Сілавікі двойчы дапыталі маці былога журналіста «Белсата» Сяргея Скулаўца

Сяргей Скулавец. Фота: Julia Cialpuk / Facebook

Супрацоўнікаў праваахоўных органаў цікавіла, ці не збіраецца Сяргей Скулавец вярнуцца ў Беларусь. Але тут, як яны заявілі маці былога журналіста, «ён усё адно будзе злачынцам, нават калі зменіцца палітычная сітуацыя».

24 чэрвеня жанчыну выклікалі ў Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта.

Следчы «пры маме дастаў тоўстую тэчку з маёй, так званай справай, паказваў мае здымкі, у тым ліку з ЗША, і распытваў, ці гэта я дакладна. Спытаў напрыканцы, ці збіраюся вяртацца», — так апісаў сітуацыю Сяргей Скулавец на сваёй старонцы ў Facebook.

Яшчэ праз тры дні, 27 чэрвеня, дадому да маці журналіста  прыйшлі следчыя з крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС. Яны запатрабавалі тэлефон жанчыны на агляд, праверылі сацсеткі і месенджары, асобна прагледзелі перапіску з сынам. Потым таксама запыталіся, ці не збіраецца Сяргей вярнуцца. Прагучала, што ён усё роўна «будзе лічыцца злачынцам», нават калі зменіцца палітычная сітуацыя. «Але ж можа быць і так, што яны памяняюцца месцамі з тымі, каго лічаць злачынцамі», — заўважае ў сваім допісе  Сяргей Скулавец.

Адзін са следчых адмыслова запісаў у тэлефон маці свой нумар — каб перадала сыну. Няхай, маўляў, ён сам патэлефануе ў райаддзел міліцыі, але «каб было без агрэсіі». Сяргей кажа, што намераў тэлефанаваць не мае:

«Мне няма чаго ім паведаміць. У Следчым камітэце маці сказалі, што мяне адразу ж затрымаюць, калі я вярнуся. Але маці ведае, што я не злачынца, што я нічога кепскага не зрабіў. Адно шкада, што тэрарызуюць сваякоў.

Пасля таго, як яны пад Новы год зладзілі чарговы ператрус у маёй 86-гадовай бабулі, яна пражыла ўсяго некалькі тыдняў. Мажліва, адыгрыў сваю ролю атрыманы тады стрэс».

На думку Сяргея Скулаўца, такая актыўнасць сілавых структур можа быць звязаная з тым, што яго крымінальную справу рыхтуюцца перадаць у суд. У чым канкрэтна яго вінавацяць, ён дагэтуль не ведае, але сваякам кажуць, што справа «звязаная з “Белсатам”». 

Зараз Сяргей Скулавец жыве ў ЗША. Ён разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі летам 2023 года, калі яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да незалежных журналістаў.

baj.media