Працяг навуковай дзейнасці, арганізацыя Фестывалю беларускай культуры, абмен досведам паміж вучнямі Бельска Падляшскага і Вільні.
Усё гэта пра бягучыя справы Таварыства беларускай культуры ў Літве, — навінамі з «Радыё Рацыя» падзяліўся старшыня арганізацыі Алесь Адамковіч:
– Самы важны накірунак – гэта праца сярод беларусаў Літвы. Два апошнія мерапрыемствы – гэта былі: мастацкі пленэр беларускіх мастакоў, а на мінулым тыдні быў прыезд вучняў з беларускага ліцэя імя Тарашкевіча з Бельска Падляшскага. Была арганізавана наша сустрэча, было некалькі важных сустрэч. У беларускай гімназіі ў Вільні з вучнямі, у мэрыі Віленскага раёна, на тэрыторыі якога нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. З кіраўніцтвам дэпартамента нацыянальных меншасцяў. Зараз рыхтуемся да ўжо пятага Фестывалю беларускага фальклору.
РР: Ці можна было б падагульніць вынікі прыезду вучняў з Бельска Падляшскага?
– Сустрэча была пачаткам ці падмуркам нашага далейшага супрацоўніцтва. Мы пабачылі, што вельмі шмат супольнага, што звязвала і звязвае Бельск і Вільню, вучняў з Бельскага ліцэю ды сам ліцэй і Вільню. Акрамя імя Браніслава Тарашкевіча, якога я згадаў, тут у Вільні знайшоў вечны спачын дырэктар Бельскага ліцэю Антон Тыміньскі. Зараз дзякуючы гэтай паездцы, высветлілася яшчэ больш. Аказваецца адна з сябровак нашага таварыства, якая актыўна ўдзельнічае, яна з’яўляецца пляменніцай Антона Тыміньскага. Таму бачым, што такія сувязі ёсць, даволі шчыльныя сувязі. Таксама імя наступнага дырэктара Яраслава Кастыцэвіча, таксама звязана з Вільняй. Віленская духоўная семінарыя, якая шмат настаўнікаў падрыхтавала для гэтага ліцэю. Таму такія важныя вынікі, якія сведчаць пра нашу агульную беларускасць. Думаю, што прыезд ліцэістаў дапамог ім умацавацца ў беларускасці, пабачыць што беларускасць прадстаўлена і ў іншых краінах таксама. Важна пабачыць, што беларусы ёсць і яшчэ дзесьці.
РР: Ці вядомыя падрабязнасці арганізацыі Фестывалю беларускай культуры?
– Пяты фестываль пройдзе ў Новай Вільні, традыцыйна, дзе і пачаўся. Гэта раён Вільні, дзе пражывае найбольш беларусаў, таму гэта месца выбрана не выпадкова. Будзе ўдзельнічаць каля 12-ці калектываў, зараз дакладна не скажу. Большасць будзе канешне беларускіх калектываў з Вільні, але будзе і гурт з Тургеляў гурт “Тургелянка”, які спявае захаваўшыеся мясцовыя беларускія песні. Будзе ўкраінскі гурт з Коўна, далучаецца латышскі гурт “Abra”. З Польшчы традыцыйна прыедуць “Жэмэрва” і “Осочнікі”. Таксама далучыцца Сяржук Доўгушаў.
РР: Якім чынам за апошні час папоўніліся фонды Таварыства беларускай культуры?
– У асноўным гэта кніжкі. Таксама гэта архівы віленчукоў. Калі памёр Павел Саўчанка, то ягоны сын нам перадаў усе ягоныя рукапісы. Таму па-трошкі папаўняемся. Самае галоўнае, фонды папоўніліся 15-цю новымі карцінамі беларускіх мастакоў, якія засталіся ў нас пасля пленэру.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таварыства беларускай культуры ў Літве было створана яшчэ ў 1989 годзе. Арганізацыя адраджае беларускую культурную спадчыну ў краіне-суседцы.