
5 гадоў таму затрымалі аднаго зь лідэраў беларускага дэмакратычнага руху Паўла Севярынца. «Радыё Свабода» ўзгадвае яго палітычную і творчую біяграфію
У дзень затрыманьня Севярынец выказаў салідарнасьць зь Ціханоўскім
7 чэрвеня 2020 году Павал Севярынец удзельнічаў у перадвыбарчым пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на Камароўскім рынку ў Менску. Ён прыйшоў, каб выказаць салідарнасьць з затрыманым 29 траўня Сяргеем Ціханоўскім і ягонымі паплечнікамі.
На пікеце ён сказаў, што мае найбольшую сымпатыю да гэтага палітыка новай генэрацыі.
Калі Севярынец вяртаўся дадому, яго затрымалі, прысудзілі адміністрацыйны арышт, а пазьней абвінавацілі ў «рыхтаваньні масавых беспарадкаў».
Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным.

Праз два гады калёніі Севярынца пакаралі турэмным рэжымам
25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У красавіку адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму», што аўтаматычна абмежавала ягоную магчымасьць «атаваркі» ў турэмнай крамцы 58 рублямі ў месяц. Яму не давалі званіць дахаты і пакаралі забаронай на чарговае доўгае спатканьне.
У шклоўскай калёніі Павал даведаўся пра сьмерць бацькі (Кастусь Севярынец памёр 1 кастрычніка 2021 году. — РС). Празь некалькі дзён ён даслаў малюнак з партрэтам дзеда Кастуся свайму сыну Францішку. Усяго да вясны 2022 году Павал Севярынец пераслаў 70 сваіх малюнкаў. Яны сталі асновай набору паштовак і календара. А цяпер экспануюцца на выставах, апошняя зь якіх адкрылася ў траўні ў парлямэнце Латвіі.

10 ліпеня 2023 году стала вядома, што палітвязьня перавялі з шклоўскай папраўчай калёніі № 17 у горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады строгага рэжыму.
З таго часу Севярынец, як і многія іншыя знакавыя палітзьняволеныя, знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
Першы раз Паўла пазбавілі волі паводле крымінальнай справы ў 2005 годзе
Яго асудзілі на тры гады так званай «хіміі» за арганізацыю пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. З улікам амністыі тэрмін скараціўся да двух гадоў. Павал адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну на поўначы Беларусі да 2007 году.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Севярынец быў у штабе кандыдата Віталя Рымашэўскага. Паўла арыштавалі пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
16 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў яго трыма гадамі гэтак званай «хіміі» за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
Павал Севярынец цалкам адбыў тэрмін пакараньня ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

З 2007 году праваабаронцы «Вясны» вялі статыстыку пакараньняў актывістаў. Паўлу Севярынцу за гэты час прысудзілі 19 арыштаў на 292 дні і больш за паўсотні штрафаў на 1431 базавую велічыню.
А ўвогуле ў палітыцы Павал з 1995 году, калі ўступіў у БНФ. У 1997-м ён стаў сустаршынём «Маладога Фронту».
У 2009-м быў адным з заснавальнікаў правацэнтрысцкай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.
Павал Севярынец — аўтар больш як дзясятка кніг
У 2006 годзе ён атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча за цыкль артыкулаў, напісаных у высылцы ў Малым Сітне, якія пазьней выйшлі кнігай «Лісты зь лесу».
За зборнік «Беларуская глыбіня», напісаны падчас наступнага абмежаваньня волі ў Купліне, у 2014 годзе Севярынца ўганаравалі прэміяй імя Францішка Аляхновіча.
У лістападзе 2020 года ён стаў ляўрэатам народнай прэміі беларусаў замежжа «За асабістую мужнасьць».
У 2021-м за раман «Беларусалім. Сэрца сьвятла» Паўлу Севярынцу прысудзілі беларуска-ўкраінскую літаратурную прэмію «Воін сьвятла» імя Жызьнеўскага.
Ён таксама ўзнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
На аўтарскім сайце Паўла Севярынца сабралі 10 яго знакавых цытат, некаторыя зь іх сталі вядомымі лёзунгамі:
- «Верым, можам, пераможам!»
- «Беларусь — гэта сьвятое!»
- «Беларусы — гэта 10 мільёнаў геніяў».
- «Гармонія беларускага праваслаўя, каталіцтва і пратэстанцтва — формула сусьветнага хрысьціянскага трыадзінства: у Імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога».
- «Беларусі патрэбная маральная рэвалюцыя».
- «Наша сыстэма каардынатаў — Курапацкі крыж».
- «У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы».
- «Полацкае княства — вечавая хрысьціянская дэмакратыя. ВКЛ — шляхоцкая хрысьціянская дэмакратыя. Будучыня Беларусі — Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
- «Бойся Бога і больш нікога!»
- «Беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску».
Бібліяграфія Паўла Севярынца

- «Ды-джэй Адраджэньня» (1998)
- «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002)
- «Нацыянальная ідэя» (2005)
- «Лісты з лесу» (2007)
- «Брату» (2007)
- «Люблю Беларусь» (2008)
- «Маладафронтаўцы» (2009) (сумесна з Настай Палажанкай)
- «Беларуская глыбіня» (2014)
- «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: 1917–2017» (2017)
- «Сто асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» (2017, адзін з аўтараў)
- «Беларусалім. Золак» (2017)
- «Каменнае сэрца» (2018)
- «Беларусалім. Сэрца сьвятла» (2020)



На сёньня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1182 чалавекі.