Сяргей Шупа: Калі ўсё пойдзе паводле найгоршага сцэнару — гэта будзе канец цэлай эпохі

“Радыё Свабода” – гэтыя словы ведае амаль кожны беларус. Старэйшае пакаленне памятае, як лавіла хвалі “Свабоды” ў савецкі час, маладыя атрымліваюць там інфармацыю пра падзеі найноўшай гісторыі Беларусі. Цяпер гэтае вядомае і ўплывовае медыя знаходзіцца пад пагрозай ліквідацыі ў выніку рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

„Радыё Рацыя“ гутарыць з шматгадовым супрацоўнікам “Радыё Свабода”, перакладчыкам і журналістам Сяргеем Шупам.

РР: Хочацца абмеркаваць сітуацыю з «Радыё Свабода». І, можа, напачатку — якой была ваша першая рэакцыя? Як вы адрэагавалі, калі даведаліся, што Дональд Трамп прыняў такое рашэнне?

Так, як і шмат хто — мае былыя калегі, журналісцкая супольнасць Беларусі.

Гэта не быў зусім нечаканы крок, пэўныя сігналы былі і раней, але ўсё роўна да апошняга моманту не верылася, што нешта такое можа адбыцца, што фактычна за адзін дзень скончыцца.

Магчыма, справа яшчэ не закончаная, але калі ўсё пойдзе паводле найгоршага сцэнару, то гэта будзе канец цэлай эпохі. І, урэшце, халодная вайна, якая пачалася пасля Другой сусветнай, скончыцца паразай Амерыкі ў ёй, якая сама проста здалася.

РР: А як бы вы на сёння ацанілі ролю «Радыё Свабода»? Можа будзем больш канцэнтравацца на беларускай службе. Многія згадваюць, што ў савецкія часы гэта быў сапраўдны голас свабоды, гэта была інфармацыя, людзі шукалі гэтыя хвалі. Сёння сітуацыя крыху іншая. Як бы вы ахарактарызавалі гэтую ролю?

На жаль, сёння сітуацыя ў Беларусі не нашмат лепшая, чым была ў савецкія часы. А можа, нават і горшая.

Змяніўся ўвесь інфармацыйны ландшафт. Ужо сёння значна больш каналаў, праз якія можна дазнацца свабодную інфармацыю, свабодныя навіны. Але ўсё роўна «Радыё Свабода» — вельмі важны гулец на інфармацыйнай сцэне ў усёй прасторы, дзе вяшчае гэтае Радыё.

У Беларусі гэта, мабыць, адзіная буйная медыякарпарацыя, якая мае перадачы на беларускай мове.

Напрыклад, на «Голасе Амерыкі» ніколі не было беларускіх праграм. Ніколі іх не было і на BBC, «Дойчэ Вэле» ці іншых радыёстанцыях. Былі дробныя спробы: некаторы час выходзілі беларускія перадачы ў Швецыі, ёсць праграмы на Польскім радыё, але гэта суседняя краіна — усё ясна.

Але тое месца, якое «Радыё Свабода» займала на інфармацыйным рынку, вельмі важнае і істотнае. Само сабой, «Радыё Свабода», як і іншыя незалежныя свабодныя сродкі масавай інфармацыі, адыгрывалі найбольшую ролю ў крытычныя моманты, калі адбываліся нейкія важныя гістарычныя падзеі ў Беларусі.

Пачынаючы з канца 1980-х і 1990-х гадоў, калі ўсё мянялася, калі Беларусь набліжалася да незалежнасці, і незалежнасць была абвешчаная — тады «Радыё Свабода», якую ўжо не глушылі, было ці не галоўнай крыніцай свабоднай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі.

Пасля людзі шукалі інфармацыю на «Радыё Свабода» падчас выбараў, падчас важных масавых акцый: пратэстаў, святкавання 25 Сакавіка, якія заканчваліся жорсткімі разгонамі.

Ну і відавочны пік, зорная часіна «Радыё Свабода» — гэта падзеі жніўня і восені 2020 года, калі «Радыё Свабода» набірала абсалютныя рэкордныя за ўсю сваю гісторыю колькасць праглядаў, праслухоўванняў.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, racyja.com