Сяргей Бесараб: І другая БелАЭС карысці Беларусі не прынясе

У Беларусі анансавалі пачатак перамоваў з Расеяй па будаўніцтве другой атамнай электрастанцыі, якая стане прадаўжэннем стратэгіі па ўмацаванню энергетычнай бяспекі краіны.

Каментуе для „Радыё Рацыя“ экс-супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, хімік Сяргей Бесараб:

– У Пухавічах таксама адкрывалі АЭС. У выніку ад яе застаўся толькі памятны камень. Я думаю, так будзе і з другой беларускай. Якія-небудзь грошы засвояць на адкрыццё, паставяць памятны камень і на гэтым усё закончыцца. Няма таго, хто будзе крэдытаваць будаўніцтва. Сваіх грошай у прынцыпе ніколі не было і ніколі не будзе. Як яна паўплывае на энергетычную бяспеку краіны і рэгіёну? Яна паўплывае гэтак сама, як паўплывала будаўніцтва першай: агромністая дзіра ў энергетычнай бяспецы; залежнасць ад Расеі стане яшчэ большай; электраэнергія будзе яшчэ даражэйшай; і плюс – з’явяцца экалагічныя рызыкі, таму што будзе яшчэ больш радыёактыўных адпадаў.

Раней, 14 сакавіка, падчас выступу ў Савеце Федэрацыі РФ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што другую АЭС можна пабудаваць на “усходніх межах” Беларусі. Паводле яго слоў, гэты аб’ект мог бы забяспечваць электраэнергіяй расейскія рэгіёны, уключаючы Бранскую вобласць, і так званыя “новыя рэгіёны” Расеі, пад якімі, відавочна, маюцца на ўвазе анексаваныя тэрыторыі Украіны.

Цалкам матэрыял:

racyja.com