
Сумнае паведамленне з Мінску – сёння, ва ўзросце 96 гадоў, пайшоў у лепшы свет Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, буйны навуковец, пісьменнік і публіцыст, прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“ (1993–2001).
Акадэмік Радзім Гарэцкі найперш быў вядомы сусветнай навуковай супольнасці – у якасці яскравага адмыслоўца ў галіне геолага-мінералагічных навук, які сусветныя славу і аўтарытэт здабыў як аўтар прарыўных манаграфій і шэрагу важных доследаў.
Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і беларускай літаратурай, ведалі яго як рэканструктара біяграфій беларускіх дзеячаў з дынастыі Гарэцкіх, а таксама аўтара кніг і артыкулаў, прысвечаных пытанням гісторыі нацыянальнага адраджэння, як пачатку XX стагоддзя, гэтак і пачатку XXI-га.
Мы ж яго найлепей ведалі як грамадскага дзеяча, як абранага на Першым з’ездзе беларусаў свету прэзідэнта ЗБС „Бацькаўшчына“, які цягам васьмі гадоў кіраваў Згуртаваннем, браў удзел у падрыхтоўцы ўсіх сямі З’ездаў, быў адным з самых актыўных сябраў „Бацькаўшчыны“ і наогул адным з самых адданых беларускай справе людзей з тых, каго мы ведаем.
Мы ганарымся тым, што лёс далучыў нас да асобы такога маштабу. Будзе вельмі не хапаць той яго рэдкай чалавечай здольнасці падзараджаць сваім імпэтам у цяжкія часы, і асабліва – яго мудрых парадаў…
ЗБС „Бацькаўшчына“
Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Радзіма Гаўрылавіча. Смуткуем разам з вамі.