Імя беларуска-расійскага тэатральнага мастака Зіновія Марголіна вядомае і любімае нашымі тэатраламі. Ён сябар і паплечнік рэжысёра Мікалая Пінігіна. У Купалаўскім тэатры яны разам стваралі спектаклі, якія мелі вялізны поспех у гледачоў. Іх памятаюць дагэтуль: «Ідылію», «АRT», «Пана Тадэвуша»…
Цяпер Зіновій Эмануілавіч жыве ў Маскве, а працуе па ўсёй Расіі і Еўропе. Ён у абойме самых запатрабаваных і паспяховых тэатральных мастакоў нашага часу. Але калі журналістка nv-online.info сказала пра гэта пры сустрэчы, то пачула ў адказ яго заўсёднае «давайце без пафасу»:
— Не перабольшвайце, каб інтэрв’ю не было гісторыяй «пра нашага за мяжой».
— Тады «пра нашага». Кропка.
— Так, таму што я — мінчук і нікуды ад гэтага не падзецца. Я пражыў у Менску 40 гадоў, і да гэтага часу памятаю, што мяне чакае за вуглом кожнага дома ў цэнтры горада. Я нарадзіўся на скрыжаванні вуліц Леніна і Ульянаўскай, і з гэтым нічога не зробіш.
— Чытала, што ваша праца ў оперы Эрыха Корнгольда «Мёртвы горад» у тэатры Новая опера вылучана на галоўную тэатральную прэмію «Залатая маска». Будзем хварэць за вас, Зіновій Эмануілавіч, хоць прэміямі вы не абдзеленыя, у тым ліку і «Залатой маскай».
— На жаль, частка намінантаў сёлета выбыла, іх прозвішчы выкраслены з фестывальнай афішы, таму ўзровень конкурсу знізіўся. Але сэнс у фестывалі «Залатая маска» па-ранейшаму ёсць, ён застаецца. Бо як заўсёды вялізная колькасць тэатраў з правінцыі прыедуць у Маскву, і гэта вялікае шчасце. Фестываль «Залатая маска» — гэта гіганцкія гастролі. Яго касмічнаму маштабу няма аналагаў у свеце. У гэтых адносінах штаб «Залатой маскі» — геніяльная арганізацыя. А раздача «сланоў» — прызоў… Цяпер усё гэта будзе адбывацца з лёгкім сумам. Але «Маску» спыняць нельга, трэба выцягваць людзей з правінцыі.
– З кім з рэжысёраў вы зараз працуеце?
— У мяне невялікае творчае кола таварышаў — Яўген Пісараў, Васіль Бархатаў, Барыс Эйфман, Міндоўг Карбаўскіс, яшчэ некалькі прозвішчаў.
— Вельмі знакамітых прозвішчаў!
— Не перабольшвайце значнасці таго, чым мы займаемся. Я супраць пафасу, мы ж не ў эстрадзе. Там вядомыя прозвішчы. Яшчэ ў спорце. А ў тэатр па статыстыцы нават у Расіі ходзіць не больш за 5% насельніцтва. Увогуле, гэтая вельмі камерная справа для невялікай групы таварышаў.
— Вы толькі што вярнуліся з Еўропы. Што рабілі ў Берліне?
— Выпускаў спектакль «Сымон Баканегра» Вердзі ў Дойчэ опера. Нядаўна была прэм’ера.
— Мы сядзім і размаўляем з вамі ў атрыўме адміністрацыйнага будынка Вялікага тэатра Расіі, значыць, наступны ваш спектакль будзе менавіта тут?
— Так, увосень плануецца прэм’ера оперы Чылеа «Адрыена Лекуўрэр». Гэта вялізная касцюмная опера пра каханне. Вялікі тэатр, як усе буйныя тэатры свету, любіць усё рабіць загадзя. І гэта правільна, прадукт павінен быць якасны.
— А як працавалася ў Еўропе?
— Інтэнсіўна. Усе размовы аб адмене рускай культуры — забудзьцеся. Гэта дурасць, гэта прапаганда. У мяне наперадзе пастаноўка «Яўгенія Анегіна» Чайкоўскага, «Кацярыны Ізмайлавай» Шастаковіча. Мае калегі, ведаю, робяць «Пікавую даму». Так што расійскі рэпертуар у Еўропе ніхто не адмяняў.
— Але як тады гэта звязваецца з жорсткай антырасійскай рыторыкай Еўропы ў палітычнай галіне?
— Стаўленне да мяне як да мастака і як да грамадзяніна — яны розныя. Як чалавек, які ўдзельнічае ў творчых працэсах, я еўрапейскім тэатрам патрэбны. Таму што іх сістэма вельмі кансерватыўная, раз запланавана — значыць, павінна быць выканана. І потым, калі ты асабіста не ўцягнуты ў палітычны працэс, то працуй і ўсё. Ад мяне ніхто не патрабуе асабістых пакаянняў і тлумачэнняў. Мая пазіцыя застаецца пры мне, але ёй нават ніхто не пацікавіўся, калі шчыра.
— Жыццё паварочваецца нечаканымі гранямі. А вось Азія можа запрасіць вас зараз на пастаноўку?
— Так, хутка ў мяне будзе праект у Кітаі. Можа быць… Але гэта ўсё роўна для мяне прыгода. Тэатраў у нашым уяўленні там няма. Але ёсць прадзюсарскія гурты, якія робяць спектаклі з еўрапейскімі рэжысёрамі, а потым возяць іх па краіне. Мне гэта цікава з пункта гледжання досведу. А ў кітайцаў каласальная цікавасць да еўрапейскага мастацтва і шмат грошай — яны ўсё купляюць, задарма нічога не бяруць. Але ўсё з карысцю для сябе.
— Я хачу вам задаць пытанне, на якое сама, прызнацца, не ведаю цвёрдага адказу. Ці маюць маральнае права беларускія артысты ездзіць зараз на выступы ў Маскву?
— Я не ўпаўнаважаны вырашаць такія пытанні. Гэта справа кожнага. Больш за тое, менш за ўсё тут трэба прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Гэта твая асабістая воля і твае асабістыя ўяўленні аб прыстойнасці. А што такое ўвогуле грамадская думка?
— Падобна, гэта тая інфармацыйная бурбалка ў Фэйсбуку, у якой мы абменьваемся інфармацыяй з сябрамі.
— Можа быць. Да ведама людзей, якія гатовыя забараняць камусьці ездзіць у Маскву, нагадаю, што пасля гібелі Купалаўскага тэатра частка трупы засталася ў Мінску, іншая, як вядома, зараз у Польшчы. А некалькі чалавек пасля 2020 года працуюць у Расіі. У Александрынскім тэатры Санкт-Пецярбурга служыць Іван Трус. Ён стаў вядучым акцёрам у трупе, пад яго там робяцца спектаклі. Павел Харланчук, які быў адным з сімвалаў Купалаўскага тэатра, працуе зараз у Губернскім тэатры Масквы. Так склалася ў яго жыццё. Гэта воля кожнага, і я не маю права кагосьці абмяркоўваць. І гэта не значыць, што чалавек згубіў гонар, гэта не гаворыць пра яго ўнутраныя кампрамісы. Людзям трэба выжываць. У іх, нарэшце, ёсць дзеці. Магчыма, у наступным жыцці ўсе зноў аб’яднаюцца ў Купалаўскім тэатры.
— Як вы паставіліся да звальнення трупы ў 2020 годзе? Гэтага можна было пазбегнуць, як думаеце?
— Гібель Купалаўскага тэатра — мая асабістая траўма. Калі нехта думае, што пройдзе час і з’явіцца новы Купалаўскі, то ён памыляецца. Гэтага не адбудзецца.
— Можа, гэта была фатальная памылка? Нам вельмі не хапае зараз любімага тэатра.
— Не, гэта была не памылка, гэта была воля людзей. Гэта былі іх уяўленні аб гонары і сумленні. У цяперашняй рэальнасці яны працаваць не змаглі б. Купалаўскі тэатр — тэатр з пазіцыяй. Яго трупа ўнікальная, у былым Савецкім Саюзе такіх не знайсці, ці ж іх былі адзінкі. Галоўны рэжысёр Мікалай Пінігін — мой таварыш, я ўважліва сачыў за ўсімі падзеямі.
— А дзе зараз Мікалай Пінігін? Ён адмаўляецца ад зносін з прэсай…
— Зразумела, што адмаўляецца — з такога піке складана выйсці. Адбылася драма, крушэнне. Я яго цудоўна разумею. Дзе б ён ні быў, ён зараз у любым выпадку трапіць у тэатральную сітуацыю на парадак горш, чым Купалаўскі тэатр. Ён не атрымае ні той працы, ні тых артыстаў і не будзе рабіць тое, што хоча. Бо Мікалай Пінігін адзін з тых, хто ствараў новы беларускі тэатральны ландшафт. Купалаўскі быў нацыянальным тэатрам у лепшым сэнсе. Яго гібель — незаменная страта. І гэта, вядома, жах. Пры гэтым упэўнены, што запыт на тэатр у Беларусі ёсць.
— І вялізны. А навошта людзі ходзяць у тэатр, па-вашаму?
— Адказаў няма, адказы ў вас унутры. Найперш спектакль павінен быць актуальным. Не ў вульгарным сэнсе, а ў сэнсе душэўнага і інтэлектуальнага хвалявання. Мы жывём у пэўны час у пэўным месцы. І я зараз не пра палітыку кажу.
— Падключыцца да тэатра як да кропельніцы, як сказалі аднойчы вы вельмі вобразна.
— У тэатр вярнуліся функцыі, якіх ужо не было шмат гадоў. У тэатр сталі хадзіць па праўду. Як у 1970-80-я гады. Доўгі час праўду мы маглі атрымаць адкуль заўгодна. А зараз з гэтым складана. Таму пачалі хадзіць у тэатр. І ў Беларусі наспела неабходнасць тэатра, у які б хадзілі па праўду.
— Вы часта адчувалі пачуццё роспачы ў апошні час? Вас не накрывае гэтай хваляй?
— Я знаходжуся ў стане пастаяннага дыскамфорту. Спакойна жыць я ўжо не магу. У рэшце рэшт, гэта рэфлексы: разумець, што недалёка ад цябе адбываецца пекла і думаць, што цябе гэта не датычыцца, немагчыма. Усё, што адбываецца вакол, у тым ліку ў Беларусі, — мяне асабіста тычыцца. У беларускай зямлі мае тата і маці ляжаць, брат родны ў Мінску жыве. Мяне ўсё датычыцца! Хаця дапамагчы часта нічым не магу.
— Магчыма, усё прадвызначана глабальнымі гістарычнымі працэсамі?
— Не, чалавек не павінен так думаць. Бо ёсць яшчэ такое паняцце як сумленне, унутранае пачуццё справядлівасці. За апошні час я ўбачыў велізарную колькасць пераламаных лёсаў блізка знаёмых людзей. З Вялікага тэатра Беларусі звольнілі майго таварыша Вячаслава Чарнуха-Воліча. Цяпер ён галоўны дырыжор у Адэсе. Але вы разумееце, што ён там чужы? Чужы… А дзявацца яму няма куды: ні ў Маскву, ні ў Мінск ён вярнуцца ўжо не можа. Яшчэ раз паўтараю пра гібель Купалаўскага тэатра і паламаныя лёсы яго акцёраў — гэта гісторыя, якая будзе запісана ў аналы. Гэта неймаверна — галоўны тэатр краіны, частка яе нацыянальнай ідэнтычнасці… Таму рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, я не магу. А калі ты пачнеш ставіцца да гэтага як да нормы, значыць, у цябе адбылася поўная чалавечая дэфармацыя.
Алена Малочка, nv-online.info