Калі не прайшло і двух гадоў ад сакральнай даты 25 сакавіка 1918 года, органы ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі зведалі такі знаёмы беларусам працэс: раскол. Што справакавала? І хто быў супраць каго? Давайце паглядзім.
Два Урады БНР адначасова
13 снежня 1919 года стала нешчаслівым днём для беларускай гісторыі ўвогуле і для БНР у прыватнасці. Па выніках тых падзеяў у даволі кволай на той момант улады Беларускай Народнай Рэспублікі падрэзалі крылы. Далейшае існаванне Рады, якая абвяшчала Незалежнасць БНР, апынулася пад пагрозай. Твар да твару сышліся каманды Пётры Крачэўскага разам з Вацлавам Ластоўскім і Язэпа Лёсіка з Антонам Луцкевічам.
Да гэтага дня ў Беларускай Народнай Рэспубліцы фармальна існавала адна-адзіная Рада БНР пад кіраўніцтвам старшыні (прэзідэнта) Язэпа Лёсіка і Урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам. Канец 1919 года надышоў пад знакам двух замежных акупацыйных рэжымаў. Захад Беларусі — з Гародняй, Вільняй, Мінскам — быў пад кантролем Польскай дзяржавы Пілсудскага. А ўсход — пад бальшавіцкім штыком.
У гэтых умовах і адбыўся сур’ёзны раскол сярод беларускіх дзеячаў. Якім мусіла быць стаўленне да Польшчы? Ці варта шукаць падтрымкі ў бальшавікоў? Падобныя пытанні віравалі ў галовах нашых бліскучых палітычных дзеячаў мінулага.
На скліканай 13 снежня 1919 года Радзе БНР і адбыўся гістарычны падзел. Відавочца тых падзеяў Макар Краўцоў апісаў гэта наступным чынам: «З-за асабістых адносінаў і ідэалягічных праблемаў унутры Рады адбываліся спрэчкі, якія вялі да расколу. З аднаго боку, былы прыхільнік ідэі федэрацыі з Польшчай Вацлаў Ластоўскі прагне звольніць Антона Луцкевіча і прапанаваць на пасаду прэм’ера сваю кандыдатуру.
З другога боку, левае крыло Рады (да якога належаў і Ластоўскі), у якое ўваходзіла значная колькасьць эсэраў і групы сацыялістаў-федэралістаў (разам каля 40 чалавек, уся Рада складалася са 100 сяброў), вырашае адмовіцца ад польскай арыентацыі і шукаць іншыя шляхі ажыцьцяўленьня нацыянальных ідэалаў.
У крытычная дні, адначасова, але ў розных памяшканьнях, адбываліся паседжаньні абедзьвюх частак Рады. Перамовы не прынеслі плёну, і адбыўся фармальны раскол, вынікам якога сталі адразу два беларускія ўрады».
Назвы новых органаў: «Найвышэйшая Рада БНР» і «Народная Рада БНР».
Народная Рада БНР аднагалосна выбрала новы прэзідыум у складзе старшыні Пётры Крачэўскага і ягоных таварышаў — Палуты Бадуновай і Васіля Захаркі, i сакратароў — Козіча і Мамонькі. Старшынёй Рады Міністраў стаў Вацлаў Ластоўскі. Міністэрскія пасады атрымалі: Ладноў, Белевіч, Грыб, Цвікевіч, Заяц i Душэўскі.
А «паралельныя» кіраўнікі БНР — стваральнікі «Найвышэйшай Рады» Антон Луцкевіч, Язэп Лёсік, Ян Серада.
Пазіцыя Пётры Крачэўскага — «Народнай Рады»
Дзякуючы ўспамінам, якія дайшлі да нашых дзён, можам звярнуцца наўпрост да разважанняў галоўных дзейных асобаў. Пётра Крачэўскі казаў пра небяспеку тэрытарыяльных прэтэнзіяў нядаўна створанай новай Польшчы. Беларускі дзеяч адзначаў, што «Польшча не хацела адмовіцца ад нейкага сувэрэнітэту на падставе гістарычных правоў Люблінскай вуніі 1569 году на значную частку Заходняй Беларусі, з Менскам уключна».
З гэтым, на думку Крачэўскага, і было звязана тое, што кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі настойліва прапанаваў Антону Луцкевічу выехаць у Мінск, каб там «распачаць нібыта дзяржаўную дзейнасьць і склікаць чарговую сэсію Рады БНР».
Як лічыў Пётра Крачэўскі, Пілсудскаму хацелася атрымаць ад Рады БНР мандат на суверэнітэт у Заходняй Беларусі. Аднак пасля прыезду дэлегатаў высветлілася, што большасць Рады настроена варожа да Польшчы і ні на якія кампрамісы з Польшчай пайсці не можа. «Тады палякі, паманіўшы міліёнамі перад палёнафільскай часткай Рады, запатрабавалі расколу Рады», — узгадвае спадар Крачэўскі.
Атрымалася наступнае: сход Рады з наяўнасцю кворуму адбыўся без «палёнафілаў». І замест прывітання Пілсудскаму, як яны прапанавалі, вынес «рашучы пратэст супраць акупантаў».
«Рада Б. Н. Р. не здрадзіла сувэрэнітэту свайго народу і захавала мандаты і правы на ўладу. Новаабранаму Прэзыдыюму Рады былі перададзеныя вярхоўныя правы Беларускага народу, да тае пары, пакуль яны ня будуць мець магчымасьці вярнуцца на Бацькаўшчыну», — адзначаў Пётр Крачэўскі.
На другі ці трэці дзень пасля сходу Рады адбыўся і «прыватны сход адкалоўшыхся палёнафілаў на кватэры Ўласава, дзе стварылі фальшывы прадстаўнічы орган Беларускага народу, патрэбны для Палякоў, пад назвай «Найвышэйшай Рады»».
Напрыканцы 1920 года сябар прэзідыума Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Народную Раду БНР адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. Ён «здаў свае мандаты, як нікому непатрэбныя сьведкі абмылак і здрады», як красамоўна апісваў гэта Пётра Крачэўскі.
Пазіцыя Антона Луцкевіча — «Найвышэйшай Рады»
З дзённіка аднаго з бацькоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча можна вычапіць ягонае стаўленне да сутнасці канфлікту:
«Апошнія дні поўны розных вестак, спадзяваньняў, надзей і разчараваньняў. Ясна і бязспорна толькі адно: што на Гродзеншчыну ідуць дзьве хвалі — з усходу і з захаду, што разыграецца яшчэ адзін акт крывавай драмы, пачаўшайся ў 1914 годзе. І абедзьве гэтыя хвалі нясуць нам руіну і зьнішчэньне не толькі матэрыяльнага багацьця, але — і гэта найгорш — нашых палітычных ідэалаў, нашага дзяржаўнага будаўніцтва.
Праўда, у «саўдэпскай» часьці нашага краю праводзіцца ў жыцьцё яшчэ адзін з нашых палітычных лозунгаў: аб’яднаньня Беларусі з Літвой. Але праводзіцца гэта чужымі нам рукамі — жыдамі і маскалямі — у імя інтарэсаў савецкага ўраду.
Польшча суліць нам унію. Але хто можа верыць, каб наш народ сапраўды прыстаў да яе. Нават між тымі абаламучанымі беларусамі-каталікамі, якія ўжо называюць сябе палякамі, пасьля хвалебных гімнаў для пана і ксяндза пачуеш прыцішаным голасам сказанае пытаньне: — Паночку, a ці скора прыдуць яны? — Нашто вам «яны»? — Бо зямлі нам дадуць.
Бальшавізм у нас немінучы, як здаецца, немінучы ён і ў Польшчы. І чым хутчэй наш народ перапаліцца ў яго агні, тым лепш, тым хутчэй пачнецца творчаская работа — будаваньне новай будучыні, дзе народ будзе сапраўды гаспадаром на сваей зямлі».
Захавалася тэлеграма Луцкевіча, разасланая ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР, якую апублікаваў журналіст Сяргей Шупа: «Стары кабінэт застаўся кропка рада абрала найвышэйшую раду пяць чалавек перадала ёй мандаты разьехалася кропка адначасна ластоўскі крачэўскі захарка бялевіч бадунова мамонька ствараюць самазвана новы ўрад выступаюць незаконна імя рады кропка».
Сам Антон Луцкевіч няшмат часу правёў на пасадзе кіраўніка Урада. Як прынята казаць, ён пераканаўся, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасць у будучыні, і таму 28 лютага 1920 года пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў.
Здрада?
Беларускі паэт, аўтар словаў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў таксама быў адным з непасрэдных удзельнікаў тых падзеяў.
«У часе першага пасяджэньня Рады БНР у лістападзе 1919 года Старшыня міністраў Луцкевіч ужо знаходзіўся ў Варшаве, куды быў выкліканы з Парыжа польскім прэм’ерам Падэрэўскім, як быццам дзеля паразуменьня. Аднак, прасядзеўшы ў Варшаве каля двох месяцаў, Луцкевіч ніяк ня мог дачакацца аўдыенцыі ў Падэрэўскага i так i не дачакаўся яе зусім.
Атрымаўшы пропуск на выезд у Менск, Луцкевіч прыбыў туды. Частка радных дадумаліся да ўтварэньня як-бы замест Рады Рэспублікі нейкае Дырэкторыі або «Найвышэйшае» Рады з некалькіх асобаў, на што ніяк не магла згадзіцца гэткая дужая лікам фракцыя радных, як беларускія сацыял-рэвалюцыянэры, лічыўшыя ўсякія гутаркі аб Дырэкторыі здрадаю».
Ніякія спробы паразумення паміж абодвума кірункамі ні да чаго не давялі, i раскол 13 снежня 1919 адбыўся.
Відавочцы тых падзеяў звяртаюць увагу на тое, што «Найвышэйшая Рада» i ўсе асобы, што прысутнічалі на альтэрнатыўным зборы ў кватэры Уласава, «сядзелі спакойна цэлы час польскай акупацыі ў Менску». А вось Ластоўскі з некаторымі паплечнікамі былі кінутыя у астрог за незаконны сход i «адсядзелі хто месяц, a хто i больш». Пасля выхаду на волю Вацлаў Ластоўскі спешна выехаў у Латвію. У той час як ягоныя сябры па «Народнай Радзе» Крачэўскі і Захарка здолелі трапіць за мяжу без адсідкі.
Макар Краўцоў узгадвае: «Найвышэйшая Рада тым часам засталася круглаю сіратою ў сваёй палітыцы, амаль ня выткнуўшы носу далей Менску, памятнай кватэры Ўласава ды яшчэ гасьціннага дому Серады. Ніякага абвяшчэньня аб сваім існаваньні Найвышэйшая Рада ні разу ня выпусьціла, хаця розныя пустыя размовы з палякамі вяла».
Спадар Краўцоў відавочна меў на ўвазе, што ў чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада БНР яшчэ патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сойма Беларусі будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. Аднак з пачаткам наступу бальшавікоў бальшыня сябраў Найвышэйшай рады БНР эвакуявалася ў Польшчу.
Прысуд удзельнікаў і відавочцаў тых падзеяў: «Гэткім чынам Найвышэйшая Рада сама сябе ліквідавала. Калі ў Менску яна была палякам так ці іначай патрэбнаю, дык у Варшаве ня было ўжо ў ёй патрэбы нават i для дыпляматыі».
«Двоеўладдзе» праіснавала да канца 1920 года, калі «Найвышэйшая Рада» скончыла сваё існаванне і далучылася на «Народнай Рады». З тых часоў маем тую самую Раду Беларускае Народнае Рэспублікі.
Праз 105 гадоў
Калі глядзець на падзеі сённяшнімі вачыма і ўявіць магчымасць уласнага ўдзелу ў паседжаннях 1919 года, ці здолелі б вы абраць адзін з двух бакоў? Каго б падтрымалі ў тых складаных і трагічных абставінах?
Ці гэта «палянафільская» Найвышэйшая Рада БНР з Антонам Луцкевічам, Язэпам Лёсікам і іншымі? Альбо ваш выбар — на карысць Народнай Рады БНР поруч з Пётрам Крачэўскім, Вацлавам Ластоўскім?
Сяргей Навумчык, намеснік Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у каментары для Budzma адзначыў, што ў найноўшы час падобных рызыкаў расколу Рады не было. Гэта і да лепшага!