
11 верасня а 18-й гадзіне ў Muzeum Obojga Narodów у Бельску-Падляшскім адкрыецца выстава гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў «Строй» Кацярыны Ваданосавай.
Намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк адзначае:
– У Бельску-Падляшскім у самым сэрцы горада гэтая выстаўка паявіцца. І бельска-падляшская супольнасць зможа сустрэцца на вернісажы з гэтай прыгажосцю. Сардэчна запрашаем! Думаю, і сама выстава вельмі цікавая, ужо неаднойчы пра гэта гаварылі, пра майстэрства Кацярыны Ваданосавай, але і адкрыццё гэтага мерапрыемства заўсёды мае такую чароўную атмасферу, вельмі душэўную і багатую на эмоцыі, сустрэчы, размовы.
На вернісажы адбудзецца аўтарская экскурсія Кацярыны Ваданосавай і канцэрт з удзелам музыкаў і мастачкі пескаграфіі Аляксандры Канафальскай. Уваход на вернісаж — вольны. У наступныя дні для наведвання выставы патрэбныя білеты, якія можна будзе набыць у касе музея. Арганізатары — Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку і Muzeum Obojga Narodów.
