Дзень герояў: Прэм’ера невядомай песні слуцкіх паўстанцаў

Хор вольных беларусаў «Гук Цішы», які базуецца ў Варшаве, агучыў да Дня герояў забытую песню слуцкіх паўстанцаў. Калі пачынаўся Слуцкі збройны чын з «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» або «Маршу 1-й Слуцкай стралковай брыгады войскаў БНР», то яго заключным творам стала «Песня інтэрнаваных 1-ай Слуцкай брыгады стральцоў». Менавіта пад такім загалоўкам тэкст гэтага спеву надрукавала ў 1921 г. віленская газета «Наша Думка».

З архіўнага артыкулу вынікае, што пасля падаўлення Слуцкага паўстання бальшавікамі рэшта яго ўдзельнікаў апынулася на тэрыторыі Польшчы. Інтэрнаваныя ваяры знаходзіліся пад аховай польскіх жаўнераў у бараках, «аплеценых калючым дротам у колькі радоў», каля станцыі Дарагуск на Холмшчыне. Карэспандэнт Ванагас гэтак апісвае стан случчакоў: «…Бяз вопраткі, без бялізны, босыя, ня маючы ў кішэні ні аднаго рубля, ні аднае польскае маркі, працуючы з раніцы да вечара, як якія катаржнікі, ня ведаючы ні сьвята, ні будня, – усё-такі не забываюцца на сваю Бацькаўшчыну, стараюцца паказаць гэтым тутэйшым людзём, што беларусы – народ, і што гэты народ павінен жыць, як яму хочацца».

Нягледзячы на апісаную сітуацыю, інтэрнаваныя беларусы займаліся творчасцю. У прыватнасці, паставілі дзве камедыі на самаробнай сцэне, дэкараванай хвойнымі галінамі. У зале назіраўся аншлаг – прыйшлі польскія афіцэры з жонкамі, цывільная публіка, мясцовыя габрэі і ўкраінцы. Свае акторскія таленты праявілі капітан Залескі, жаўнер Самойлік, паручнікі Шурпа і Сямашка. Да іх далучыўся і адзін з паўстанцкіх камандзіраў Васіль Русак, які стаў на той момант інструктарам Беларускай вайсковай камісіі. Пасля пары спектакляў у праграме значыліся спевы і дэкламацыі. Хор пад кіраўніцтвам таго ж Сямашкі сярод іншага выканаў «Беларускую марсельезу» («Ад веку мы спалі»). Інтэрнаваныя афіцэры чыталі вершы Купалы, Коласа і Гаруна. Аўтар артыкулу рэзюмуе: «Гэты вечар… паказаў, што мы людзі, што над намі ня можна сьмяяцца, што мы сыны цэлага народу, што гэты народ мае сваё прошлае, сваю мову, сваіх поэтаў, літэратуру, што гэты народ бязмерна шчыра кахае сваю Бацькаўшчыну».

Знізу да артыкулу дадаецца тэкст «Песні інтэрнаваных 1-й Слуцкай брыгады стральцоў», якая, відавочна, таксама прагучэла ў той вечар каля Дарагуску. Матыў узяты з твору ўкраінскага кампазітара і тэатральнага дзеяча Марка Крапіўніцкага «Ревуть, стогнуть гори-хвилi». Беларускую харавую адаптацыю сёлета выканаў кампазітар Канстанцін Яськоў, а запісаў у студыі згаданы напачатку Хор вольных беларусаў «Гук Цішы».

Стась Дадэрка, racyja.com,
фота Аляксандр Драгавоз