Павал Мажэйка: Я разумею ўчынак Статкевіча

Вызвалены 11 верасьня з бабруйскай каленіі журналіст Павал Мажэйка даў першае вялікае інтэрвію. У ім ён расказаў, як адбывалася вызваленьне і высылка зь Беларусі.

На беларускай-літоўскай мяжы Павал Мажэйка быў у адным аўтобусе зь Міколам Статкевічам, які адмовіўся выяжджаць з краіны. Ён расказаў у эфіры «ПіКа Свабоды» дэталі гэтага здарэньня.

Павал Мажэйка: Мы ехалі зь Міколам у тым самым аўтобусе. Я ў самым канцы, а ён напачатку. Калі мы спыніліся літаральна на некалькі сэкундаў перад шлягбаумам, які даваў нам магчымасьць заехаць на літоўскі бок, супрацоўнікі КДБ выскачылі з аўтобуса. У гэты ж момант Мікола Статкевіч пачаў гучна казаць, што ён не зьбіраецца выяжджаць і каб яго вярталі. Ён патрабаваў, каб яму адчынілі дзьверы і ў выніку Мікола выйшаў. Гэта ўсё, што я бачыў. Мікола Статкевіч і сваім жыцьцём, і сваёй дзейнасьцю, і пазыцыяй, даўно даказаў, што мае права ісьці супраць плыні і трымаць тую пазыцыю, якую ён трымае. Ён за гэта разьлічваецца сваім жыцьцём. У гэтым сэнсе я яго абсалютна падтрымліваю. Усе гэтыя дыскусіі, якія ёсьць, павінны быць спыненыя. Ніхто з намі, хто быў у аўтобусе, не вёў з намі размоваў, я маю на ўвазе ўлады Беларусі. Ніхто не пытаў нас згоды і дазволу, каб нас вывозіць. Гэта быў была прымусовая дэпартацыя з уласнай краіны. Тут я на баку Міколы Статкевіча і лічу, што ён меў права павесьці сябе менавіта так. Годна, так як гэта і зрабіў.

hpravy.org