«Трэба дажыць і пабачыць, што там, у цемры. Што з намі ўсімі будзе. Што будзе зь Беларусьсю, са сьветам».
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч спецыяльна для budzma.org напісаў эсэ пра тое, што значыў год вайны для яго асабіста і для нас усіх — беларусаў і ўкраінцаў, пра нашы зламаныя ілюзіі і наш супраціў.
Пачатак вайны засьпеў нас год таму ў Кракаве. Я і мая жонка, пісьменьніца і перакладчыца Юля Цімафеева, прыехалі туды з Граца па літаратурных справах — чытаць вершы і дыскутаваць пра беларускую літаратуру ў польскіх перакладах.
У адначасьсе зрабілася ясна, што жыцьцё для нас усіх зьмянілася незваротна — каму цікавыя нейкія там пераклады, калі ў Эўропе выбухнула вайна.
Зразумела, што ўжо ў той самы вечар мы з калегамі і каляжанкамі пайшлі да расейскага консульства. Там сабраліся тысячы людзей з украінскімі і беларускімі сьцягамі — тады гэта было яшчэ магчыма. Сабраліся, каб разам даслаць пуцінскай імпэрыі наш праклён.
З таго часу мы ня раз бралі ўдзел у дэманстрацыях у падтрымку Ўкраіны — у розных краінах і гарадах. Так што можна сказаць: гэты год зблізіў нас з украінцамі яшчэ мацней. Мы пазнаёміліся з многімі цудоўнымі ўкраінцамі, якія вымушаныя былі выехаць за мяжу. Настаўнікі, пісьменьніца, яе 11-гадовы сын… Украінскі боль — гэта і наш боль. Украінскі гнеў — і наш гнеў таксама. Гэты год зрабіў нашую эмпатыю і нашую злосьць амаль невыноснымі. За гэты год я напісаў шмат рознай публіцыстыкі ў падтрымку Ўкраіны — па-беларуску і па-нямецку. Ганаруся, што ўжо на пачатку сакавіка напісаў свой «Ліст да Украіны», які адразу ж выйшаў у кіеўскім часопісе «Украінскій тиждень» і быў перакладзены на некалькі моваў, атрымаўшы сапраўды вялікі розгалас. Тое, што адбылося, патрабавала імгненнай рэакцыі — і я змог знайсьці патрэбныя словы.
***
Як і мы ўсе, з пачатку вайны я адчайна спрабую асэнсаваць і зразумець, як гэта ўсё сталася магчымым. Тое, што гэтая вайна абавязкова здарыцца, мне было ясна даўно. Я чалавек, апантаны гісторыяй — і паралелі зь мінулым былі відавочныя. Заходні сьвет не зрабіў належных высноваў з Другой сусьветнай і паўтарыў практычна ўсе памылкі трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. У дзевяностых гадах, пасьля распаду СССР, на Захадзе чамусьці вырашылі, што імпэрыя і дэмакратыя сумяшчальныя, што Расея можа зрабіцца цалкам сабе дэмакратычнай, калі даць ёй рынак і заплюшчыць вочы на яе імпэрскую сутнасьць — і гэта была, на мой погляд, канцэптуальная памылка, якая й прывяла да катастрофы. Пуцін не зьявіўся зь пекла, Пуцін — плоць і кроў постсавецкай Расеі. І вось у 2022-м Захад выявіўся не гатовым да новай вайны. Бо ня здолеў, не захацеў распазнаць пуцінскі фашызм на стадыі яго фармаваньня. Добра, што цягам году тут, на Захадзе, нарэшце пачалі штосьці разумець. Але загінулых ужо не ажывіш.
***
На жаль, беларуская літаратура на Захадзе дагэтуль успрымаецца выключна як літаратура сьведак або ахвяраў. Ад нас чакалі і чакаюць або прымітыўнага аповеду пра жахі дыктатуры, або жаласьлівых скаргаў — але не аналізу, не парадаў, не сур’ёзнага асэнсаваньня, не мастацкай экспэртызы сучаснай гісторыі. Калі б на нас глядзелі як на роўных — магчыма, пачулі б нашыя шматгадовыя папярэджаньні пра небясьпеку расейскага фашызму і шавінізму. Бо каму як ня нам, беларусам і ўкраінцам, разумець, што насамрэч адбываецца ў нашай Эўропе. Такіх папярэджаньняў было шмат. Захад занадта доўга гаварыў з Расеяй паўзьверх нашых галоваў — украінскіх і беларускіх, гаварыў, нібы нас няма.
Год, што мінуў з пачатку вайны — гэта год нашых настойлівых спробаў быць пачутымі.
Мы зь Юляй нагамаемся давесьці да заходняй аўдыторыі самыя важныя рэчы — тое, што яна мусіць ведаць, ад чаго ня мае права адмахнуцца. Тое, што маштабы рэпрэсій у Беларусі значна большыя, чым яна можа сабе ўявіць. Тое, што Беларусь — не Расея, а краіна са сваёй мовай і культурай. Тое, што Украіне патрэбная цяпер падтрымка ўсяго сьвету. Тое, што беларусы супраць вайны. Тое, што ў нас дома таксама ідзе вайна — жорсткая вайна ўлады супраць народу.
Адна нашая аўстрыйская сяброўка вельмі трапна назвала стан беларусаў пасьля пачатку вайны «шызафрэнічным». Людзі, якія даўно займаюць выразную антыпуцінскую і антылукашысцкую пазыцыю, якія папярэджвалі пра расейскую агрэсію і імкнуліся давесьці небясьпеку сьвету — раптам апынуліся ў ролі «грамадзянаў краіны-суагрэсара» і вымушаныя цяпер даказваць бюракратам і недалёкім палітыкам, што яны не падтрымліваюць агрэсію.
Замест таго, каб вучыцца ў беларусаў супрацьстаяць дыктатуры і распазнаваць яе небясьпеку — разгублены Захад не прыдумаў нічога лепшага, чым ушчуваць нас за няправільныя пашпарты. Цягам гэтага году я ня раз дзівіўся таму, як адкрыта адбываецца дыскрымінацыя паводле пашпарту. Насуперак усім тым эўрапейскім каштоўнасьцям, у якія мы ўсё яшчэ верым.
А гэтыя каштоўнасьці цяпер, у часы вайны, важныя як ніколі. Ніхто ня можа быць дыскрымінаваны паводле мовы, нацыянальнасьці або грамадзянства. Нават расейцы. Стаўленьне да кожнага асобна ўзятага чалавека мусіць вызначацца па ягоных учынках, ягонай пазыцыі, ідэях, якія ён падтрымлівае. Мы не выбіраем, дзе нарадзіцца. Але Расею як дзяржаўнае ўтварэньне, Расею як грамадзтва трэба пазбавіць яе імпэрскай асновы. Выбіць з-пад яе ног самую ідэю ўласнай велічы. Толькі так расейскі чалавек можа вылечыцца ад імпэрскасьці і нарэшце пачуць сябе самога — праз культуру і адукацыю, праз тэксты, праз мастацтва. І праз поўную і канчатковую паразу ў вайне. Спадзяюся, гэта некалі станецца магчымым.
***
Год, які мінуў з пачатку вайны — гэта год канчатковага разьвітаньня Ўсходняй Эўропы з ілюзіямі. Ілюзій было занадта шмат — з усіх бакоў. На жаль, вялікая колькасьць украінцаў была зь нейкай прычыны ўпэўненая, што лукашэнкаўская Беларусь — гэта мірны, адэкватны сусед і пабрацім. То-бок пошлая, няздарная, антыэўрапейская, жорсткая дыктатура падавалася ім чамусьці вартай даверу. Цяпер яны лічаць беларусаў здраднікамі. Нібы народ у Беларусі нешта і праўда вырашае. Было шмат ілюзій і ў беларусаў. Многім здавалася, што можна спакойна жыць пры гэтай дыктатуры, якая ўцягнула краіну ў вайну — і працягваць цешыць сябе казкамі пра «самых мірных людзей». Што гістарычнай расплаты за пасыўнасьць ня будзе. Шмат для каго зь беларусаў стала адкрыцьцём расейскамоўнасьць мільёнаў украінцаў. Мы ж думалі, адзіная дзяржаўная мова — гэта нешта значыць… Яшчэ адна ўкраінская ілюзія — што дзяржава Лукашэнкі мае хоць нейкую самастойнасьць, што яе можна ўтрымаць ад актыўнага ўдзелу ў вайне, калі моцна ня ціснуць. І яшчэ адна беларуская ілюзія — што Ўкраіна можа ўратаваць Беларусь. Вядома, у пэрспэктыве гэта магчыма, і лёсы нашых краін зьвязаныя. Але пакуль што ва Ўкраіны ёсьць іншая задача — ацалець і перамагчы ў крывавай вайне. Трэба разумець, што ім не да нас.
Была і агульная, сусьветная ілюзія — што аднойчы ўсё будзе як раней. Што ўцекачы вернуцца, рэпрэсіі скончацца, як і вайна, што ўсё вернецца ў тую самую каляіну, што ўсё тое, што адбываецца, можна забыць або выправіць. Не. Мы ўсе жывем у абсалютна новым сьвеце. Траўмы і боль застануцца назаўсёды. Так, як было — ня будзе. Будзе помста і зьвядзеньне рахункаў — гістарычных, асабістых, культурных, палітычных. Будзе бездань, зазірнуць у якую давядзецца кожнаму.
***
Гэты год для мяне як для пісьменьніка — балючыя спробы зноў пачаць пісаць прозу. Вайна, эміграцыя, штодзённыя навіны зь Беларусі, якія б’юць пад дых, бясконцыя падарожжы па розных краінах і гарадах з чытаньнямі і дыскусіямі, усе гэтыя інтэрвію заходнім мэдыям, а яшчэ і гісторыя з маім галоўным раманам, «Сабакі Эўропы»… Чытачы, якія пішуць пра зьнішчэньне і забарону іншых маіх кніг… Усё гэта перажываецца на фізычным узроўні. Усё гэта нібы выключыла ўва мне волю да таго вольнага, бунтоўнага, незалежнага ад кан’юнктуры, самавітага пісьма, якім я жыў апошнія дваццаць пяць гадоў.
Я адчуў, што страчваю іронію, страчваю дыстанцыю, страчваю анархізм, страчваю «свабоду няўдзелу». Я пачаў пісаць публіцыстыку. Я не адмовіўся ні ад аднаго інтэрвію. Бо калі ты маеш голас, калі цябе чуюць і чытаюць тысячы — у такія цёмныя часы ты мусіш абазначыць сваю пазыцыю і паўплываць на меркаваньні тых, хто яшчэ ў разгубленасьці. То-бок я адчуў сваю пісьменьніцкую адказнасьць.
Жыць у такі час і маўчаць, робячы выгляд, што ўсё, як раней — нельга. Гэта доўг чалавека пішучага — назваць фашызм фашызмам, злачынства — злачынствам, імпэрыю — імпэрыяй, вайну — забойствам. І тых, хто абслугоўвае беларускі рэжым — калябарантамі. І тых, хто ўдае, што ў Беларусі «ўсё нармальна» — яе ворагамі. Тых, хто апраўдваецца, што займаецца «культуркай» і ня лезе ў палітыку — прафанатарамі і ціхімі прапагандыстамі зла.
Але ня гэта ёсьць задачай літаратуры — выконваць грамадзкі доўг, вось у чым праблема. Гэта задача чалавека. Як застацца мастаком, калі ты кожнага дня мусіш быць актуальным? Як паэту быць публіцыстам — ня душачы ўласны талент? Як гаварыць пра эрас і танатас, калі імпэрыя забівае людзей ва Ўкраіне?
Як захаваць літаратуру — калі трэба захоўваць найперш прытомнасьць, чалавечнасьць і дэманстраваць выразную палітычную пазыцыю?
***
Для нас зь Юляй гэта быў год падарожжаў. 55 імпрэзаў у 35 гарадах. І паўсюль — падобныя пытаньні. Рэдка — пра літаратуру. Часьцей за ўсё: пра Расею, Беларусь і Ўкраіну. Пра вайну і рэпрэсіі. Пра тое, што ніяк ня могуць зразумець на Захадзе: хто мы? Што такое Беларусь? Але адказаць на гэта ня змогуць ніякія інтэрвію і ніякія дыскусіі. Толькі літаратура.
Беларусь — гэта краіна-тэкст. І тлумачыцца яна можа толькі як тэкст. Не хапае толькі перакладчыкаў зь беларускай.
***
Мне было вельмі цяжка знайсьці ў сабе сілы і напісаць кнігу, якую я задумаў яшчэ ў 2020-м — кнігу апавяданьняў «Ператрус у музэі». Кнігу пра маю згвалтаваную Беларусь, якую забіваюць ва ўсіх на вачах. Кнігу пра тое, што нам рабіць з 2020-м і 2021-м, што нам рабіць зь сёньняшнім днём — і з нашым нядаўнім мінулым. Кнігу я напісаў. Цяпер трэба яе выдаць. На шчасьце, мае беларускія выдаўцы змаглі за мінулы год апублікаваць адразу некалькі маіх кніг — доўгачаканае новае выданьне «Сабакаў Эўропы», перавыданьне «Апошняй кнігі пана А.», кнігу вершаў. У мяне выйшаў раман у ЗША. Шмат кніг у перакладах і па-беларуску выйшла ў Юлі. То-бок
гэты страшны год ня змог зламіць ні нас, ні беларускую літаратуру ў выгнаньні. За ўсе гады дыктатуры мы разьвілі ў сабе здольнасьць да супраціву, да выжываньня ў самых неспрыяльных умовах. Гэта наша стыхія, наш нармальны стан.
Усё, што рабілася ў незалежнай культуры добрага і цікавага за апошнія трыццаць гадоў — рабілася насуперак дзяржаве. Цяпер, у экзылі, гэты досьвед нам прыдаўся.
Гэты год зрабіўся годам вялікага падарожжа спэктаклю «Сабакі Эўропы» па плянэце Зямля. Вядома, дзякуючы пастаноўцы Беларускага Свабоднага тэатра. Спэктакль зь вялікім посьпехам быў паказаны ў Лёндане, Парыжы, Люксэмбургу, зусім хутка яго пабачаць у Аўстраліі і Бэрліне. А яшчэ свой файны спэктакль паводле «Сабакаў» зрабілі Вольныя Купалаўцы і паказалі яго ў Польшчы. Раман выйдзе па-нямецку і па-польску. У ЗША выйшлі «Дзеці Аліндаркі» і атрымалі добрыя водгукі ў найлепшых выданьнях. Я бачу, што людзям розных краін і культураў цікава тое, што я раблю — гэта дае сілы жыць далей.
***
Я ня ведаю, чаго чакаць ад будучыні. Сцэнар «Сабакаў Эўропы» — самы страшны з магчымых, але нават у ім ёсьць пэўная надзея: нават у самых дэградаваных супольнасьцях знаходзяцца вар’яты, якія будуць супраціўляцца. У нас няма іншага выйсьця, як толькі працягваць рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё. У Юлі ёсьць цудоўны верш, дзе сказана, што кожны ліст у турму мусіць нагадваць замову або малітву. І вось там гучыць радок — «насамрэч усе мы так мала можам». Яго гераіня піша лісты беларускім палітзьняволеным і задаецца пытаньнем лёсу гэтых лістоў: «Там іх спаляць ці выкінуць?». Дык вось нас, якія насамрэч мала могуць, ратуюць пытаньні, якія мы задаем, і лісты, якія мы пішам у будучыню. Кожнае пытаньне там, дзе ўсё вырашаюць за нас, дзе забаронена думаць, там, дзе апускаюцца рукі — гэта ўжо сумнеў, а значыць, ужо супраціў.
Кожная кніга, кожны тэкст, кожны мастацкі твор, кожная праца ў імя свабоды, кожны ўчынак вольнага чалавека, кожнае слова па-беларуску і кожны акт узаемадапамогі і салідарнасьці робяць нас мацнейшымі.
Важна ня даць гэтым тупым клоўнам-крыважэрцам пабачыць, што мы выдыхліся, што мы здаліся, што мы прынялі іх правілы гульні. Важна не дазволіць сабе звар’яцець.
Трэба дажыць і пабачыць, што там, у цемры. Што з намі ўсімі будзе. Што будзе зь Беларусьсю, са сьветам. Хіба гэта не цікава? Хіба гэта не прычына, каб пражыць яшчэ адзін дзень, яшчэ адзін год?..