У Латвіі ня бачаць падстаў для перагляду санкцый супраць Беларусі

Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ. Архіўнае фота

Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ заявіла, што вызваленьне некалькіх палітвязьняў не зьяўляецца дастатковым доказам сур’ёзных зьменаў у палітыцы беларускіх уладаў.

«Мы чакаем, што беларускі рэжым вызваліць больш за тысячу вязьняў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца там, і гэта толькі палітычныя вязьні, а ёсьць яшчэ і іншыя, зьняволеныя паводле іншых перадумоваў», — сказала Байба Бражэ ў інтэрвію Радыё Свабода.

Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі нагадала, што «Беларусь дазваляе Расеі весьці вайну ва Ўкраіне», церазь яе тэрыторыю «маршыруюць расейскія войскі», і «Расея цалкам уключыла Беларусь у падрыхтоўку вучэньняў „Захад“».

У адказ на пытаньне, ці пачала б Латвія транзыт беларускіх калійных угнаеньняў, калі б пра гэта папрасілі ЗША, Байба Бражэ адказала, што такога запыту ад ЗША не было, а беларускія ўгнаеньні знаходзяцца пад цэлым спэктрам санкцый.

svaboda.org