Віншуем з Днём Волі!

Дарагія сябры!

107 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, беларускі народ засведчыў сваё права быць гаспадаром уласнай зямлі – у Мінску абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасярод віру з вайны, рэвалюцыі, акупацыі, бежанства і эміграцыі ўрэчаіснілася тысячагадовая мара беларусаў аб незалежнай дзяржаве.

Сёння, у варунках, якія палохаюць сваім падабенствам да падзеяў больш як стогадовай даўніны, мы з салідарнасцю і надзеяй па ўсім свеце шырока адзначаем гэты дзень – Дзень Волі – як найвялікшае нацыянальнае свята. Закладзеныя ў падмурак першай беларускай дзяржавы дэмакратычныя ідэалы і нацыянальныя арыенціры вось ужо больш за стагоддзе асвятляюць нашаму народу шлях і служаць маяком падчас бураў гісторыі, натхняюць нас сваёй трываласцю, запэўніваюць, што мы дамо рады і сённяшнім выклікам. Як і сто гадоў таму, слушны кірунак, сумленны шлях да вольнай, незалежнай дэмакратычнай Беларусі пазначаны колерамі і сімваламі, якія аднойчы абралі заснавальнікі беларускай дзяржавы. На нашым шляху гучыць мова, якой гаварылі нашы продкі і на якой гаворым мы.

Памятайма пра тых, хто сёння дзеля нашай будучыні ахвяруе сваімі жыццямі і воляй! Не губляйма натхнення і імпэту на беларускія справы! Будзьма беларусамі!

Жыве Беларусь!

ЗБС „Бацькаўшчына“