Віетнам выдаў былога каліноўца Васіля Верамейчыка Беларусі. Перад гэтым яму адмовілі ў знаходжаньні ва Ўкраіне і Літве. «Радыё Свабода» пагаварыла з супрацоўнікам службы эвакуацыі BySol, куды ехаць беларусам, якім забаранілі заставацца ў ЭЗ.
Супрацоўнік службы эвакуацыі BySol, які пажадаў застацца ананімным дзеля бясьпекі, расказаў «Радыё Свабода», куды, на ягоную думку, могуць параўнальна бясьпечна ехаць беларусы, якіх перасьледуюць у Беларусі і якім адмовілі ў знаходжаньні ў краінах Эўразьвязу.
Больш-менш бясьпечнымі суразмоўца лічыць толькі першыя два пункты ў агучаным ім сьпісе. Прапановы наступных краінаў, на думку суразмоўцы, маюць шэраг агаворак. Экспэрт зьвяртае ўвагу, што ў кожным выпадку найлепш раіцца зь юрыстамі або кансультантамі ў гэтай сфэры і вырашаць сытуацыю індывідуальна.
1. Заставацца да апошняга ў Эўразьвязе
Першая ягоная парада — пастарацца да апошняга застацца ў Эўразьвязе. Адзін з варыянтаў — паспрабаваць выехаць з краіны, дзе адмовілі ў знаходжаньні (прыкладам, зь Літвы) у трэцюю краіну (напрыклад, у Турэччыну), а адтуль паляцець у іншую краіну Эўразьвязу (напрыклад, у Нямеччыну) і папрасіць там прытулку.
Паводле Дублінскага рэглямэнту, звычайна заяву на прытулак разглядае тая краіна ЭЗ, у якую першую ўехаў чалавек, які просіць прытулку, тлумачыць суразмоўца. Калі выехаць з Эўразьвязу і ўехаць туды зноў, то працэдура «абнуляецца» і разглядаць заяву на прытулак будуць, хутчэй за ўсё, ужо ў новай краіне ЭЗ.
Калі чалавеку адмовілі ў статусе дадатковай абароны або ўцкацтва, але за час разгляду або адразу пасля адмовы ў яго зьявіліся новыя факты перасьледу, то можна падавацца на абарону паўторна, тлумачыць суразмоўца.
«Эўразьвяз вялікі. У кожнай краіне Эўразьвязу ёсьць свае пратаколы і свая палітыка адносна мігрантаў і адносна беларусаў у прыватнасьці. У асобную групу беларусаў вылучаюць ня так шмат краінаў: звычайна Польшча, Літва, часам Нямеччына. У іншых краінах беларусы такія ж мігранты, як і ўсе астатнія. Іхныя просьбы аб прытулку разглядаюцца ў агульнай працэдуры», — кажа прадстаўнік службы эвакуацыі BySol.
Важнай прычынай застацца ў Эўразьвязе экспэрт называе «падарожны дакумэнт» або «пашпарт замежніка», якія выдаюць некаторыя краіны ЭЗ. Гэта вырашае праблему з пратэрмінаванымі пашпартамі беларусаў, бо іх немагчыма цяпер памяняць за мяжой. Ён раіць карыстацца сэрвісам pashpart.org, каб праверыць магчымасьць атрымаць у той ці іншай краіне «пашпарт замежніка».
Суразмоўца дадае, што варта карыстацца ўсімі законнымі спосабамі, каб застацца ў ЭЗ, прыкладам, аспрэчваць рашэньне службы міграцыі ці суду наконт знаходжаньня ў краіне ЭЗ.
«Калі чалавек лічыць, што ён мае права на прытулак, што не нясе ніякай пагрозы краіне, то, безумоўна, варта выкарыстоўваць законныя спосабы, каб даказаць сваю рацыю… Раю не здавацца пры першай жа адмове», — кажа экспэрт.
Пры гэтым ён ня раіць парушаць заканадаўства ЭЗ. Калі Літва адмовіла ў дазволе на жыхарства і дала час, каб выехаць за межы ЭЗ, то ня варта ехаць на аўтамабілі ў Нямеччыну, «бо ўсё адно няма праверак на мяжы» і там хавацца, дадае суразмоўца.
2. ЗША, Канада, Аўстралія, Вялікая Брытанія
Калі не атрымліваецца застацца ў Эўразьвязе, супрацоўнік службы эвакуацыі BySol рэкамэндуе пастарацца трапіць у ЗША, Канаду, Аўстралію або Вялікую Брытанію. Іх ён называе «краінамі, дзе беларусу будзе прасьцей атрымаць палітычны прытулак».
Суразмоўца раіць паспрабаваць атрымаць візы ў гэтыя краіны. Адзначае, што пры гэтым трапіць у Аўстралію, як і Вялікую Брытанію, вельмі складана. Аднак там ёсьць беларускія дыяспары, беларусы там легалізуюцца.
«Я ня буду казаць, што кожны, хто запрошвае візы ў ЗША і Канаду, атрымлівае іх… Але вакол мяне шмат людзей, у якіх гэта атрымліваецца рабіць. Яны едуць у гэтыя краіны, просяць прытулку і застаюцца там жыць цалкам афіцыйна», — кажа суразмоўца.
Адначасна ён ня раіць ехаць у ЗША папулярным маршрутам праз Мэксыку, бо гэта паўзаконны спосаб, да таго ж небясьпечны.
3. Турэччына, Грузія, Армэнія, Малдова
З гэтых краінаў беларусаў пакуль не выдавалі ўладам Беларусі, адзначае прадстаўнік службы эвакуацыі. Аднак суразмоўца дадае, што кіраўніцтва Турэччыны мае кантакты з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі.
«Мы ня можам гарантаваць, што Турэччына вельмі бясьпечная краіна», — падсумоўвае ён.
Падобная сытуацыя з Грузіяй, кажа суразмоўца. Апошнім часам яна набывае імідж усё менш бясьпечнай краіны для беларусаў, усё больш беларусаў не ўпускаюць у Грузію. Аднак выпадкаў выдачы ўцекачоў беларускім уладам там таксама пакуль не было.
У Армэніі пэрыядычна затрымліваюць беларусаў, калі ў базе памежнікаў паказваюцца «чырвоныя сьцяжкі». Звычайна іх празь некалькі дзён адпусаюць. Выпадкі выдачы Беларусі невядомыя.
«У нас праз Армэнію людзі часам езьдзяць, але там заставацца мы ня раім», — кажа экспэрт.
Калі ў чалавека біяграфія, падобная да былога каліноўца Васіля Верамейчыка, то суразмоўца раіць зусім не ляцець у Армэнію.
Малдова ж імкнецца да эўрапеізацыі. Там, паводле яго, будуць разьбірацца, ці кейс палітычны. Няма вядомых выпадкаў выдачы беларусаў адтуль. Аднак і Малдова, і Армэнія не скасавалі пагадненьне аб міжнародным вышуку краінаў СНД.
Экспэрт дадае, што беларусам варта на мяжы пры падазрэньні на высылку ў Беларусь, гучна, але без гістэрыкі заяўляць, што іхнаму жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека ў Беларусі, што яны палітычныя ўцекачы.
4. Краіны Азіі
Паводле суразмоўцы, многія краіны Азіі для большасьці беларускіх палітэмігрантаў можна лічыць даволі бясьпечнымі.
«Чаму б і не (паехаць)? Гледзячы, якога кшталту вышук. Калі гэта будзе Інтэрпол, то ёсьць рызыка, што ня кожная азіяцкая краіна будзе разьбірацца, палітычны ваш выпадак ці не. Ёсьць запыт, і яны могуць выдаць па гэтым запыце. Заўжды трэба глядзець на кейс. Часта сам чалавек будзе лепш за любога юрыста ведаць, наколькі сур’ёзны ў яго кейс, наколькі сур’ёзна ім могуць цікавіцца», — мяркуе суразмоўца.
На ягоную думку, Тайлянд, дзе затрымалі музычны гурт «Бі-2» і адкуль іх хацелі дэпартаваць у Расею, застаецца дастаткова бясьпечнай краінай для многіх беларусаў, напрыклад з артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
5. Краіны Лацінскай Амэрыкі
Супрацоўнік службы BySol адзначае, што іхная каманда не практыкавала пераезду беларусаў у краіны Лацінскай Амэрыкі. Аднак ён ведае, што ў некаторых краінах там (у Аргентыне, Вэнэсуэле) жывуць беларусы.
6. Балканскія краіны
Паводле экспэрта, многія балканскія краіны даволі бясьпечныя для беларусаў. Гэта, зь ягоных словаў, Румынія, Баўгарыя, Босьнія і Герцагавіна.
Ён мяркуе, што лепш ня ехаць у Косава, Паўночную Македонію, Сэрбію, дзе былі затрымалі і хацелі дэпартаваць Андрэя Гнёта.
7. Індыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
Варта глядзець, зь якімі краінамі Беларусь заключыла дамову аб супрацы спэцслужбаў, зазначае прадстаўнік службы эвакуацыі BySol. Дакладна вядома, што гэта Індыя, ААЭ, Грузія. Іншыя краіны варта правяраць. Аднак, нягледзячы на дамову аб супрацы, Грузія яшчэ не выдавала беларусаў уладам у Менску.
Супрацоўнік службы эвакуацыі BySol зьвяртае ўвагу, што ў чалавека могуць быць дадатковыя фактары рызыкі, празь якія яму варта быць больш асьцярожным, чым многім іншым. Гэта цікавасьць да чалавека з боку КДБ, удзел у вайне на баку Ўкраіны, знаходжаньне ў базе Інтэрполу.
«Мы глядзім на асабістую зацікаўленасьць супрацоўнікаў КДБ да чалавека. Калі былі зацятыя допыты, потым чалавек зьбег у краіны ЭЗ, пасьля яго працягваюць шукаць, хадзіць па родных, цікавіцца ягоным лёсам, тады лепш сядзець і не высоўвацца. Калі цікавасьці няма, калі справу разглядае мясцовы сьледчы, калі ёсьць падазрэньне, што ён паклаў справу на паліцу, то для такога чалавека сьвет застаецца больш адкрытым», — кажа суразмоўца.
Нельга ляцець у СНД, Кітай
Раней кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам, расказваў Свабодзе, дзе беларусам будзе адносна бясьпечна. Зь ягоных словаў, самае бясьпечнае месца — гэта краіны ЭЗ і NATO (за выключэньнем Турэччыны). Калі чалавек знаходзіцца ў базе Інтэрполу, то выяжджаць за межы гэтых зьвязаў суразмоўца не рэкамэндаваў.
Далей, паводле Лявончыка, адносна бясьпечнымі застаюцца Турэччына, Армэнія, Малдова, Грузія. Адтуль пакуль не выдавалі беларусаў. Аднак ён ня раіць ехаць у Армэнію, рэкамэндуе быць асьцярожным з Турэччынай, папярэджвае, што Малдова мае агульную базу вышуку зь Беларусьсю.
Малдова мае ўдзельнічаць у вышуку па агульнай базе СНД. Але гэтую базу вядуць на кірыліцы, якой у Малдове не карыстаюцца, таму фактычна яна ня ўдзельнічае ў базе вышуку СНД, тлумачыць суразмоўца.
Лявончык расказаў пра папулярныя для адпачынку краіны. Ён адзначыў, што Эгіпет яшчэ не выдаваў беларусаў Беларусі, калі толькі чалавек не знаходзіўся ў вышуку. Аднак ён усё адно ня раіць туды ехаць.
«Тайлянд, калі будзе на вас спэцыфічны запыт, з вамі зробіць тое самае, што зрабіў з „Бі-2“», — дадаў ён.
Паводле кіраўніка фонду ByHelp, нельга лятаць у краіны СНД, Кітай.