З красавіка 2024 года запісацца на польскую візу можна толькі праз асабістую верыфікацыю. Для гэтага трэба загрузіць фота пашпарта, а таксама зрабіць сэлфі на камеру смартфона або камп’ютара. Змены ўвялі, каб зрабіць самастойную рэгістрацыю ў VFS Global больш даступнай і людзям не даводзілася звяртацца да пасярэднікаў. Ці стала ў выніку лепш?
Тыдзень хадзіла з двума тэлефонамі
Кацярына днямі запісалася на падачу дакументаў на польскую візу па запрашэнні ад сваяка. Яна апісвае, як цяпер выглядала працэдура. Пасярэднікі стварылі чат у вайберы для камунікацыі з тымі, хто таксама хацеў запісацца. Для запісу на візу трэба было запусціць бот у тэлеграме. Праз бота неабходна было даслаць усе патрэбныя даныя, а таксама фота апошняй старонкі пашпарта і сэлфі.
«Таксама ў чат дасылаюць спасылку на ўсталяванне дадатку, без якога запісацца немагчыма, бо наступныя дзеянні адбываюцца праз яго. Ёсць версія як для Android, так і для iOS, але пасярэднікі адразу папярэджваюць, што ва ўладальнікаў iPhone шанцаў паспяхова запісацца значна менш, чым у людзей з Android. Таму, калі ёсць магчымасць, раяць знайсці Android-прыладу», — тлумачыць Кацярына.
Паколькі ў жанчыны быў iPhone, а запісацца хацелася хутка, ёй давялося адшукаць свой стары тэлефон, усталяваць на яго дадатак і пастаянна насіць яго з сабой, каб не прапусціць момант рэгістрацыі.
«Запісацца атрымалася толькі з трэцяй спробы, але ўсё адно лічу, што гэта было даволі хутка. Таму з некаторым напружаннем і двума тэлефонамі я хадзіла ўсяго адзін тыдзень», — кажа яна.
Жанчына прызнаецца, што раней пасярэднікі запісвалі яе не раней, чым праз 2-4 тыдні ад моманту звароту.
«Па часе атрымалася добра, але сама працэдура складаная і нервовая. Увесь час трэба быць напагатове, а працэс рэгістрацыі адбываўся ў працоўны час, што стварыла дадатковыя нязручнасці.
Лічу, што раней было складана, а цяпер стала яшчэ горш. Грошы пасярэднікам усё адно плаціш, але раней ты заплаціў і нічога больш не рабіў, а цяпер трэба ўвесь час удзельнічаць у гэтым працэсе».
За паслугі пасярэднікаў Кацярына аддала 500 рублёў.
«Давялося не толькі плаціць, але і дадаткова губляць свой час і нервы»
Іншы суразмоўца, Міхаіл, рабіў працоўную польскую візу. Ён прызнаецца, што нават з дапамогай пасярэднікаў запісацца яму было няпроста.
«Усё рабіў па інструкцыі, але тройчы нічога не атрымлівалася. На розных этапах з’яўляліся нейкія памылкі. На чацвёрты раз вырашыў прыйсці ў офіс, і там дзяўчаты зрабілі ўсё ў маёй прысутнасці з майго тэлефона», — успамінае мужчына.
Міхаіл таксама лічыць ранейшую сістэму зручнейшай.
«Я працую дальнабойшчыкам. Для мяне раз на год заплаціць за падачу на візу — не праблема. Але гэтым разам давялося не толькі плаціць, але і дадаткова губляць свой час і нервы».
Па знаёмстве са зніжкай
Анастасія, якая запісвалася месяц таму на нацыянальную візу, таксама звярталася да пасярэднікаў, хоць спачатку спрабавала ўсё зрабіць самастойна.
«Я спрабавала запісацца сама, спадзеючыся, што будзе прасцей. У навінах пісалі, што новая сістэма нібыта прыбірае пасярэднікаў. Але самой зарэгістравацца не атрымалася. Калі ўжо надакучыла спрабаваць, звярнулася да пасярэднікаў. Па знаёмстве мяне запісалі за 250 рублёў», — расказвае Насця.
Запіс па карце паляка
Яшчэ адзін суразмоўца, Андрэй, які запісваўся на візу па карце паляка, таксама пасля некалькіх няўдалых спроб пайшоў да пасярэднікаў.
«Але нават з імі запісацца атрымалася толькі праз два тыдні. За свае паслугі пасярэднік узяў 350 рублёў», — дзеліцца ён.
Даслаў пяць запрашэнняў — колькі віз далі?
Алег, які жыве ў Польшчы, за год даслаў пяць запрашэнняў сваякам і знаёмым у Беларусі.
«Я адсочваю, як ідуць справы з рэгістрацыяй тых, каго запрасіў. У выніку толькі сястра ў кастрычніку здолела самастойна запісацца. Цешча і цесць таксама без праблем падаліся, бо пенсіянеры не праходзяць гэтую працэдуру праз сайт.
Але сябрам не шанцуе: адзін ужо месяц безвынікова спрабуе сам і не здаецца. Іншы пасля некалькіх няўдалых спроб пайшоў да пасярэднікаў, але і яны ўжо два тыдні не могуць дапамагчы», — дзеліцца назіраннямі Алег.