярпець непаўналетнія дзеці!»
«Выйшла з кураторыуму ў слязах, настолькі ўсё гэта крыўдна»
Ганна трапіла ў яшчэ больш дзіўную сітуацыю: яна ўжо вучылася ў беларускай ВНУ, але адлічылася ў 2022 годзе, пасля трэцяга курсу, праз вымушаны пераезд у Польшчу. Але і ў яе просяць ЦТ, не даўнейшае за два гады, каб пацвердзіць школьны атэстат.
У жніўні 2023 года дзяўчына паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт: здала ўнутраныя іспыты і англійскую мову, пасля чаго атрымала дамову з універсітэтам, дзе было абавязанне пацвердзіць атэстат да 1 снежня.
«На той момант пра настрыфікацыю ўсе знаёмыя казалі прыкладна так: «ніякіх праблемаў не будзе, гэта ўсё вельмі хутка робіцца». У першыя дні жніўня я запісалася ў варшаўскі кураторыум, каб атрымаць настрыфікацыю, мне далі дату, 2 кастрычніка. Пасля гэтага сталі з’яўляцца навіны, што ў тых, хто паступіў для настрыфікацыі, патрабуюць пройдзеныя ў Беларусі ЦТ, не старэйшыя за два гады. Я ж іх здавала ў 2019 годзе, калі паступала ў Беларусь».
Свае старыя сертыфікаты ЦТ дзяўчына змагла атрымаць толькі паводле генеральнай даверанасці праз маці і толькі пасля скаргі ў Міністэрства адукацыі, бо выдаваць іх не хацелі. Разам са школьным атэстатам, сертыфікатамі ЦТ і даведкай з няскончанага ўніверсітэту дзяўчына пайшла ў варшаўскі кураторыум.
«Шчыра кажучы, я баялася адмовы, бо ў мяне была толькі пячатка ў пашпарце наконт падачы на дазвол на жыхарства, пастановы я чакаю ўжо год. Але жанчына на рэсэпшане, убачыўшы мой атэстат і ЦТ за 2019 год, адразу сказала «Не, вы не зможаце падацца на настрыфікацыю. Вы што, не бачыце, што ў вас старыя дакументы?» Ніякія мае аргументы пра тое, што я ўжо вучылася ў ВНУ і мае веды пераўзыходзяць школьную праграму, эфекту не атрымалі. Яна адказала, што ўніверсітэт звяртаўся да ўраду Беларусі і там адказалі, што беларусы не могуць паступаць ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах, без дзейных сертыфікатаў ЦТ. Гэта было вельмі дзіўна: з чаго Польшча абапіраецца на словы ўраду Беларусі? Выйшла з кураторыуму я ў слязах, настолькі ўсё гэта было крыўдна».
У той жа дзень дзяўчына паехала ў галоўны офіс Варшаўскага ўніверсітэту ў спадзеве, што там хутчэй змогуць залагодзіць справу.
«Там адбыўся яшчэ адзін непрыемны дыялог накшталт такога: «Нясіце да снежня новыя ЦТ або будзеце адлічаная, нічым дапамагчы не можам». Сказалі, што больш ніхто з такімі пытаннямі да іх не звяртаўся, хаця я асабіста ведала некалькіх беларусаў з такой жа праблемай. Мне прапанавалі адзіны магчымы варыянт – да снежня з’ездзіць у Беларусь і здаць ЦТ, а потым прайсці настрыфікацыю. Яны нават не разумеюць, што ЦТ у Беларусі праходзіць раз на год, а без візы адтуль вярнуцца немагчыма».
Пасля гэтага Ганна падала дакументы ў гданьскі кураторыум, дзе, паводле водгукаў, не такія жорсткія патрабаванні. Пры прыёме інспектар нават брывом не павяла наконт сертыфікатаў 2019 года і прыняла ўсе дакументы.
«Як відаць з чатаў, гэта яшчэ не гарантыя таго, што ваш атэстат пацвердзяць. А пакуль як ёсць: чакаю пастановы і наведваю ўсе лекцыі як руплівая студэнтка. Спадзяюся, што да снежня нешта зменіцца, ад мяне перастануць патрабаваць беларускіх вынікаў ЦТ і я змагу вучыцца далей. Я ўжо аплаціла 11 тысяч злотых за паўгода, якія мне ніхто не верне ў выпадку адлічэння. Гэта ўсё вельмі балюча, бо на вучобу я доўга збірала сама, мне не дапамагалі бацькі ці яшчэ нехта».
«Ад мяне патрабуюць здаць беларускае ЦТ і нікога не цікавіць, што я на міжнароднай абароне»
Падобная сітуацыя і ў Івана, з адным толькі адрозненнем: нават пры вельмі вялікім жаданні ён не зможа паехаць у Беларусь для праходжання ЦТ. Польшча дала яму міжнародную абарону, а ў выпадку паездкі ў Беларусь ён яе страціць. Акрамя таго, са сваім статусам Іван не можа звяртацца ў дзяржаўныя органы Беларусі: паводле закону ён не мусіць рабіць апастыль на атэстат або звяртацца ў пасольства па даведку для абмену кіраўніцкага пасведчання.
Пачалося з таго, што ў 2022 годзе беларус паступіў на завочнае аддзяленне ў Маскоўскі міжнародны ўніверсітэт, але на другім навучальным годзе пастанавіў адлічыцца «з практычных і этычных меркаванняў».
«У 2022 годзе я зразумеў: мне наўрад ці спатрэбіцца дыплом маскоўскага ўніверсітэту, а на другім курсе там увялі прадметы накшталт асноваў вайсковага рыхтавання, якія я не збіраўся вучыць. Увогуле, я адлічыўся, пераехаў з Беларусі і пастанавіў паступіць у прыватны ўніверсітэт у Варшаве. Мяне прынялі, я аплаціў 1700 еўраў за першы семестр, а ў жніўні даведаўся, што мне трэба настрыфікаваць школьны атэстат да студзеня, бо Беларусь скасавала дамову наконт узаемнага прызнання адукацыі. Цяпер у кураторыуме Варшавы ад мяне патрабуюць здаць беларускае ЦТ – і іх не цікавіць, што я на міжнароднай абароне і не магу паехаць у Беларусь для гэтага. Патрабаваць ЦТ, не старэйшае за два гады, – гэта даволі абсурдна, бо ім не важныя мінімальныя балы або прадметы ў ЦТ, важныя толькі гэтыя паперкі. Па-другое, няма ніякай сістэмы: у Варшаве гэтай настрыфікацыі не даюць без ЦТ, а ў іншых гарадах могуць даваць».
Цяпер Іван праходзіць навучанне, як і астатнія студэнты: універсітэт пайшоў насустрач і даў яму адтэрмінаванне для праходжання настрыфікацыі да канца студзеня. Але паводле цяперашніх правілаў ён ніколі не зможа пацвердзіць свой школьны атэстат для паступлення, як і вярнуць грошы за навучанне. Таму ўся надзея – на змену саміх правілаў.
«У мяне ёсць крыху варыянтаў выхаду з гэтага тупіку. Першы – падаць дакументы ў лаяльны кураторыум Гданьску, бо часам там робяць настрыфікацыю без ЦТ. Другі – ісці ў паліцэяльную школу, пасля заканчэння якой у мяне будзе магчымасць здаць матуру – польскія ўступныя іспыты. Яшчэ чуў, што ёсць нейкія міжнародныя тэсты на англійскай мове, якія можна здаць хоць на нуль балаў, але іх могуць прыняць як замену беларускаму ЦТ. Але гэтага пытання я пакуль не ўдакладняў».
«На гэты момант шанцаў мала. Ніводная ўстанова не хоча ісці нам насустрач»
«Белсат» звярнуліся да Лізы Пракопчык, генеральнай сакратаркі БНМС РАДА, дэлегаткі Каардынацыйнай рады («Моладзевы наступ») з пытаннямі, што рабіць студэнтам і ці ўвогуле есць шанцы на змены.
«Мне вядома прыкладна пра 300-350 такіх кейсаў – гэта людзі, якія далучыліся да чаціку ўзаемадапамогі ў «Тэлеграме». Мы звярталіся і прасілі прымяняць індывідуальны падыход да кожнага кейсу, бо яны (польскі бок, – тлум. «Белсат») самі не выконваюць сваё ж заканадаўства. Напрыклад, асобы, якія маюць статус уцекача/уцякачкі або міжнароднай абароны, маюць права праходзіць усе гэтыя працэдуры ў спрошчаным фармаце. Але кураторыум у Варшаве нават у такіх выпадках патрабуе дзейных сертыфікатаў ЦТ/ЦЭ. Насамрэч, цяпер у польскім заканадаўстве няма такога абавязковага патрабавання і ўсё аддаецца ў рукі кураторыумаў. Адныя працаўнікі ідуць насустрач беларускім студэнтам, іншыя – не. Увогуле, падаецца, што гэта менавіта палітычная пастанова як МЗС, так і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі», – кажа Ліза Пракопчык.
Што рабіць студэнтам цяпер? Застаецца толькі ісці ў больш лаяльныя кураторыумы – Гданьск і Быдгашч (але і там ужо могуць праблемы). Увогуле мала шанцаў, што Польшча адменіць абавязковыя беларускія ЦТ для настрыфікацыі, лічыць генеральная сакратарка БНМС РАДА:
«На гэты момант шанцаў мала. Ніводная ўстанова не хоча ісці нам насустрач пакуль. Да таго ж, нядаўна былі прапанаваныя папраўкі ў заканадаўства, дзе ўсе гэтыя змены будуць замацаваныя, і нават некаторыя патрабаванні будуць узмоцненыя: напрыклад, могуць быць уведзеныя абавязковыя экзамены для замежных абітурыентаў.
Нагадаем, што «Белсат» у пачатку верасня звяртаўся з гэтым пытаннем у Міністэрства адукацыі, дзе нам адказалі, што «выпадак вядомы і цяпер разглядаецца аддзелам міжнароднай супрацы». Цяпер мы зноў звярнуліся па тлумачэнні ў Міністэрства адукацыі Польшчы і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, але абодва міністэрствы не змаглі вызначыцца, у чыёй юрысдыкцыі развязанне гэтай праблемы.
Тэса Анэйда, belsat.eu