Як беларусы адаптуюцца на працоўным рынку Еўразвязу? Даследаванне

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі пераходзяць дарогу ў Варшаве, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Сярод беларускіх эмігрантаў амаль палова здолелі захаваць за мяжою сваю былую прафесію. Прасцей гэта зрабіць аказалася мужчынам. Больш чым палове беларусак у эміграцыі давялося пачынаць свой кар’ерны шлях наноў. У чым яшчэ асаблівасці працаўладкавання за мяжой? Гэта высвятляў даследчы цэнтр BEROC пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Эберта ў даследаванні «Стратэгіі адаптацыі беларускіх і ўкраінскіх мігрантаў на рынку працы Еўропы», якое эксперты прэзентавалі 3 снежня. «Белсат» апавядае пра галоўныя высновы, якія прагучалі ў дакладзе.

За мяжой больш беларускіх мужчын, чым жанчын

З 2020 года з Беларусі ў краіны Еўразвязу з’ехалі каля 500 тысяч мігрантаў. Гэта вялізная лічба, калі ўлічыць, што па стане на 2024 год насельніцтва Беларусі складае 9,155 мільёнаў чалавек, з якіх працаздольныя – 4 мільёны, зазначаюць даследчыкі.

З Украіны ў сваю чаргу ў першыя месяцы вайны выехалі 6 мільёнаў чалавек, з якіх сёння ў ЕЗ застаюцца каля 4 мільёнаў 100 тысяч.

Большасць з гэтых людзей – як беларусаў, так і ўкраінцаў – працаздольныя, таму іхная міграцыя можа сур’ёзна ўплываць як на краіны, з якіх яны з’ехалі, так і на тыя, якія іх прынялі. У сваім даследаванні BEROC ставіць на мэце высвятленне таго, у якой ступені беларускія і ўкраінскія эмігранты ўбудоўваюцца ў рынак працы ў новых краінах, ці губляюць напрацаваны ўдома чалавечы капітал, кім найчасцей працуюць, і што можа дапамагчы захаваць былую прафесію.

BEROC апытаў 172 грамадзяніна Беларусі і 392 грамадзяніна Украіны, большасць з якіх жывуць у Польшчы ці Літве цягам 2 – 4 гадоў.

Паводле даследчыкаў, сярод беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў у краінах ЕЗ мае месца дастаткова прапарцыйнае гендэрнае размеркаванне, хоць сярод украінцаў усё ж больш жанчын – 62%, у той час, як мужчын – 38%. Беларускія эмігранты ў 53% – мужчыны, у 47% – жанчыны.

91% беларусаў знаходзяцца ў адной краіне з мужам ці жонкай, сярод украінцаў непадзеленых сем’яў – 75%.

Амаль усе беларускія эмігранты – з вышэйшай адукацыяй

35% беларусаў паведамілі, што плануюць вярнуцца дамоў. 38% сказалі, што не збіраюцца.

«Часцей не збіраюцца вяртацца тыя, хто ў Польшчы. Беларусы, якія жывуць у Літве, часцей адказвалі, што хочуць вярнуцца. Радзей плануюць вяртанне людзі, што пражылі на новым месцы больш за 2 гады. 20% не змаглі дакладна адказаць, – зазначае даследчыца BEROC Віялета Панасевіч. – У сваю чаргу 38% украінцаў хочуць вярнуцца дамоў, каля 20% не плануюць, 42% маюць складанасці з адказам. Часцей плануюць вярнуцца тыя, што жывуць у розных краінах з мужам ці жонкай».

Беларусы ў 70% гатовыя вярнуцца ў Беларусь пры ўмове спынення палітычных рэпрэсіяў, у 82% – пры змене ўлады. 67% украінцаў вернуцца, калі скончацца баявыя дзеянні.

Каля 60% эмігрантаў з Украіны маюць вышэйшую ці паслядыпломную адукацыю. Беларусаў з такім узроўнем адукацыі больш – каля 89%, сцвярджаюць аўтары даследавання.

Працоўны стаж у большасці беларусаў і ўкраінцаў, якія прыехалі ў Еўразвяз, складае пераважна 11 – 20 гадоў.

Амаль палова ўкраінцаў адзначаюць, што іхная адукацыя прыдалася ім у новай краіне. Сярод беларусаў больш тых, хто лічаць атрыманую на радзіме адукацыю непатрэбнай ў эміграцыі. А вось досвед працы большасці беларусаў спатрэбіўся, у адрозненні ад украінцаў.

Большасць беларусаў і ўкраінцаў за мяжой – наёмныя працаўнікі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне Nova Post, прыватнай украінскай паштовай і кур’ерскай кампаніі, ў Глівіцах, Польшча. 4 кастрычніка 2024 года. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto / Getty Images

39% беларусаў распавялі, што іхны заробак удома да эміграцыі быў вышэйшы за сярэдні па краіне, 19% – што значна вышэйшы. Толькі 8% сказалі, што заробак быў ніжэйшы за сярэдні, і 6% – што значна ніжэйшы. У 27% даходы адпавядалі сярэднім па краіне.

Ва ўкраінцаў сярэдні заробак удома пераважна быў на ўзроўні сярэдняга (32%), у 26% – вышэйшы, у 11% – значна выйшэшы. Менш за сярэдні заробак зараблялі 17% украінцаў і 13% – значна менш.

«Па тыпу занятасці няма амаль ніякай розніцы паміж беларускай і ўкраінскай дыяспарамі, – распавядае даследчык Леў Львоўскі. – Розніца ў тым, што ўкраінцы здолелі часцей уладкавацца на працу ў дзяржаўных структурах – 7% супраць 1% у беларусаў, хоць эмігрантам звычайна цяжка ўбудавацца ў дзяржаўны сектар. Беларусы часцей за ўкраінцаў распачынаюць уласны бізнес – 11% супраць 7% сярод украінцаў».

Большасць сярод украінцаў і беларусаў – наёмныя працаўнікі ў бізнесе: 64% і 63% адпаведна. У НДА працуюць 9% беларусаў і 6% украінцаў, у адукацыі – 2% беларусаў і 5% украінцаў. Па 11% з абодвух бакоў – беспрацоўныя.

Адным з галоўных пытанняў падчас даследавання было, наколькі прафесія, з якой эмігранты з Беларусі і Украіны прыехалі ў Еўразвяз, прыдатная ў новай краіне. Аказалася, што самыя праблемныя з пункту гледжання канвертацыі прафесіі – адукацыя, рэклама, дызайн, маркетынг, фінансавыя паслугі, банкаўская справа, гандаль, юрыспрудэнцыя, архітэктура і інжынірынг.

Колькі беларусаў захавалі сваю прафесію за мяжой?

Сярод украінцаў прафесіяй, якая найлепш канвертуецца за мяжой, аказалася будаўніцтва ўдома ў гэтай сферы працавалі 10% апытаных эмігрантаў, і ўсе яны знайшлі працу па спецыяльнасці і ў ЕЗ.

Будаўніцтва як сферу сваёй працы назвалі 3% апытаных беларусаў, з іх 1% працягвае кар’еру ў той жа галіне і за мяжою.

«Імаверна, гэта звязана з тым, што сярод украінцаў у Польшчы і так была вялікая дыяспара, якая працавала ў сферы будаўніцтва, і новым мігрантам было прасцей знайсці там працу», – зазначае Львоўскі.

У беларусаў добра канвертаваліся кансалтынг і ІТ-сфера. Агулам, ІТ як сваю дзейнасць назвалі 42% апытаных беларусаў (37% з іх працягнулі кар’еру за мяжой) і 11% украінцаў (7% засталіся ў прафесіі ў эміграцыі).

Таксама беларусы добра ўладкаваліся ў турызме, б’юці-сферы.

Горшая сітуацыя ў тых, што ў Беларусі працавалі ў гандлі – толькі 6% з 17% здолелі знайсці падобны занятак за мяжой (сярод украінцаў – 8% з 26%).

Агулам 44% беларусаў адказалі, што за мяжой працягнулі працу ў той жа сферы, што і дома, і нават на той жа пасадзе. Сярод украінцаў так пашчасціла толькі 23% эмігрантаў.

8% беларусаў засталіся ў былой прафесіі, аднак на ніжэйшай пасадзе, сярод украінцаў такіх – 13%. 19% беларусаў і 14% украінцаў пачалі працаваць у сумежнай вобласці. 29% беларусаў цалкам змянілі сферу дзейнасці, сярод украінцаў такіх – 49%.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып банку PKO Bank Polski бачны на будынку Rotonda ў Варшаве, Польшча. 13 лістапада 2024 года. Фота: Jakub Porzycki / NurPhoto / Getty Images

Амаль траціна беларусаў і палова ўкраінцаў пасля пераезду цалкам страцілі свой напрацаваны чалавечы капітал, падкрэсліваюць даследчыкі.

Жанчынам часцей трэба пачынаць з нуля

Пачынаць кар’еру з нуля часцей даводзіцца жанчынам: гэта адзначылі 43% беларусак і 57% украінак. У той жа час 55% беларускіх мужчын і 35% украінскіх засталіся на ранейшіх пасадах.

«Жанчыны цяжэй у плане захавання чалавечага капіталу перажываюць міграцыю», – зазначаюць даследчыкі.

У першыя два гады эміграцыі тых, хто захаваў кар’еру, менш (17%). Праз 2 і болей гадоў даволі вялікая колькасць людзей вяртаюцца ў сваю прафесію (51%).

Найлепш адаптуюцца беларусы з працоўным стажам 6 – 10 гадоў, яны часцей вяртаюцца ў сваю прафесію. Горш – са стажам меншым за 5 гадоў ці большым за 20 гадоў.

«Гэта можа быць звязана з тым, што іхны досвед стаў зусім спецыфічным і завязаным пад краіну, у якой яны працавалі», – мяркуе Леў Львоўскі.

Высокі чалавечы капітал, які нельга канвертаваць

Большасць беларусаў – 55%, шукалі новую працу за мяжой праз абвесткі, 50% – праз знаёмых і сваякоў. Прыкладна такія ж лічбы сярод украінцаў.

28% беларусаў рэлакаваў працадаўца, сярод украінцаў такіх – толькі 13%. 21% беларусаў дапамагла дыяспара (і гэта тлумачыць тое, што больш беларусаў здолелі захаваць сваю прафесію, лічыць Львоўскі), сярод украінцаў гэты паказнік – толькі 3%.

Пры гэтым 30% украінцаў шукалі працу праз службу занятасці, з беларусаў жа да іх па дапамогу звярнуліся толькі 13%.

У адказ на пытанне, што магло б дапамагчы ў інтэграцыі і захаванні кар’еры на замежным рынку працы, 38% беларусаў назвалі рэкамендацыі для працадаўцаў. 34% хацелі б аплаты адукацыі. 29% маюць патрэбу ў дапамозе па беспрацоўі і 26% – у кансультацыях.

Сярод украінцаў большасць – 32%, чакаюць на дапамогу па беспрацоўі, 25% – на рэкамендацыі, 22% патрабуюць аплаты адукацыі і 18% – кансультацыяў.

«Найчасцей чалавечы капітал губляюць жанчыны і людзі ў пачатку кар’еры ці са стажам, большым за 20 гадоў. Дапамагчы ў захаванні чалавечага капіталу могуць дыяспары і транснацыянальныя кампаніі. Таксама ўплывае мова – чым большае значэнне ў працы мае нацыянальная мова, тым горш будзе канвертавацца гэтая прафесія. Важнасць вывучэння мовы вельмі дыверсіфікаваная па сферах – у ІТ, напрыклад, не вельмі ўплывае, у адукацыі – вельмі моцна ўплывае», – зазначае Львоўскі.

Паводле даследчыкаў, найпрасцей канвертаваць сваю прафесію і працягнуць кар’еру пасля пераезду ІТ-спецыялістам, дальнабойнікам, а таксама – эмігрантам з нізкай кваліфікацыяй.

«Масавыя ад’езды з Беларусі і Украіны стварыла феномен вялікіх хваляў недобраахвотнай міграцыі людзей з высокім чалавечым капіталам, які нельга канвертаваць», – зазначае Леў Львоўскі.

Хто выйграе, а хто страціць ад міграцыі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У другую гадавіну поўнамаштабнага расейскага ўварвання ў Вільні прайшлі шэсце і дэманстрацыя ў падтрымку Украіны з удзелам каля 1000 чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2024 года. Фота: Yauhen Yerchak / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Страта чалавечага капіталу адмоўна адлюстроўваецца на самім мігранце – чалавек сутыкаецца са зніжэннем даходу, узроўню жыцця, што цягне негатыўныя сацыяльныя наступствы. Адначасова гэта мае значэнне і для краінаў, у якія прыязджаюць эмігранты, і з якіх з’язджаюць.

«Для краіны-донара, з якой чалавек з ‘язджае, гэта пытанне важнае таму, што частка мігрантаў могуць вярнуцца з нарошчаным у краіне эміграцыі капіталам. А нават калі не вернуцца, для эканомікі могуць стаць важнымі памер і якасць бізнес-дыяспары. Напрыклад, калі ўкраінцы застануцца ў Польшчы і будуць тут паспяховымі, гэта зробіць больш паспяховымі бізнесоўцаў ва Украіне, бо ў іх ужо будуць гатовыя сувязі, навыкі працы на польскім рынку. Таксама грашовыя пераводы пры вялікіх хвалях міграцыі – важная крыніца замежнай валюты для краінаў-донараў», – тлумачыць Львоўскі.

Для краінаў-рэцыпіентаў важна, якім будзе чалавечы капітал новых працоўных рэсурсаў, якія яны набылі. Чым лепш людзі ўладкуюцца, тым лепш будуць жыць, спажываць, плаціць падаткі. Таксама гэта ўплывае на якасць асіміляцыі ў мясцовае грамадства. Мігранты з захаваным высокім узроўнем чалавечага капіталу не замыкаюцца ў сваіх нацыянальных кам’юніці, а ўбудоўваюцца ў жыццё новай краіны, рэзюмуюць даследчыкі.

Ганна Ганчар, belsat.eu