Сілавікі прыйшлі зь ператрусам да бацькоў сябра Грамады, якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Менск, 2016

Статус так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» атрымала ўжо закрытая ўладамі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Сілавікі прыйшлі зь ператрусам да бацькоў сябра Грамады, якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведаміў тэлеграм канал партыі @BSDP_Hramada.

«Стала вядома аб першым візыце праваахоўнікаў да былога сябра БСДП, які знаходзіцца за мяжой. Раніцай 13 траўня супрацоўнікі ў цывільным завіталі да бацькоў актывіста. Папрасілі паказаць асабістыя рэчы.

У выніку забралі партыйны сьцяг, партыйны білет, перадвыбарчыя плякаты, буклеты, Статут партыі і іншую партыйную літаратуру».

Партыйная сымболіка Грамады з ружай прызнаная «экстрэмісцкай».

МУС Беларусі ўхваліла рашэньне ад 7 траўня 2025 году № 13ЭК «Аб прызнаньні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваньнем і забароне яго дзейнасьці».

У рашэньні заяўлена, што група грамадзян зь ліку стваральнікаў, кіраўнікоў і ўдзельнікаў «Беларускай сацыял-дэмакратычная партыі (Грамада)» нібыта ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць.

У сувязі з гэтым згадваюцца палітыкі Ігар Барысаў, Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс. У пералік нібыта экстрэмісцкіх уключаныя асабістыя і партыйныя акаўнты і рэсурсы ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках, а таксама «лягатып у выглядзе схематычнай выявы ружы чырвонага колеру на белым фоне».

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) існавала з 1991 году.

20 верасьня 2023 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь зьліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). Перад гэтым Міністэрства юстыцыі адмовіла Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у рэгістрацыі.

Улады Беларусі выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

svaboda.org