BYSOL адкрыў збор на падтрымку публічнай дзейнасці Міколы Дзядка

Мікола Дзядок. Фота: Вясна

BYSOL распачаў збор на падтрымку публічнай дзейнасці Міколы Дзядка. Былы палітзняволены плануе аднавіць свой блог і выдаць кнігі, якія стануць падрабязным сведчаннем пра сістэму катавання ў беларускіх турмах. Агульная сума збору — 8000 еўра.

Мікола Дзядок – актывіст анархічнага руху Беларусі, пісьменнік, журналіст і блогер які агулам правёў у турме каля 10 год, двойчы быў прызнаны палітвязнем. Міколу разам з яшчэ 50 палітзняволенымі вызвалілі з турмы і прымусова выдварылі з краіны без дакументаў. Зараз ён спрабуе аднавіць сваё жыццё ў новай краіне і працягнуць тую дзейнасць якой займаўся да зняволення.

«Мяне завуць Мікола, родам я з Гомеля. У мінулым скончыў юрыдычны каледж БДУ, нават паспеў папрацаваць па спецыяльнасці. Потым паступіў на паліталогію Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, працаваў журналістам у газеце «Новы час», вёў відэаблог Radix (такі адукацыйна-асветніцкі праект пра анархізм) і тэматычныя блогі ў сацсетках.

Зараз мне 37 год, з іх 10 я правеў за кратамі за палітычную актыўнасць. У 2003 годзе я далучыўся да анархічнага руху Беларусі і застаўся ў ім на гады. Апошнія 2 гады перад сваім затрыманнем у лістападзе 2020 я быў блогерам і палітычным аналітыкам, імкнуўся несці палітычную адукацыю ў масы і развіваць грамадзянскую свядомасць беларусаў. Праз гэта і быў затрыманы, падвяргаўся катаванням і правеў 5 гадоў за кратамі.

Пасля раптоўнага і гвалтоўнага вызвалення, апынуўшыся за мяжой, я вырашыў не апускаць рукі. Планую працягваць сваю справу, развіваць ютуб-канал Radix, бо бачу сваёй місіяй супрацьстаяць лукашэнкаўскай і крамлёўскай прапагандзе. Акрамя таго хачу напісаць некалькі кніг аб перажытых гадах у зняволенні і перакласці іх на іншыя мовы, каб у свеце ведалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і каб мае гады за кратамі не прайшлі дарма.

Кнігі стануць падрабязным сведчаннем пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і калоніях, пра сістэму катаванняў і псіхалагічнага ціску ў дачыненні зняволеных, а таксама аб тым, як палітзняволеныя выжываюць у рэпрэсіўнай сістэме. Гэта павінна стаць важным дакументам эпохі і сведчаннем пра злачынствы рэжыму, таму планую пераклад на іншыя мовы (і звязаныя с гэтым выдаткі).

У відэаблогу Radix, я планую дзяліцца тымі гісторыямі і роздумам, што не ўвойдуць у напісанае, а таксама працягваць палітычны аналіз і абмеркаванне сацыяльных пытанняў».

Для рэалізацыі гэтых праектаў Мікола просіць вашай дапамогі, каб набыць усе неабходнае абсталяванне для вядзення відэаблога і напісання кнігі.

Сума збору — 8000 еўра

  • Рэклама: тэлеграм €500, ютуб €1000
  • Абсталяванне: святло €300, гук €700
  • Паслугі мантажора: €1500
  • Друкаванне кніг: €2000
  • Пераклад кніг: €2000

baj.media