
30 чэрвеня 60-гадовы юбілей святкуе Лявон Юрэвіч – слынны гісторык, архівіст, бібліёграф, чалавек-інстытут, дзякуючы нястомнай дзейнасці якога гістарычная навука і літаратуразнаўства рэгулярна ўзбагачаюцца шматлікімі дакументамі і тэкстамі беларускай эміграцыйнай спадчыны.
Лявон Юрэвіч сёння – без перабольшання адзін з найгалоўных рухавікоў беларускага эміграцыязнаўства. Сярод яго заслугаў – многія тысячы старонак уплывовага навуковага альманаха „Запісы БІНіМ“. Дзясяткі падрыхтаваных з яго ўдзелам манаграфій заўжды доўгачаканыя і здабываюць культавы статус не толькі ў адмыслоўцаў, але таксама і сярод аматараў беларускага прыгожага пісьменства. Яны адметныя не толькі тым, што запаўняюць культурныя і гістарычныя прабелы, а яшчэ і непаўторным дасціпным аўтарскім стылем. Мы асабліва ганарымся тым, што вялікая іх частка выдадзена ў серыі „Бібліятэка Бацькаўшчыны“, у шэрагу пачынальнікаў якой спадар Лявон Юрэвіч уласна і быў, дасёння застаючыся адным з нашых самых улюбёных аўтараў.
Сардэчна віншуем дарагога юбіляра са святам і зычым яму моцнага здароўя, нязгаснага натхнення, яшчэ болей новых адкрыццяў і скораных навуковых вяршыняў!
ЗБС „Бацькаўшчына“