22 лютага ў Лейпцыгу ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Альбертына прайшла літаратурная сустрэча з паэткай, перакладчыцай Юліяй Цімафеевай і пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам.
На сустрэчу, якая анансавалася як двухмоўная (з удзелам перакладчыка Томаса Вайлера), прыйшло каля 40 чалавек, як лейпцыгскіх беларусаў, так і немцаў. Невялічкая заля была паўнюткай, прыйшлося нават прыносіць дадатковыя крэслы.
Моў у выніку было больш за две — Бахарэвіч, які, як памятаюць чытачы «Гамбургскага рахунку», доўгі час жыў у Германіі, прамаўляў па-нямецку, Цімафеева — па-ангельску. І, зразумела, абодва чыталі свае творы па-беларуску.
Юлія — вершы з нямецкамоўнага зборніка «Der Angststein» і беларускамоўных «Воўчых ягад», «аўтабіяграфіі без фактаў», кнігі, пачатай і скончанай у выгнанні. Абедзве выйшлі ў 2022 годзе. Альгерд — урыўкі з не патрабуючых прадстаўлення «Сабакаў Эўропы». Томас Вайлер чытаў тое ж самае ў перакладзе на нямецкую мову (дарэчы, «Сабакі Эўропы» ў ягоным перакладзе хутка выйдуць у нямецкім выдавецтве Voland&Quist).
Бахарэвіч у асноўным распавядаў слухачам пра сюжэт «Сабакаў» і іх пакручысты шлях у Беларусі (кніга афіцыйна прызнаная экстрэмістскай), пра ролю розных моваў у кнізе і агулам у творчасці.
Юлія Цімафеева, каментуючы свае вершы, дзялілася асабістым, перажытым за два гады ў эміграцыі-выгнанні:
— Я пачала пісаць лісты палітвязням, бо гэта амаль адзінае, што я магла зрабіць для іх, што мы ўсе можам зрабіць. Спачатку я пісала знаёмым і незнаёмым людзям, але потым арыштавалі майго брата з жонкай, яны абодва музыкі, гралі на маршах. І я пачала пісаць лісты ў турму сваім родным. Але яны ўжо адбылі ўвесь прысуджаны тэрмін і зараз ў бяспецы.
— Я двойчы страчвала голас як паэтка, як літаратарка: у 2020 годзе пасля выбараў у Беларусі і з пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне. Зноў яго знайсці часам дапамагаюць пераклады. Калі ў цябе няма сваіх словаў, ты можаш знайсці іх у іншых. Летась я шмат перакладала ўкраінскіх паэтак і паэтаў.
— А часам знайсці свой голас можна на іншай мове. Калі я пішу па-ангельску, я ўяўляю сябе іншым чалавекам. Так з’явіўся мой англамоўны дзённік пра паўсядзённае жыццё ў пратэсным Мінску, «Minsk Diary», надрукаваны ў 2021 годзе па-нямецку.
— Не так даўно падчас адной закрытай імпрэзы ў мяне запыталася літаратарка, якая жыве ў Беларусі, ці разумею я, што пішу эмігранцкую літаратуру. Спачатку мяне гэта моцна раніла. Але цяпер я ўсё ж разумею, я вымушаная прызнаць, што пішу эмігранцкія вершы.
— Каб адчуваць нейкую прастору домам, мне неабходныя расліны . У Грацы, дзе мы жылі два гады, я вырасціла некалькі дрэўцаў авакада з костачак. Так з’явіўся верш «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада». На жаль, я вымушаная была дрэўцы пакінуць іншым людзям, калі мы з’язджалі, такая маленькая трагедыя.
— Наш дом там, дзе нашыя кнігі. Нашая бібліятэка засталася у Менску, нам яе вельмі не хапае. За два гады ў Грацы у нас зноў з’явілася шмат кніг — невялікую частку мы забралі з сабой у Кемніц, дзе жывем зараз, іншыя падаравалі, яшчэ частка чакае нас у Грацы.
Пасля амаль двухгадзіннай імпрэзы адбылася невялічкая аўтограф-сесія. Пару дзясяткаў кніжак, што літаратары прывезлі з сабой, разышліся амаль імгненна — як беларускія, так і на нямецкай мове.
Яўген Ерчак, фота аўтара, budzma.org