Беластоцкі Фонд «Камунікат» працягвае актыўна выдаваць друкаваныя кнігі. Яшчэ толькі сярэдзіна другога месяца году, але кніжных навінак ужо шмат.

Пра іх расказвае кіраўнік фонду Яраслаў Іванюк:

– Год пачаўся ў нас з выдання другога нумару альманаха «Апостраф». Пазней была кніга Васіля Быкава, дзве аповесці без цензуры пад адной вокладкай – гэта «Ліквідацыя» і «Мёртвым не баліць». Чарговая кніга – Андрэя Федарэнкі, яго новы раман «Сцэнарыст», гэта пра беларускую кінаіндустрыю, вельмі цікава закручаны сюжэт, можна сказаць, што гэта дэтэктыў. На мінулым тыдні я таксама забраў з друкарні зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва «Камедыя Юдзіфі», а таксама кнігу Лявона Карповіча «Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Кпяства».

Таксама Фонд «Камунікат» перавыдаў раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» і ўспаміны Ларысы Геніюш. На Беласточчыне раней яны выходзілі пад назвай «Птушкі бяз гнёздаў». Беларускамоўны варыянт успамінаў будзе прэзентаваны ў Вільні на фестывалі «Вершы на асфальце». А неўзабаве ўспаміны выйдуць і на польскай мове, іх прэзентацыя адбудзецца на Беластоцкім кніжным кірмашы напрыканцы красавіка. Успаміны Ларысы Геніюш перавыдадзены разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.

racyja.com