
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што польскі бок стаіць у пытанні беларускай мяжы цвёрда, але Кітай у гэтым плане можа дапамагчы.
Сікорскі пракаментаваў сустрэчу з міністрам замежных спраў Кітая Ван І падчас сустрэчы 15 верасня.
«Сустрэча з маім кітайскім калегам была вельмі добрай. Мы вырашылі некалькі канкрэтных пытанняў.
Але мы цвёрда стаім на мяжы з Беларуссю. Калі Кітай дапаможа нам, як ён зрабіў у свой час, спыніць правакацыі з боку Беларусі, мяжа будзе адкрыта», — напісаў ён у Х.
У каментары журналістам ён таксама дадаў, што спадзяецца, што гэтым разам Кітай дапаможа ў праблемах з Беларуссю грунтоўна.
«У пэўным сэнсе гэта вельмі проста. Калі гэтая мяжа мусіць быць адкрытай, то там не могуць гаспадарыць нейкія банды псеўдаўцекачоў, якіх прапіхвае Лукашэнка», — заявіў ён.
Польская памежная служба сёння паведаміла, што 17 верасня на мяжы з Беларуссю было зафіксавана больш за 80 спробаў незаконнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы. У бок польскіх памежных патрулёў кідалі камяні.
