Гісторыя з затрыманнем экс-байца палка Каліноўскага, затрыманага ў Азіі, атрымала цяжкі паварот: яго ўжо экстрадзіравалі ў Беларусь. Кадры з выдадзеным мужчынам паказалі на дзяржтэлеканале АНТ.
Стала вядома, што гэта 34-гадовы Васіль Верамейчык, былы афіцэр беларускага войска, сябра Каардынацыйнай Рады. Яго затрымалі ў Хашыміне 13 лістапада, а ўжо 14-га выдалі ў Беларусь. Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што экстрадыцыя адбылася паводле запыту КДБ. Прычына — служба Верамейчыка ў палку Каліноўскага. “Наша Ніва” піша, што Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію і служыў у Печах. У 2016-м ён звольніўся з войска і працаваў у ІТ-сферы. У 2020-м падтрымаў рух за перамены, зазнаў пераслед, у 2021-м эміграваў з сям’ёй ва Украіну. Блок Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай Радзе паведамляе, што Верамейчыка затрымалі пад фармальнай нагодай удзелу ў бойцы. Удзельнікі блока звярнуліся па дапамогу да МЗС ЗША, Польшчы і Украіны, каб высветліць справу і не дапусціць экстрадыцыі Верамейчыка ў Беларусь, але не паспелі. Сам экс-каліновец быў дэлегатам КР менавіта ў складзе гэтага блока. Паведамляецца, што амаль ніхто з мясцовых адвакатаў не хацеў брацца за гэтую справу. У Верамейчыка ўзнік канфлікт са штабам палка Каліноўскага. “Па просьбе штаба палка Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны (ГУР) закрыла Васілю ўезд ва Украіну. Пазней урад Літвы забараніў яму ўезд у Еўразвяз”, — гаворыцца ў паведамленні. Пасля гэтага Верамейчык вырашыў паехаць у В’етнам, дзе ў яго былі сябры, але трапіў у рукі КДБ.