„Бацькаўшчыне“ — 35!

Сёння Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ адзначае свой юбілей. І мусім прызнаць: з усіх перыядаў нашай ужо не такой малой гісторыі гэты, бадай, самы складаны. Але мы ёсць, мы побач з вамі, мы працягваем працаваць.

Нашы мэты застаюцца нязменнымі: дапамагчы беларусам у свеце і на Радзіме захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, наладжваць кантакты паміж супольнасцямі, аб’ядноўваць беларусаў у адну моцную сям’ю. Змяніліся толькі ўмовы, у якіх мы працуем: за апошнія чатыры гады яны сталі вельмі складанымі.

35 гадоў таму, 10 верасня 1990 года, устаноўчая канферэнцыя „Бацькаўшчыны“ праходзіла на ўздыме хвалі, што атрымала назву Нацыянальнага Адраджэння, літаральна на парозе нараджэння незалежнай беларускай дзяржавы. Тады яшчэ не існавала Рэспублікі Беларусь, але ўжо была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, а беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай. Сёння ж усё часцей і гучней гучаць трывожныя словы пра пагрозу страты суверэнітэту, а праваабаронцы фіксуюць беспрэцэдэнтную дыскрымінацыю беларускай мовы і культуры на яе ўласнай зямлі.

Першы з’езд беларусаў свету, арганізаваны „Бацькаўшчынай“ праз некалькі гадоў пасля стварэння арганізацыі, адкрыў магчымасць тысячам людзей упершыню за многія дзесяцігоддзі наведаць Радзіму і распачаць новы культурны і палітычны дыялог паміж дыяспарай і Бацькаўшчынай. Аднак сёння Беларусь перажывае найбуйнейшую хвалю вымушанай эміграцыі ў сваёй гісторыі. Колькасць тых, хто пакінуў краіну, настолькі вялікая, што ўлады баяцца назваць сапраўдныя лічбы.

Адна з галоўных задач „Бацькаўшчыны“ — наладжваць сувязі паміж дыяспарай і Беларуссю — цяпер амаль немагчымая, бо “Бацькаўшчына” сёння не можа працаваць у Беларусі. У 2021 годзе Згуртаванне было ліквідавана ўладамі. Але гэта не прычына для адчаю. Бо мы не маем права страціць беларускую дзяржаву. Таму працягваем сваю дзейнасць за межамі Беларусі, шукаем новыя фарматы працы, новыя шляхі для аб’яднання беларусаў свету. Мы глядзім у будучыню з верай і адчуваннем адказнасці.

У гэты юбілейны дзень мы шчыра дзякуем усім сябрам і паплечнікам, якія былі з намі ў розныя часы. Дзякуючы вашай падтрымцы і салідарнасці мы здолелі зрабіць столькі важнага і маем сілы рухацца далей. Верым: лепшае для Бацькаўшчыны – і малой, і вялікай — яшчэ наперадзе.

Жыве Беларусь!

ЗБС „Бацькаўшчына“,
10 верасня 2025 года