“У 21 стагоддзі няма месца рабству і дыскрымінацыі!” Спецдакладчыку ААН прадставілі даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў сферы працы

Пікет працоўных у 2020-м годзе. Ілюстрацыйнае фота

Другога чэрвеня ў Жэневе пачалася 113-я сесія канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. У сувязі з гэтым кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў прадставіла аналітычны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў сферы працы, прызначаны для Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У ім кааліцыя распавяла пра сітуацыю з усім спектрам працоўных правоў у краіне і прапанавала рэкамендацыі, якія варта адрасаваць уладам Беларусі ды міжнароднай супольнасці з пазіцыі працоўных стандартаў ды правоў чалавека. Аўтары дакладу адзначаюць, што ў Беларусі назіраюцца сістэмныя і маштабныя парушэнні працоўных правоў, што закранаюць шырокае кола працаўнікоў.

Хто падрыхтаваў даклад?

Для падрыхтоўкі справаздачы Генеральнай Асамблеі ААН у кастрычніку 2025 года Спецыяльны дакладчык запытваў інфармацыю аб тым, як развівалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў галіне працы за апошнія некалькі гадоў. Даклад падрыхтавалі Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Lawtrend, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі ПЭН, праект “Право на защиту”, Рабочы Рух, Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Агульную каардынацыю падрыхтоўкі дакладу ажыццяўляў Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Што змяшчае дакумент?

Асноўныя праблемы ўключаюць фактычную ліквідацыю свабоды аб’яднання шляхам ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў, пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці ды сябраў незалежных прафсаюзаў, масавыя звальненні ды ціск на нелаяльных уладам працаўнікоў, у тым ліку паводле палітычных матываў. Праваабаронцы распавялі Спецдакладчыку, што былыя палітычныя зняволеныя, адвакаты, жанчыны, асобы з інваліднасцю ды іншыя ўразлівыя групы зазнаюць дыскрымінацыю пры працаўладкаванні, а таксама на працоўным месцы. Шырока выкарыстоўваецца прымусовая праца ў пенітэнцыярнай сістэме, лячэбна-працоўных прафілакторыях, у форме абавязковых суботнікаў і “грамадска карысных работ”, стыгматызацыя ды ўскладанне дадатковага маёмаснага цяжару на так званых “дармаедаў”.

На дзяржпрадпрыемствах распаўсюджаная палітызацыя кадравай палітыкі: існуюць пасады намеснікаў па ідэалогіі — супрацоўнікаў КДБ, адбываюцца ператрусы ды арышты проста на працоўных месцах. Працадаўцы таксама прымушаюць супрацоўнікаў падпісваць абавязальніцтвы аб “нелаяльнасці да экстрэмісцкай дзейнасці”. Пры гэтым кантраляваная дзяржавай Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ды прадзяржаўныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у яе склад, захоўваюць маўчанне з нагоды дапушчальных парушэнняў і актыўна ўзаемадзейнічаюць з афіцыйнымі ўладамі ў рэпрэсіях супраць працаўнікоў.

Даклад змяшчае наступныя тэмы і рэкамендацыі:

  • Міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь і супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі па правах чалавека — добрасумленна выконваць рэкамендацыі інстытутаў ААН па пытанні аб свабодзе асацыяцыі, мірных сходаў, выказвання меркаванняў; цалкам выканаць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП, а таксама добрасумленна ўзаемадзейнічаць з МАП у межах ужывання арт. 33 Статута МАП у дачыненні да свабоды аб’яднанняў.
  • Палітызацыя рэгулявання працы (рэпрэсіўныя заканадаўства і практыка ў галіне працы ў Беларусі) — спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да працаўнікоў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, НДА і незалежных прафсаюзаў; вызваліць незаконна пазбаўленых волі актывістаў і аднавіць несправядліва звольненых працаўнікоў з выплатай ім кампенсацый.
  • Прымусовая праца ў месцах утрымання пад вартай — ліквідаваць сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў і адмяніць выкарыстанне прымусовай працы ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, падаўшы пацярпелым эфектыўныя сродкі прававой абароны.
  • Адвольныя і дыскрымінацыйныя абмежаванні доступу былых палітвязняў да рынку працы — неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненні, адмяніць чорныя спісы, якія абмяжоўваюць доступ да прафесій, перагледзець заканадаўства, якое дазваляе звальненні паводле палітычных поглядаў.
  • Рэалізацыя права ствараць і ўваходзіць у прафсаюзы паводле ўласнага выбару, права на страйк — аднавіць прымусова ліквідаваныя незалежныя прафсаюзы, забяспечыць ім спрыяльныя ўмовы для працы і спыніць умяшанне ў іх дзейнасць (судовы пераслед, ператрусы, замарожванне актываў і дыскрэдытацыю), вызначыць у законе парадак свабоднага правядзення забастовак.
  • Парушэнні правоў чалавека, што вынікаюць з заканадаўства ды палітыкі, якія прымушаюць грамадзян да абавязковай працы, базы даных “не занятых у эканоміцы грамадзян”, “суботнікі” і грамадскія працы — ліквідаваць сістэму дыскрымінацыйных мер супраць “працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы”, спыніць практыку ўдзелу ў суботніках пад пагрозай звальнення, выключыць з заканадаўства палажэнні аб абавязковым размеркаванні на працоўныя месцы.
  • Парушэнні правоў працадаўцаў у Беларусі і за мяжой — аднавіць права на законную прадпрымальніцкую дзейнасць і аб’яднанне ў бізнес-асацыяцыі.
  • Парушэнні ў галіне дыскрымінацыі жанчын і пры складанні працоўных дамоваў — адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын, скараціць гендарны разрыў у аплаце працы і садзейнічаць кар’ернаму росту жанчын, рэалізаваць эфектыўныя захады супраць прыгнёту на працоўным месцы і забяспечыць магчымасць дапамогі прафсаюзаў у такіх сітуацыях.

Беларусь і (не)выкананне міжнародных рэкамендацый

У межах дакладу кааліцыя адзначыла пазіцыю беларускага ўрада, накіраваную на грэбаванне міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы ў галіне абароны працоўных правоў.

“Беларусь сістэматычна, цягам больш за 20 гадоў, не выконвае свае абавязальніцтвы перад міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), ігнаруючы рэкамендацыі яе камісіі па расследаванні, створанай у 2004 годзе ў сувязі з парушэннямі свабоды аб’яднанняў і працоўных правоў”, — адзначаюць аўтары.

Нагадваем, што Беларусь не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які вызначае працэдуру падачы скаргаў у дачыненні да працоўных правоў, якія абараняюцца пактам. 8 лютага 2023 года Беларусь выйшла з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дае асобным людзям права падаваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

На працягу доўгага часу Беларусь нязменна ўваходзіць у лік горшых краін у свеце па правах працоўных, згодна з глабальным індэксам правоў чалавека, апублікаваным Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў (МКП). У справаздачах за 2023 і 2024 гады Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найгоршымі ўмовамі працы разам з такімі краінамі, як Бангладэш, Егіпет і М’янма.

Да чаго заклікаюць праваабаронцы ўдзельнікаў канферэнцыі МАП?

Аўтары дакладу заклікалі ўдзельнікаў канферэнцыі праявіць салідарнасць з незаконна звольненымі і пазбаўленымі волі працаўнікамі ў Беларусі.

“У 21 стагоддзі няма месца рабству і дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай, палітычнай і гендарнай прыналежнасці! Дзяржавы мусяць добрасумленна ўдзельнічаць у сацыяльным дыялогу, а не выбіраць яго бакі шляхам кантраляваных імі ўтварэнняў — такіх як Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і знішчэння апанентаў — незалежных прафсаюзаў”, — заявіла кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Праваабаронцы заклікалі Міжнародную арганізацыю працы і дзяржавы — чальцы МАП узмацніць ціск на ўлады Беларусі з мэтай спынення сістэмных парушэнняў правоў працаўнікоў, уключна з рэпрэсіямі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў, дыскрымінацыяй паводле палітычных і сацыяльных прыкметаў, прымусовай працай і масавымі звальненнямі. Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што неабходна дамагацца ад Беларусі выканання абавязальніцтваў паводле фундаментальных канвенцыяў МАП, выкананню рэкамендацый Камісіі па расследаванні і палажэнняў артыкула 33 Статута МАП, а таксама забяспечыць міжнародны маніторынг і салідарную падтрымку пацярпелым працаўнікам.

spring96.org