90-годдзе з дня нараджэння Рыгора Барадуліна адзначылі ў Вільні

Вечарына, прысвечаная 90-годдзю Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, прайшла ў Вільні.

Арганізавалі яе Homan-band разам з Сяржуком Доўгушавым. Праўда сам музыка, які павінен быць хэдлайнерам гэтай імпрэзы, захварэў і не прыехаў у Вільню. Але на сцэне выступілі гурты “Гудаграй”, Homan-band, “Беларускі Цуд”, дзіцячы хор “Валошкі”, цымбалістка і фалькларыстка Паліна Курановіч, дудар і музыка Вячка Красулін, які быў вядоўцам імпрэзы.

Вячка Красулін

Паводле Вячкі Красуліна, Рыгор Барадулін не толькі паказваў свой інтэлект і эрудзіраванасць, але і меў добрае пачуццё гумару, што яму вельмі імпануе:

– Я падрыхтаваў праграму з чытаннем вершаў са зборніка «Ксты». Таксама распавёў цікавыя моманты з біяграфіі дзядзькі Рыгора пра тое, як ён не толькі пісаў духоўную паэзію, ці філасофскую, але ў чалавека было выдатнае пачуццё гумару. Таксама ён вельмі любіў «папрыкалывацца» са сваіх калег па цэху.

Падчас паэтычнай часткі вершы Рыгора Барадуліна чыталі Вячка Красулін, Ілля Міронаў і Валерыя Чарнаморцава.

Валерыя Чарнаморцава

Кажа грамадская дзяячка Валерыя Чарнаморцава, якая аднойчы была нават у хаце вядомага беларускага паэта:

– Адзін раз я была ў хаце паэта па грамадскай справе. Ён дарэчы недалёка ад мяне жыў. Ён мне тады падараваў кнігу. У мяне ёсць некалькі кніг з ягонымі аўтографамі. Але гэтая кніга мне найбольш дарагая. І акурат там гэтыя кароткія вершы, гэтыя афарызмы, якімі ён і гаварыў апошнімі гадамі, таму што яму было вельмі складана доўга казаць. Ён проста выпальваў такія афарызмы.

Валерыя Чарнаморцава прачытала некалькі вершаў Рыгора Барадуліна, у тым ліку прысвечаныя Васілю Быкаву і адзін з самых вядомых, які пакладзены на музыку, “Маленне за Беларусь”.

Цалкам матэрыял:

racyja.com