Доктар Лагацкі: «У Чэхіі лячу ангіны, але зарабляю ў 5 разоў больш»

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі Віктар Лагацкі пераехаў у Чэхію ў сакавіку 2021 года. “Самымі складанымі былі першыя месяцы працы — праз цяжкасці з мовай”, — прызнаецца лекар і дзеліцца сваім досведам рэлакацыі з чытачамі “Новага Часу”.

Віктар Лагацкі грае на дудзе. 2021 год

Умовы працы

Віктар Лагацкі пераехаў у Чэхію ў сакавіку 2021 года па медыка-гуманітарнай праграме MEDEVAC, у межах якой беларускім дактарам дапамагалі з працаўладкаваннем, вывучэннем мовы, аказвалі грашовую падтрымку, надавалі бескаштоўнае жыллё у першыя месяцы.

Да пераезду Віктар Лагацкі працаваў анестэзіёлагам-рэаніматолагам у РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Менску, зараз працуе ў шпіталі педыятрам у гарадку Чэскі-Крумлаў (каля 13 тысяч насельніцтва). Уладкаваўся сюды ў жніўні 2021 года.

— У Беларусі я ніколі не працаваў менш чым на паўтары ці 1.75 стаўкі. І меў напярэдадні ад’езду недзе 1500 рублёў, пры тым, што працаваў у РНПЦ дзіцячай хірургіі. У Чэхіі я таксама працую на паўтары стаўкі, але зарабляю ў 4-5 разоў вышэй.

Зараз я жыву ў інтэрнаце ад шпіталю і плачу за арэнду 3000 кронаў (каля €130). Для параўнання: у Празе арэнда кватэры каштуе ад 10-11 тысяч крон. То-бок атрымліваецца добрая эканомія. Тут шмат дактароў так жывуць. Прыемна, што калі скажаш адміністрацыі шпіталя, што трэба жыллё, яны абавязкова нешта прапануюць. Я жыву з суседам, у нас два пакоі і сумесны туалет з ваннай. Пакуль мяне гэта задавальняе.

Працоўная норма — 168 гадзін на месяц. Асноўная праца — з 7.00 да 15.30. А што звыш — гэта перапрацоўкі: начныя дзяжурствы, праца па выходных. Напрыклад, бярэш дзве суботы на месяц і два дзяжурствы на тыдзень. Так атрымліваецца 230-250 гадзін на месяц. Больш — нельга. Тут за гэтым сочаць, і ты не можаш, як у Беларусі, перапрацаваць так, што ляжыш косткамі.

Віктар Лагацкі працуе ў дзіцячым аддзяленні педыятрам.

— У Беларусі ў мяне была вельмі вузкая спецыяльнасць. Па ёй я магу працаваць толькі ў кардыёшпіталі. А такі шпіталь толькі ў Празе. Прыехаўшы з іншай краіны, ты туды адразу не пападзеш. Большасць дактароў-мігрантаў едуць працаваць у малыя гарады, дзе не хапае лекараў. Але калі ў Беларусі медыцына ў Менску і, напрыклад, у Століне вельмі адрозніваецца, то ў Чэхіі, куды б ты не прыехаў, можаш чакаць аднолькавы ўзровень медычнай дапамогі.

Віктар Лагацкі з калегай Надзеяй Петроўскай

Сістэма аховы здароўя

Доктар Лагацкі заўважыў і іншыя адрозненні ў фінансаванні і падыходах у чэшскай сістэме аховы здароўя.

— Тут лічаць грошы, таму доктар працуе яшчэ і як менеджар. Мне вельмі падабаецца, што доктар бачыць, колькі грошай на што ідзе. Напрыклад, да мяне прыйшоў пацыент. Я раблю агляд, назначаю аналізы, забіваю гэтыя даныя ў бальнічную сістэму і бачу, колькі гэты візіт і мае прызначэнні і дзеянні каштуюць для страхавой кампаніі. Гэта празрыстая сістэма. Беларускі доктар у дзяржаўных установах не бачыць, куды ідуць грошы.

Яшчэ мне вельмі падабаецца, што няма ніякіх праблем у закупах медычных прылад. Грошы ў шпіталя ёсць.

У Чэхіі дзейнічае сістэма ўсеагульнага страхавання, удакладняе доктар, і лячэнне для чэхаў бясплатнае.

Добрае фінансаванне медычных устаноў уплывае і на падыходы да лячэння.

— Тут няма такога, што антыбіётыкі прызначаюцца дзецям ад хваробы скуры проста па выніках агляду і скаргаў пацыента, бо ёсць магчымасць хутка зрабіць неабходныя аналізы, ёсць інструменты, каб выставіць дакладны дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэнне.

Яшчэ адно адрозненне — на рынку няма лекаў з недаказанай эфектыўнасцю, накшталт інтэрферона і т. п. Тут многа мам з Украіны, і яны звыклі да таго, што ім выпісваюць шмат лекаў. І калі кажаш: давайце дзіцяці больш піць і парацэтамол ад тэмпературы, яны не разумеюць і скардзяцца потым у чаціках, што ў Чэхіі дзяцей не лечаць. Але тут прызначаюць тое, што дакладна працуе.

Прыемна шакаваў доктара з Беларусі і фрэндлі-падыход да лячэння дзяцей.

— Child friendly hospital — гэта на ўзроўні палітыкі, усе імкнуцца быць фрэндлі да дзяцей. У краіне адкрытыя рэанімацыі, дзе дзеці могуць знаходзіцца разам з бацькамі, у наш шпіталь могуць нават пёсікі завітаць за дзяцей, і ім дазваляюць залезці да іх у ложкі.

Крумлаў

Адаптацыя

Самымі складанымі былі першыя месяцы працы — праз цяжкасці з мовай, прызнаецца лекар.

— Трэба ісці да чэшскіх пацыентаў, якія цябе не разумеюць, а ты іх, а яшчэ весці паперы і нешта прызначаць. Так што 2-3 месяцы быў заўсёдны стрэс. Але з часам прызвычайваешся і пераходзіш у нармальны рэжым. У нас вельмі класны калектыў, і гэта ключавы момант, чаму мне падабаецца працаваць тут.

Я добра інтэграваўся ў чэшскую культуру, бо актыўны чалавек, граю на дудзе, праз што знаёмлюся з музыкамі і іншымі людзьмі.

Крумлаў мне таксама падабаецца. Гэта гістарычны горад. На дудзе на вуліцы сыграў — прыемна, у замке кавы выпіў — цудоўны. Альпы недалёка, Германія, Аўстрыя побач.

Перспектывы

Перспектывы для кар’еры тут добрыя, лічыць доктар.

— Пасля 5-7 гадоў практыкі можна адкрыць свой прыватны кабінецік і працаваць на сябе. Паколькі дактары — у дэфіцыце, то магістрат (мясцовая ўлада) дапамагае ў рэалізацыі такіх імкненняў, існуюць адмысловыя праграмы падтрымкі.

Я тут зрабіў вельмі нечаканае адкрыццё. У Беларусі, калі ты паспяховы студэнт, то пасля медуніверсітэта пападаеш у шпіталь, гэта — прывілей, ты — мажор, і наадварот — калі трапляеш у паліклініку ўчастковым урачом. У Чэхіі зусім інакш. Калі ты «зялёны», недавучаны, ідзеш працаваць у шпіталь, бо тут шмат вопытных дактароў, у іх ты будзеш пад наглядам, яны табе давучаць. А вось участковы доктар у Чэхіі — гэта самы прафесійны лекар, у якога было багата практыкі і ён можа зараз працаваць самастойна. Так і павінна быць.

Я пакуль не думаў пра свой кабінет, бо адносна малады доктар. У Беларусі я адпрацаваў 5 гадоў. Але толькі ў снежні 2022 года я пацвердзіў свой дыплом у Чэхіі, што паставіла мяне на адну ступень з выпускніком чэшскага медуніверсітэта. Таму да прыватнай практыкі шлях у мяне пакуль няблізкі.

Думкі пра эміграцыю

Віктар Лагацкі ацэньвае сваю эміграцыю не як страту, выгнанне, а як новыя магчымасці.

— Я даўно задумваўся пра пераезд, зараз ён для мяне — пра новыя магчымасьці. Трэба быць праўдзівым з сабой. Мне вельмі падабалася працаваць у Беларусі, там я рабіў хай-тэк, тут я проста лячу ангіны. Але ў грашовым і псіхалагічным плане — гэта іншае вымярэнне. У Беларусі, умоўна, знаёмішся з дзяўчынай, і калі яна дазнаецца, што ты доктар — «ну, шкада». Трэба быць айцішнікам. А тут я Пан Доктар, гэта павага адчуваецца паўсюль. І павітаюцца на вуліцы, і зніжку зробяць у краме. На жаль, у Беларусі дачакацца такога будзе цяжка. Мне падаецца, што практычна ўсе мае сябры, настаўнікі з’ехалі. І шчыра скажу, што ад тых, хто пераехаў, асабліва з дзецьмі, я не чуў, што «мы абавязкова вернемся ў Беларусь». Мне вельмі шкада, што нам не ўдалося рэалізавацца ў Беларусі.

Віктар Лагацкі размаўляе ў жыцці па-беларуску.

— Шлях да мовы быў праз Ліцэй №2, дзе я навучаўся ў 2008-2009 г. Таму што там быў круты настаўніцкі калектыў, еўрапейскі падыход да навучання, праходзілі тыдні культуры ВКЛ, прыязджаў выступаць “Стары Ольса”. І таксама праз знаёмства з гуртом «Нельга забыць» і ягоным лідарам Міхаілам Бараноўскім, які размаўляў на беларускай мове. Я яму казаў: «Міша, мне так сорамна, што я размаўляю на трасянцы». А ён: «Лупі на трасянцы!». Гэта быў 2010 год. І я лупіў на трасянцы, потым пераклаў сацсеткі і так паступова пачаў карыстацца мовай у жыцці. Калі сёння паглядзець у твітар, мне здаецца, што там значна больш людзей ужо размаўляюць па-беларуску. Паступова ўсё адновіцца і будзе добра.

Ганна Кручкова, novychas.online,
фота з архіва Віктара Лагацкага