Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org — 25 гадоў!

Роўна 25 гадоў таму, 20 чэрвеня 2000 года, задоўга да з’яўлення ў кожным доме хатняга інтэрнэту, супрацоўнік беларускай службы Польскага радыё задумаўся пра тое, каб захаваць лічбавыя версіі „папяровай“ часткі сваёй працы – нумары бюлетэню выбраных артыкулаў „Камунікат“.

Назіраючы, як „стос“ файлаў на няхітрым самаробным хостынгу пакрысе прырастае навуковымі і мастацкімі выданнямі Падляшша, ці мог спадар Яраслаў Іванюк прадбачыць, які слаўны працяг атрымае распачатая справа? Што наперадзе многія дзясяткі тысяч алічбаваных беларускамоўных публікацый і замежных выданняў пра Беларусь – маштаб, агораць які пад сілу адно сур’ёзным інстытуцыям, накшталт нацыянальных бібліятэк? Што гадавая колькасць спампоўванняў з архіву будзе вымярацца мільёнамі? Што “Камунікат” будзе не толькі лічбавай бібліятэкай, а яшчэ і выдаўцом кніг, якія праз сваю ж ўласную краму будуць разлятацца па ўсім свеце?

Пэўна, што і так. Бо немалы час, які прамінуў з таго памятнага дня, і ўсе падзеі, якія за гэты час адбыліся, робяць відавочнай сапраўдную мудрасць прынятага рашэння і нястомных руплівых намаганняў у аднойчы абраным кірунку.

Справядлівым эпітэтам у беларусаў да кожнай згадкі пра бібліятэку „Камунікат“ ёсць слова „незаменная“. Але сёння, калі ў Беларусі ўсталявалася татальная антыбеларуская цэнзура, зачыняюцца выдавецтвы, знішчаюцца цэлыя кнігазборы і прыбіраюцца са школы знаёмыя імёны, – ці знойдзецца іншае слова для ацэнкі дзейнасці фонду „Камунікат“ як незаменны. Незаменны сёння і незаменны для будучыні ўсёй беларускай культуры!

Ад імя Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“ шчыра віншуем Фонд „Камунікат“ з юбілеем! Зычым і надалей спрыяць зберажэнню, развіццю і пашырэнню беларускай культурнай спадчыны ва ўсім свеце. Хай справа, распачатая з унутранага імпэту і любові да беларускага слова, і надалей натхняе, яднае і служыць апорай усім, хто шукае праўду пра Беларусь, яе літаратуру, гісторыю і людзей.

Хай не слабне руплівасць, не замірае натхненне, а наперадзе будуць новыя праекты, новыя чытачы і новыя перамогі.

З глыбокай пашанай і падзякай — Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”