— Я ўжо без жартаў гатовая ісці прыкоўваць сябе да сілезскага “ўжонда”! — скардзіцца «Еўрарадыё» беларуска Таццяна [імя змененае], якая вось ужо 483 дні разам з мужам і дзіцем чакае легалізацыі ў Польшчы.
— 483 дні — гэта толькі на адбіткі пальцаў, — працягвае беларуска. — Мяркуючы з досведу некаторых іншых нашых грамадзян, нават калі нас выклічуць заўтра, яшчэ столькі ж давядзецца чакаць “дэцызіі” [рашэння пра атрыманне дакументаў] і саміх “карт побыту”.
Нават у Вроцлаве, дзе беларусы таксама сутыкаюцца з аналагічнымі праблемамі, з іх не здзекуюцца так доўга!
“Падаткі плацім, законы выконваем, а легалізацыі ўсё няма”
У Катавіцэ сям’я Таццяны пераехала летам 2022 года: “Пасля пачатку вайны ва Украіне жыць у нашым “сацыяльным раі” і далей плаціць у ім падаткі больш не хацелася”.
Сама беларуска, як і яе муж, працуе ў сферы IT. У Польшчу яны пераехалі па візах ПБХ і тут жа адкрылі JDG — аналаг нашага ІП.
— Мне вельмі падабаецца, але вельмі не падабаецца “ўжонд” [аналаг раённай адміністрацыі ў Беларусі] і тое, як тут ідуць справы з легалізацыяй, — працягвае сваю гісторыю суразмоўніца Еўрарадыё. — Для прыкладу, наша сям’я штомесяц плаціць дзяржаве каля 12-13 тысяч злотых у выглядзе розных падаткаў і адлічэнняў.
Мне здаецца, гэта немаленькая сума, але легалізавацца мы не можам з пачатку ліпеня 2023 года. Паколькі мы дагэтуль не здалі адбіткі пальцаў, у нашых пашпартах няма спецыяльных чырвоных пячатак, якія патрабуюць у Польшчы падчас некаторых адміністрацыйных працэдур.
Акрамя таго, мы не можам памяняць пасведчанні кіроўцы на польскія, атрымліваць дапамогу на дзіця (800 злотых) і банальна звазіць яго адпачыць. І гэта толькі частка наступстваў адсутнасці легалізацыі.
Зразумець, калі сітуацыя зменіцца, немагчыма, як і адсачыць свой статус. На нашы скаргі не адказваюць, а спроба сустрэцца з ваяводам сарвалася.
У пачатку кастрычніка наша сям’я звярнулася ў суд, але гэта таксама доўгая гісторыя. А яшчэ, мяркуючы з прыкладаў, якія ходзяць у мясцовых чатах, рашэнне суда таксама не асабліва паскарае працэдуру. І як паўплываць на гэта — незразумела.
За час чакання Таццяна сабрала больш за сто гісторый беларусаў свайго ваяводства, якія таксама чакаюць магчымасці легалізавацца ў Польшчы. Рэкорд пабіў хлопец, які здаў адбіткі пальцаў, але чакае “карты побыту” ўжо 1054 дні.
Дзяўчына расказвае, што жудасна стамілася ад сітуацыі, і просіць адрэагаваць палітыкаў, якія прадстаўляюць інтарэсы беларусаў за мяжой.
— Можа быць, тэмай зацікавяцца польскія журналісты… Ці, можа, дапаможа Павел Латушка? — кажа суразмоўца Еўрарадыё, дадаючы: — Пал Палыч зарэкамендаваў сябе як чалавек, які заўважае такія праблемы.
“Магу даслаць ліст ваяводу” — Павел Латушка
Пасля размовы з Таццянай Еўрарадыё звязалася з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.
Паводле палітыка, сёння арганізацыя працуе над тым, каб з’явіўся агульны спрыяльны падыход для легалізацыі беларусаў у Польшчы, бо “складана займацца кожным выпадкам, улічваючы, што беларусаў тут сотні тысяч”.
— На жаль, нам не хапае чалавечых рэсурсаў, каб вырашаць усе пытанні грамадзян Беларусі. Але кожная справа — важная, і зразумела, што трэба пастарацца дапамагчы.
Калі ў вас узнікла праблема, напішыце, калі ласка, у нашы сацыяльныя сеткі або на электронную пошту НАУ. Мы пастараемся звярнуцца да ўладаў ваяводства, каб гэтае пытанне разгледзелі.
— Чаму беларусам даводзіцца так доўга чакаць легалізацыі?
— Я не раз падымаў гэтую тэму перад намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы, які курыруе пытанні легалізацыі і міграцыйнай палітыкі. Ён мне кажа, што негатыўнага стаўлення да беларусаў няма. Аналагічныя пытанні ўзнікаюць у грамадзян іншых дзяржаў, у тым ліку ў тых, хто прыехаў у Польшчу з ЗША.
У апошнія гады ў Польшчу прыехала шмат мігрантаў, якія маюць патрэбу ў легалізацыі. Пытанні не вырашаюцца хутка, бо не хапае людзей, якія працуюць у гэтай сферы.
Як мне паведамілі, сёлета ў краіне быў прыняты бюджэт з фінансамі, якіх не хапае, каб наймаць новых спецыялістаў. У МУС лічаць, што на наступны год можна было б скласці іншы бюджэт, які дапаможа пашырыць колькасць кадраў. Гэта дапаможа паскорыць працэс атрымання дакументаў. Падкрэслю, гэта тоелькі тое, што я чуў. Афіцыйна каментаваць могуць толькі ў МУС.
— Якія канкрэтна крокі будуць зробленыя, калі вам напішуць жыхары Катавіцэ?
— Я магу даслаць ліст ваяводу з просьбай разгледзець гэтую справу і папрасіць праверыць, ці ўсе працэдуры, звязаныя з тэрмінамі, прадугледжанымі для разгляду гэтай справы, выкананыя. Зразумела, што, паводле наяўнай у нас інфармацыі, там адкажуць, што тэрміны не выкананыя. Тым не менш, магчыма, наш зварот будзе спрыяць хутчэйшаму разгляду гэтай справы і спраў іншых беларусаў, якія жывуць у Катавіцэ. Бо ад легалізацыі залежыць жыццё гэтых людзей: ад пытанняў працы і дапамог да выезду за мяжу і гэтак далей.
Нацбліжэйшым часам у мяне запланаваная сустрэча з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы, дзе я таксама падыму гэтае пытанне.
Кантакты для сувязі з экспертамі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення:
прэс-служба НАУ:info@belarus-nau.org
юрысты НАУ:justice@belarus-nau.org
эканамісты НАУ: economics@belarus-nau.org
Кантакты Цэнтра беларускай салідарнасці, куды таксама можна звярнуцца па юрыдычную кансультацыю:
тэлефон: +48662200400
пошта: info@belaruscenter.eu
Тэлеграм: t.me/cbs_help
Кантакты польскага саюза журналістаў:
тэлефон: +48228278720, +48500242770
пошта: sdp@sdp.pl