У Беластоку 7 верасня прайшла акцыя, прысвечаная Дню беларускай вайсковай славы. Беларусы і сябры Беларусі сабраліся каля сквера Wolnej Białorusi, каб узгадаць бітву пад Воршай і падкрэсліць яе значэнне для сённяшніх падзей.

Ля консульства Беларусі ў Беластоку прайшла акцыя, прысвечаная Дню беларускай вайсковай славы. З нагоды 511-й гадавіны бітвы пад Воршай у скверы Вольнай Беларусі сабралася каля 50 чалавек, у тым ліку і прадстаўнікі СМІ.



Пасля ўрачыстага “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” першымі згадваюцца беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне. Агучана гістарычнае значэнне бітвы пад Воршай для сучасных беларусаў. Выступоўцы казалі пра пераемнасць і пра актуальнасць змагання з усходняй навалай. Выступілі Ян Абадоўскі, Сяргей Верамеенка ды іншыя.
Да прысутных звярнуўся галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які адзначыў, што гісторыя Бітвы пад Воршай нагадвае пра адказнасць і стойкасць беларусаў у змаганні за сваю незалежнасць:
– І ў самой Беларусі і па-за межамі яе не ўсе могуць быць жаўнерамі, не ўсе могуць быць змагарнымі, тымі, хто непасрэдна ваюе, але кожны, хто думае па-беларуску, хоча дэмакратычнай Беларусі, – гэта менавіта той ваяр, які заўсёды будзе абараняць імя і славу беларуса і Беларусі.
Каб ваяваць за незалежнасць, трэба думаць па-беларуску. Не ўсе могуць быць ваярамі, але кожны, хто марыць пра дэмакратычную Беларусь, ужо ваяр. Зараз шмат выклікаў, таму важна сама дапамога. Зараз беларускі народ вельмі раз’яднаны. Ёсць тыя, хто пайшоў ваяваць на расейскі бок. Але Беларусь мацней за маскоўскую прапаганду і інтарэсы. Можам і пераможам!
Слова ўзяў прадстаўнік украінскай дыяспары ў Беластоку Антон Галавач.
Ён кажа пра супольную спадчыну бітвы пад Воршай для беларусаў і ўкраінцаў. Гучыць спадзеў на абрынанне расейскай імперыі, і пераход да дэмакратычнага свету, дзе людзі не будуць гінуць, каб проста жыць.
Да прысутных звяртаецца кіраўнік Клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 Васіль Калач.
Кажа актывіст Сяргей Верамеенка: Ці ўспомняць нас нашчадкі праз 500 гадоў, як і мы ўспамінаем герояў бітвы пад Воршай? Беларускія ваяры змагаюцца ва Ўкраіне, мы падтрымліваем палітвязняў. А ворагі падкідваюць нам нагоды для спрэчак, але гэта павінна быць паміж намі, а ўсе высілкі павінны быць кінуты на барацьбу з ворагамі.
Удзельнікі акцыі падкрэсліваюць, што акцыя адбываецца непадалёк ад беларускай мяжы. І варта памятаць, што вайна працягваецца. Як дзіця, свабода нараджаецца ў крыві. Перамога будзе абавязкова!
Кожны мог выказацца падчас вольнага мікрафону.
Удзельнікі акцыі правялі паралелі паміж падзеямі 1514 года і сучаснасцю.
– Менавіта гэтая бітва на вякі сфармавала наш рух, нашае імкненне, нашае развіццё як нацыі.
– Гэта дата падкрэслівае важнасць нашых сяброў, такіх як украінцы, палякі, літоўцы. Таму што мы ўсе разам ваявалі супраць нашага агульнага ворага.
– Бітва пад Воршай – важная перамога. Зараз нічога не мяняецца, зноў мусім разам ваяваць.
– Сёння беларусы працягваюць справы продкаў – змагаюцца супраць расейскіх акупантаў ва Украіне.
– Хлопцы і дзячыны, я здымаю перад вамі шапку і станаўлюся на калена, вы героі, вы наш гонар і годнасць, дзякуй вам ад усяго свайго сэрца.
– Пажадаць выжыць перадусім. Пажадаць, каб яны як найхутчэй вярнуліся дамоў, каб перамовы прывялі прынамсі да спынення агню.
На дзвярах Консульства вісіць абвестка з памылкай: “серада – непрымальны дзень”. Веданне мовы лукашэнкаўскімі чыноўнікамі як заўсёды не на вышыні.

Абвешчана хвіліна маўчання ў памяць усіх беларусаў, якія загінулі за Беларусь.
Саму акцыю ахоўвае нарад паліцыі, ля яго знаходзяцца зацікаўленыя, якія не гатовы адкрыта далучыцца да акцыі.








Акцыя ў Беластоку стала часткай шырэйшых святкаванняў, якія праходзяць у розных краінах, дзе беларуская дыяспара ўшаноўвае Дзень беларускай вайсковай славы.
