Канферэнцыя «Новым імкненням даць новыя формы». Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 20-30-х гадоў» адбудзецца ў лонданскай Скарынаўскай бібліятэцы.
У 20-я гады XX стагоддзя, калі працякалі працэсы станаўлення новай беларускай рэчаіснасці, беларускае мовазнаўства адыгрывала велізарную ролю ў інтэлектуальным і культурным дыскурсе, уплывала на гэты дыскурс і жывілася з яго.
На тле гэтых працэсаў выразна вылучаецца постаць Вацлава Ластоўскага (1883–1938) — пісьменніка, гісторыка, мовазнаўцы, этнографа, грамадскага і палітычнага дзеяча. Сёлета — у год беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння — мы святкуем ягонае 140-годдзе.
Таксама сёлета мы адзначаем юбілеі іншых нашых выбітных адраджэнцаў: пісьменнікаў і мовазнаўцаў Максіма Гарэцкага (1893–1938), Язэпа Лёсіка (1883–1940), Сцяпана Некрашэвіча (1983–1937). Усе яны разам з Ластоўскім былі сярод тых, хто закладаў асновы сучаснага беларускага мовазнаўства і гістарыяграфіі, ствараў слоўнікі, граматыкі, пісаў літаратуразнаўчыя агляды, хто стаяў ля вытокаў Інбелкульта і Беларускай акадэміі навук. Яны ж былі аднымі з першых ахвяр сталінскага тэрору супраць нацыянальнай інтэлігенцыі.
У гонар юбілеяў нашых слаўных суайчыннікаў Скарынаўская бібліятэка ў Лондане ладзіць навуковую канферэнцыю «Новым імкненням даць новыя формы». Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 20-30-х гадоў». Канферэнцыя пройдзе ў гібрыдным фармаце 10–11 лістапада 2023 года.
Запрашаем дасылаць прапановы выступленняў на тэмы, звязаныя з постаццю і спадчынай Вацлава Ластоўскага ды іншых вядучых мовазнаўцаў і з гісторыяй беларускага мовазнаўства і беларусістыкі, на адрас library@skaryna.org.uk да 10 ліпеня 2023 года.