Ларыса Шчыракова: На мяне фізічна ніхто не ўплываў

Ларыса Шчыракова на выставе БАЖ “Журналісты: безгучны рэжым”

Пару дзён таму, 11 верасня, на волю выйшла былая журналістка “Белсата” Ларыса Шчыракова. Яе вызвалілі з калоніі і прымусова дэпартавалі ў Літву ў ліку 52 палітзняволеных. Паводле двух крымінальных артыкулаў (дыскрэдытацыя Беларусі) і (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) 31 жніўня 2023 года ўлады Беларусі ў закрытым рэжыме прысудзілі ёй 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. А затрымалі журналістку 6 снежня 2022 года.

Ларыса Шчыракова згадвае сваё затрыманне і самае цяжкае ў той час:

– Канешне, самае цяжкае было гэта разлука з сынам. Праз некалькі гадзін прыбягае сын са школы і крычыць: мамачка, я прыйшоў, дзе ты ёсць! У нас рытуальныя абдымашкі, пацалункі. А я ж да гэтага не плакала. А ўжо, калі ўбачыла яго, то я як бабёр заплакала, ён заплакаў. Тры гадзіны мы разам прасядзелі і нас разам і забралі.

Паводле былой палітзняволенай, з яе вялікіх здзекаў не было, толькі каралі па дробязях, у ШІЗА яна не была:

– Вазілі ў позе зю. Але ніхто фізічна на цябе не ўплываў. Мне казалі дзяўчаты з Берасця, што выкручвалі рукі, што людзі павісалі на іх. Дзяўчына з берасцейскага ІЧУ мне пра гэта казала, страхі-жахі распавядала. Я такога не зазнала. Мяне вадзілі, як тэрарыстаў нейкіх. Але нейкіх фізічных пакут мне гэта не дастаўляла. Мяне адзін раз перакінулі ў іншую камеру з дзяўчынай, у якой быў гепатыт і ВІЧ.

Як кажа Ларыса Шчыракова, галоўнае, што яна зрабіла пасля вызвалення – гэта выспалася, але адпачыць шмат не давялося, бо яна часта размаўляла з калегамі, даючы ім каментары і інтэрв’ю. Самае важнае, што зазначае Ларыса, яна сыдзе з журналістыкі, бо апошнім часам яе больш цікавіць псіхалогія.

racyja.com