Стань выкладчыкам Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы

Спрычыніцца да станаўлення новай адукацыйнай пляцоўкі, падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі са сталымі беларусамі, якія жывуць зараз у Польшчы – скарыстайцеся такой магчымасцю, далучыўшыся да нашай каманды адукатараў!

Сёння ў Польшчы жыве некалькі тысяч беларусаў ва узросце 55+. Большасць гэтых людзей мае патрэбу ў падтрымцы, у супольнасці “сваіх” людзей, хоча надалей адчуваць сябе патрэбнымі, развівацца, падтрымліваць сваё фізічнае і псіхалагічнае здароўе.

Менавіта таму мы cтвараем наш Універсітэт Залатога Веку. Мы абапіраемся свой шматгадовы досвед рэалізацыі такой праграмы ў Беларусі, найлепшы польскі досвед, патрэбы і магчымасці сталых беларусаў у Польшчы.

Мы пачынаем гэтую працу на валанцёрскіх падмурках і разлічваем на добрую волю і сілы людзей, якія выказалі жаданне ўвайсці ў нашую арганізатарскую каманду, на дапамогу з боку мясцовых беларускіх і польскіх грамадскіх ініцыятыў і іншых інстытуцый.

Калі і дзе будуць праходзіць заняткі УЗВ?

Заняткі Беларускага Універсітэту Залатога Веку распачнуцца ў сярэдзіне студзеня 2026 года і будуць доўжыцца да канца красавіка адразу на чатырох пляцоўках: у Беластоку, Варшаве, Вроцлаве і Гданьску.

Заняткі будуць праходзіць ў названых вышэй гарадах у фармаце афлайн. Працягласць кожнага занятку – 1 -1,5 гадзіны.

Каго мы шукаем?

Мы запрашаем да супрацы адукатараў, гатовых прапанаваць заняткі на самую розную тэматыку: гісторыя і культура Беларусі, польская мова і культура, медыяпісьменнасць, здароўе, псіхалогія, магчымасці сацыяльнай, прававой і іншай падтрымкі і г.д.

Вы можаце заявіць:

  • Аднаразовы занятак (лекцыя, майстар-клас, дыскусія і г.д.)
  • Кароткатэрміновы курс з 3-4 заняткаў на канкрэтную тэму
  • Доўгатэрміновы курс з 5-8 заняткаў на канкрэтную тэму.

Заявіцеся да 8 кастрычніка, запоўніўшы форму заяўкі па гэтай спасылцы!

Што будзе адбывацца пасля таго, як вы запоўніце форму заяўкі?

Да 15 кастрычніка каманда УЗВ адбярэ самыя цікавыя прапановы і распачне камунікацыю з іх аўтарамі, каб удакладніць тэму, плануемыя вынікі заняткаў, метады навучання і г.д.

Пры адборы тэмаў мы будзем арыентавацца на найбольш запатрабаваныя сталымі людзьмі тэмы заняткаў, якія выявіла зробленае намі ў траўні-чэрвені бягучага года даследаванне. Пры гэтым мы вітаем заяўкі на правядзенне заняткаў па іншых цікавых тэмах!

На аснове гэтай працы у лістападзе будуць падрыхтаваныя публічныя анонсы заняткаў.

Менавіта на гэтыя анонсы будуць арыентавацца будучыя студэнты УЗВ, запісваючыся ў снежні на той альбо іншы курс.

Заняткі і курсы, на якія запішацца 8 і больш чалавек, будуць уключаныя ў расклад заняткаў у тым альбо іншым горадзе.

На якіх умовах будуць працаваць выкладчыкі?

Мы пачынаем працу Беларускага УЗВ на валанцёрскай аснове. Наш першы сезон (студзень-красавік, 2026) мае эксперыментальны характар, каб упэўніцца ў тым, што нашая задума запатрабаваная, што ёсць дастатковая колькасць людзей, гатовых “укладацца” у яе.

Таму зараз мы запрашаем выкладчыкаў, гатовых працаваць па-валанцёрску. Адпаведна, з усімі выкладчыкамі будзе заключана пагадненне аб валанцёрскай працы.

Чаму мы? 

Ініцыятарамі стварэння Беларускага УЗВ у Польшчы з’яўляецца каманда Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых (ifae.live).

Мы больш за 15 год працавалі для развіцця першага беларускага “Універсітэту Залатога Веку” у Гародні. Мы ведаем, якімі прынцыпамі і каштоўнасцямі кіравацца, ведаем, як з нуля стварыць месца, якое будзе дапамагаць жыць актыўна і быць запатрабаванымі, ведаем, як пісьменна працаваць са сталымі людзьмі – каб ім было бяспечна, цікава і карысна. 

Мы ведаем, як цяжка адаптавацца ў новай краіне, як складана здабыць сяброў і прыязнае атачэнне, як складана інтэгравацца ў розныя супольнасці. Мы хочам, каб у сталых беларусаў, якія перажываюць шмат стрэсу, з’явілася падтрымліваючае асяроддзе. 

Менавіта таму мы хочам стварыць прыязныя для сталых людзей пляцоўкі ў Польшчы, дзе яны знойдуць увагу, цеплыню, новыя веды і спрыяльнае асяроддзе. 

Мы ніколі не працавалі фармальна. Мы вельмі адказна ставімся да тых людзей, якіх мы падбіраем у каманду. Мы робім нашыя праграмы з вялікай любоўю і адказнасцю да людзей, якія да нас прыходзяць.

Мы маем добрых мясцовых і міжнародных партнёраў, разам з якімі ўжо зараз робім цікавыя і карысныя праекты для сталых людзей і не толькі.

Што мы ўжо зрабілі для станаўлення УЗВ у Польшчы?

Дзякуючы дафінансаванню Polsko-Amerykańskiej Fundacji Wolności у межах праграмы RITA – Przemiany w regionie, якую рэалізуе Fundacja Edukacja dla Demokracji, мы правялі даследаванне адукацыйных патрэбаў сталых беларусаў у Польшчы, правялі сустрэчы са сталымі людзьмі і патэнцыйнымі адукатарамі ў Беластоку, Варшаве, Вроцлаве і Гданьску.

У жніўні актывісты ініцыятыўных груп з гэтых гарадоў сабраліся на Акадэмію лідэраў УЗВ, дзе знаёміліся з польскім досведам, планавалі розныя аспекты арганізацыі працы УЗВ.

Мы ўжо маем каманду мясцовых каардынатараў УЗВ, вядзем перамовы пра інфармацыйную і іншую падтрымку з кіраўніцтвам беларускіх і польскіх арганізацый і інстытуцый у Беластоку, Варшаве, Вроцлаве і Гданьску.

У хуткім часе з’явіцца старонка Беларускага УЗВ у адной з сацыяльных сетак.

Ёсць пытанні?

Пішыце па адрасе foundation.edulife@gmail.com альбо кантактуйце з намі праз нашыя сацыяльныя сеткі.

ifae.live