Беларусы Каця і Давід пачалі сустракацца яшчэ ў Мінску, працавалі разам у адной кампаніі. Для «Радыё Ўнэт» яны распавялі сваю гісторыю кахання і патлумачылі, чаму на рэгістрацыю іх шлюбу прыязджаў мэр горада.
«Я запрасіў Кацю ў кіно 14 лютага, але яна нават не падумала, што гэта дзень закаханых. І ўсё ж ад таго часу мы расставаліся максімум на тры дні», — пачынае Давід іх сямейную love story, якая працягнулася ў Варшаве прапановай рукі і сэрца.
Так пара пачала вывучаць юрыдычныя асаблівасці рэгістрацыі брака ў Польшчы. У той час яны яшчэ мелі магчымасць з’ездзіць у Беларусь і атрымаць неабходныя даведкі.
На іх збор пайшло прыблізна паўгады. Але зараз, кажуць малдыя людзі, гэта можна зрабіць нашмат хутчэй — папросту не ўсе акалічнасці былі ім вядомыя. Пасля атрымання дакумента ад беларускага консульства, што ў пары няма перашкод для заключэння шлюбу, Давід і Каця распачалі працэдуру запісу на рэгістрацыю ў Польшчы. Вольныя даты ў Варшаве былі толькі праз 5 месяцаў. Але ў адным з прыгарадаў польскай сталіцы, Падкове-Лесьнай, атрымалася запісацца на верасень.
«Нас не вельмі захацелі запісваць, бо мы іншаземцы. Супрацоўніца не пытала нават ніякіх дакументаў, якія б пацвердзілі нашу легалізацыю. Але калі мы сказалі што мы ў Польшчы плацім падаткі, паказалі карткі побыту, яна стала да нас больш лагоднай. Так што раім быць праактыўным і настойваць на вырашэнні свайго пытання».
І ўсё ж калі пара прыехала ў дзень вяселля ў ЗАГС, ён быў… зачынены! Праз супрацоўніка суседняй кавярні атрымалася дазваніцца мэру Падковы-Лесьнай. Ён прыехаў, супакоіў маладых і выклікаў на роспіс тую самую супрацоўніцу, якая і пераблытала даты.
«Мэр аказаўся вельмі цікавым чалавекам, добразычлівым. Распавёў, што раней беларусы ў яго горадзе шлюб не бралі, былі толькі іншаземцы з розных краін, але абодва з Беларусі ўпершыню».
«Нам правялі цырымонію, усё было ў парадку. Пані Зося нават усміхалася, але на развітанне ўсё ж упікнула, што чакала нас днём раней. Маўляў, гэта мы самі ўсё пераблыталі».
Давід і Каця адзначаюць, што падчас цырымоніі для іншаземцаў неабходна прысутнасць перакладчыка — нават калі ты разумееш польскую мову. Пасля ідзе знаёмы парадак для беларусаў: прамова, подпіс і абмен пярсцёнкамі. Гімн не гучыць і штамп у пашпарт не ставіцца. Проста праз пару дзён можна ў любым ужондзе атрымаць сертыфікат рэгістрацыі брака, а пячатку пры неабходнасці можна паставіць у беларускім консульстве.
«Класна, што мы разам пераехалі, разам шукаем працу, жытло, легалізуемся і пераадольваем усе складанасці пасля рэлакацыі».
Поўную гісторыю кахання слухайце ў плэеры ніжэй.