Пра гэта “Народнай Волі” паведаміў адвакат беларусаў, якія амаль два гады жылі ў пасольстве Швецыі ў Мінску.
Нагадаем, што ў 2020 годзе жыхары Віцебска бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Калі яны зразумелі, што ім пагражае затрыманне, мужчыны перабраліся праз плот дыпламатычнага прадстаўніцтва і засталіся на тэрыторыі пасольства.
У мінулым годзе стала вядома, што Кузнечыкі змаглі пзбегчы ў Латвію.
“Не так даўно Віталь і Уладзіслаў атрымалі статус бежанцаў і зараз будуць вырашаць, што ім рабіць далей, – распавёў іх адвакат Вадзім Драздоў. – Яны даволі доўга чакалі атрымання гэтага статуса, працэдуру зацягнулі, хаця, як мне падаецца, там і так усё было зразумела”.
Па словах адваката, гэты статус дазваляе Кузнечыкам перасоўвацца па ўсёй Еўропе.
“Таксама пасля атрымання статуса бежанцаў улады Латвіі не могуць да іх адносіцца горш, чым да любога іншага замежнага грамадзяніна, які пражывае на тэрыторыі Латвіі, – дадае Вадзім Драздоў. – Раней Віталь і Уладзіслаў былі заблакаваны ў краіне, напрыклад, не маглі з’ездзіць у суседнія Літву ці Эстонію.
Зараз Кузнечыкі могуць мабільна перасоўвацца па Еўропе, атрымаюць праязны дакумент і дазвол на працу. Не выключана, што з часам з’едуць у іншую краіну, але, натуральна, канчатковае рашэнне яны будуць прымаць самі”.
Таксама бацька і сын Кузнечыкі плануюць напісаць кнігу пра свае “прыгоды” ў апошнія два гады.
“Віталь і Уладзіслаў пастаянна вялі дзённік, запісвалі ўсё тое, што з імі адбывалася штодзень, а зараз у іх ёсць жаданне ўсё гэта літаратурна аформіць і выдаць кнігу”, – кажа іх адвакат.