
У рэдакцыі „Беларускага Радыё Рацыя“ прайшла беластоцкая прэзентацыя «Беларускага каляндарнага энцыклапедычнага даведніка», які не так даўно быў выдадзены ў Беластоку. Гэта 400 старонак і тысячы найбольш знакавых асобаў і падзеяў з беларускай гісторыі і сучаснасці, распісаных на кожны дзень.
Гаворыць аўтар даведніка – гісторык і краязнаўца Уладзімір Хільмановіч:
– Гэты каляндарны даведнік фармаваўся цягам 30-ці гадоў, таму што я занатоўваў здаўна даты памятныя, найбольш выбітных асобаў, знакамітых людзей беларускай нацыянальнай гісторыі, часоў старажытнасці, дзе толькі былі вядомыя фіксаваныя даты па сутнасці ад часоў полацкай зямлі праз ВКЛ, праз Рэч Паспалітую і ажно да нашых дзён. Але найбольш сумнае перажыванне тое, што нельга яе адправіць, завезці ў Беларусь, паколькі яны гавораць пра нашу гісторыю, пра нашых сапраўдных нацыянальных дзеячаў.
Кіраўнік выдавецтва тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», якое займалася выданнем даведніка, Яўген Вапа падчас прэзентацыі падтрымаў ідэю стварэння таксама і электроннага яго варыянта, каб ён быў свабодна дасяжны таксама і беларусам у Беларусі.
– Я мару пра адно, што пры сённяшнім свеце як найхутчэй аўтар гэта можа зрабіць пры дапамозе іншых спецыялістаў. Такія рэчы павінны быць выкладзеныя ў сетках, інтэрнэце, каб маглі быць даступныя ў любым куточку свету, дзе знаходзяцца беларусы. І такім чынам яны будуць даступныя і ў самой Беларусі.
Выданне даведніка адбылося таксама дзякуючы падтрымцы «Стыпендыі Адраджэння».
Чарговая яго прэзентацыя пройдзе ў Варшаве ўжо заўтра, у суботу 22 сакавіка, у Беларускай прасторы «Робім разам», што месціцца па адрасе Пляц Канстытуцыі 6. Пачатак а 15 гадзіне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


