Ванда Марцінш душ Рэйш: “Мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі адбыліся без праліцця крыві”

У кулуарах нядаўняга Стральцоўскага фестывалю ў Вільнюсе да пісьменніцы Ванды Марцінш душ Рэйш было не даступіцца. Да ўсяго ёй была справа, з усімі яна мусіла пагаварыць, было відаць, што тут яна – свой чалавек. Да таго ж прыцягальны – і сваёй сонечнай усмешкай, і сваім нязводным аптымізмам. «Народную Волю» ж цікавіла, адкуль узялася беларуская паэтка і перакладчыца з такім экзатычным прозвішчам?

Ванда Марцінш душ Рэйш

Нарэшце надарылася вольная часіна, мы знайшлі зацішнае месца і пагутарылі.

– Спадарыня Ванда, усё ўзнікае з нечага – каласы з зерня, рэкі з падземных крыніц. Мне незразумела, адкуль узнікла паэтка Марцінш душ Рэйш, ну проста як піліп з канапель! Дык усё ж адкуль вы з’явіліся?

Мае “каноплі” – гэта беларускі віленскі клуб “Сябрына”, якім шмат гадоў кіруе Валянцін Стэх. Нас там няшмат, беларусаў, якія даўно жывуць у Літве. Мы прадстаўляем у гэтай краіне беларускую культуру, прынамсі ў Вільнюсе, у добрым супрацоўніцтве з палякамі і літоўцамі, як гэта было заўсёды. Неяк мы сабраліся ў “Сябрыне” і вырашылі, што добра было б мець свайго паэта (смяецца). Бо на розных імпрэзах трэба нешта станцаваць ці праспяваць, і ў нас гэта ёсць каму рабіць. А паколькі ў мяне няма ні голасу, ні здольнасці да танцаў, то я заўсёды выступаю з вершамі. Валянцін Стэх гады тры таму адправіў мае вершы ў літаратурны альманах “Беларус”, які выходзіць у Нью-Ёрку, і яны там неўзабаве былі надрукаваны. Пішу я проста, праўда, часам ужываю словы мясцовыя, за якія мяне крытыкуюць.

– А словы тыя з якой мясцовасці?

З вёскі Муляры на Пастаўшчыне, адкуль я родам. Там вельмі адметная мова, з дамешкам паланізмаў і літуанізмаў. Значэнні многіх мясцовых слоў я часам даволі доўга разгадвала, дзе-якія так і засталіся пакуль для мяне таямніцай. Я часам думаю, што некаторыя словы былі прыдуманы маёй маці. Так, вясковыя жанчыны – вялікія моватворцы! Напрыклад, я доўга шукала, што азначае слова “пампурына”. Гадзінамі шукала ў інтэрнэце, пакуль да мяне дайшло, што “пумпурас” па-літоўску – бутон кветкі.

– Па якой прычыне і калі вы пераехалі жыць у Літву?

Даўнавата ўжо, у 1980 годзе, пасля заканчэння Віцебскага педінстытута. Тады такі пераезд быў звычайнай справай. З Астравеччыны, з Ашмяншчыны, з Пастаўшчыны людзі ехалі ў найбліжэйшы вялікі горад – Вільнюс. Вось і я паехала. І ўжо тут прыжылася, Літва – мая краіна, у мяне літоўскае грамадзянства. У мяне тут дачка, двое ўнукаў. І ўся вёска наша тут! Калі была прэзентацыя маёй першай кнігі “Плод авакада”, палова залы была з Муляроў. Проста абрыдаліся ўсе!

– А такое незвычайнае прозвішча ў вас адкуль?

– Я двойчы была замужам. Другі раз – за партугальцам, дваццаць гадоў. Душ Рэйш – гэта ягонае прозвішча, якое афіцыйна я не брала. Мы тады жылі ў Вялікабрытаніі, і там яго ніхто не вымавіў бы. Таму ў пашпарце я дагэтуль Марцінш. Я вельмі люблю падарожжы, дзе стараюся ўсё паглядзець, усіх паслухаць.

– Цяпер я разумею, чаму вашы вершы напоўнены экзотыкай. Многія з іх напісаны ажно недзе на Мадэйры.

Так, мы там пэўны час жылі з мужам, яго бацькі займаюцца на Мадэйры вінаградарствам. Гэта партугальскія выспы ў Атлантычным акіяне, бліжэй да Афрыкі, чым да Еўропы. Мне там добра пісалася, асабліва пад вялікім авакадавым дрэвам пад пошум акіянскіх хваль. Узровень жыцця на Мадэйры прыкладна такі ж, як у Літве. Тамтэйшыя жыхары няшмат зарабляюць, але ў іх прыгожая прырода, там цёпла, ладзяцца пікнікі-барбекю кожныя выходныя. І паўсюль горы! Ты або коцішся клубком уніз, або ўгору лезеш. За домам быў вадаспад, дзе мы трымосаш рабілі. Гэта такая мясцовая страва з добра вымачанага ў вадзе бобу з дадаткам пятрушкі і рознага зелля. Выдатная закуска да піва! Потым там лаўры растуць. Залезеш на дрэва, нарэжаш галінак лаўру і мяса на іх пячэш. Гэта зусім іншае жыццё…

– Дык у вас там не жыццё, а суцэльнае свята было. Пікнікі, лаўры над галавой, вадаспад кухарыць дапамагаў… А свёкру вінаград дапамагалі здымаць?

А як жа, дапамагала. Праўда, гэта мне было нялёгка рабіць. Мясцовыя людзі пераважна невысокія, і вінаград яны садзяць не радамі, а “са столлю”. І калі я працавала, то павінна была ўвесь дзень хадзіць, сагнуўшыся ў тры пагібелі.

– Калі не сакрэт, чаму вы з мужам-партугальцам рассталіся?

У нас былі нармальныя адносіны. Але мяне цягнула на Віленшчыну проста невыносна. І я прыдумала план – на Мадэйры жыць зімой, а ў Літву прыязджаць на лета. Ну, добры ж план! Але мужу не спадабаўся, ён пачаў бурчаць, маўляў, ты ж ведала, што выходзіла за партугальца. Але ж мы жывём у XXI стагоддзі, а не ў XVI, калі жонка павінна была за мужам цягнуцца, як пуга за пастухом. Так мы і не дамовіліся. Шкада, вядома ж, але нічога не паробіш. Восем гадоў ужо не разам, але працягваем сябраваць, у сацсетках перапісваемся.

– Перад Мадэйрай вы жылі ў Вялікабрытаніі, а калі дакладней, у Шатландыі, у Эдынбургу. Пра гэты край беларусы ведаюць больш, дзякуючы Роберту Бёрнсу і Вальтэру Скоту. А што вам дало жыццё ў гэтай краіне?

Я паехала ў Шатландыю да свайго дзядзькі, бацькавага брата. Ён – ветэран Арміі Андэрса. Як дзядзька туды трапіў? У 1939 годзе яго саслалі ў Сібір. І калі ў 1941 годзе польскі эміграцыйны ўрад пачаў ствараць польскую армію, яму было дазволена набіраць людзей і ў ГУЛагу. Многія беларусы туды пазапісваліся, гэта быў адзіны шлях на волю. Дзядзька пазней успамінаў: “У лагеры я сто адсоткаў памёр бы, а на вайне ў мяне былі шанцы”. Ён ваяваў пад Монтэ Касіна, быў паранены. У Вялікабрытаніі я і выйшла за партугальца.

– Максім Багдановіч пісаў: “Не рассталіся б мы з нашым краем, / каб было дзеля нас у ім хлеба”. Герояў багдановічаўскага верша пагнала на чужыну патрэба хлеба, а вас, выходзіць, каханне?

Не-не, я пазнаёмілася са сваім будучым мужам прыкладна праз пяць гадоў жыцця ў Эдынбургу. Вялікабрытаніі я ўдзячная за тое, што яна мяне прывучыла жыць пры дэмакратыі, паважаць сябе, адстойваць свае правы. Вось нядаўна ў нас у Літве абрэзалі беларускую тэлепраграму, і нашы чамусьці баяцца патрабаваць яе аднаўлення. А я прывыкла, жывучы ў Эдынбургу, што там кожны чалавек мае грамадзянскую пазіцыю. Там парламент прыслухоўваецца да людзей. У часы прэм’ерства Тоні Блэра быў там міністр (здаецца, працы), вельмі талковы. Сябраваў з прэм’ерам. Але выявілася, што мае каханку – замужнюю жанчыну. Што там пачалося! Блэр хацеў абараніць сябра і – не змог. Там людзі думаюць так: чыноўнікі жывуць на нашы падаткі і таму павінны нас баяцца.

– Ох і цяжка вам было б жыць у Беларусі… А ці часта бываеце на радзіме?

Мінулым летам двойчы ездзіла ў Мінск – сустракалася з чытачамі, са сваімі прыхільнікамі. Першы раз я проста не ведала, што на такія сустрэчы патрэбны адмысловы дазвол, і мы проста ў кавярні сабраліся. Цікую, што ўсе неяк запытальна на мяне глядзяць, нібы пытаюцца: “А можна? А нас тут не арыштуюць?”. Другі раз я ўжо была чалавекам дасведчаным, і мы сустрэліся патаемна (з усмешкай прыцішае голас), у майстэрні адной мастачкі…

З прыхільнікам беларускай паэзіі на беразе Атлантыкі

– А на Пастаўшчыну, у родныя Муляры заязджалі?

Заязджала… І пасля нават падумалася, што я канчаткова страціла радзіму. Палова хат у Мулярах зарасла бур’яном, засталося некалькі старэнькіх бабулек. А ўсё астатняе ўжо не маё. Прыехалі туды чужыя людзі з другой ментальнасцю. Напрыклад, мая старэнькая абязножаная мама на зэдліку совалася, а кветачкі і агарод садзіла. А потым да яе прыходзілі маладыя жанчыны з прыезджых і прасілі: ці можна нам на 1 верасня дзецям букеты нарваць? Разумееце, яны нічога не садзяць! І мова іхняя ўжо не беларуская. Увогуле, калі была ў Мінску, я беларускай мовы амаль не чула, русіфікацыя поўная. Мяне на цягнік падвозіў хлопец, з якім мы некалі разам на танцы бегалі. Едзем па вёсцы, і ён мне паказвае: а вось тут у нас жыве чалавек, яго арыштавалі, бо знайшлі ў хаце бел-чырвона-белы сцяг і партрэт Гітлера… Гэта гаворыць мне мой аднавясковец! Гэтую прыдуманую прапагандыстамі лухту! Мае землякі ў выміраючай вёсцы думаюць, што бел-чырвона-белы сцяг – фашысцкі… Мне было вельмі непрыемна.

– Летась у вашым перакладзе з літоўскай на беларускую выйшла ў свет кніга Далі Грынкявічутэ “Літоўцы ля мора Лапцевых”. Чаму вы вырашылі яе перакласці?

Таму што гэта кніга вельмі важная для літоўцаў. А літоўцы – нашы суседзі, і нашы гістарычныя лёсы падобныя. У кнізе расказваецца пра сасланых у 1941 годзе ў вусце ракі Лены літоўцаў, дзе яны гінулі-замярзалі на голай, занесенай снегам выспе. І беларусаў жа таксама высылалі ў тую вечную мерзлату, адкуль мала хто вярнуўся. Далі Грынкявічутэ пашанцавала, яна выжыла. Разумееце, гістарычная памяць не павінна перарывацца. І вось у Літве, у адрозненне ад Беларусі, яна не перарвалася. Такія кнігі якраз і дапамагаюць яе аднавіць. Калі “Літоўцы ля мора Лапцевых” выйшлі ў Літве, гэта быў эфект бомбы, якая ўзарвалася. І да гэтай пары кніга карыстаецца попытам, літоўскае Міністэрства культуры падтрымлівае яе пераклады на мовы свету. Праўда, я пра гэта не ведала, і выдала кнігу на свае сродкі.

– Мяне ў кнізе ўразіла, як літоўцаў ратавала адна беларуская лекарка, якая не баялася прыйсці ў зачумлены барак у непраглядную завею.

Так, літоўцы жылі сваёй калоніяй, ніхто ім асабліва не спачуваў апрача лекаркі Франі Глушынай. Даля Грынкявічутэ піша пра яе ўдзячна і захоплена: “Франя – высокая, стройная, з чорнымі вачыма і кучаравымі валасамі – незвычайнай прыгажосці. Нічога не баялася, бачыла, як людзі пакутуюць і паміраюць ад голаду, холаду і хваробаў. Не было дня, каб яна не зайшла ў барак. Яна ведала ўсіх і яе ведалі ўсе. Гэта быў прамень сонца ў нашай прамерзлай трупярні. Начальнікі што толькі ні вытваралі… У той галерэі забойцаў ты, Франя, велічна вылучалася. І пазней, калі я чытала пра Данка, пра яго сэрца, перад вачыма ўзнікаў яе вобраз”.

– Вы сказалі, што выдалі літоўскую кнігу за свае грошы. Даруйце, вы такі багаты чалавек? Ці вам нехта дапамагае?

Мае памагатыя – рукі мазолістыя. Усё жыццё я працавала вельмі цяжка – і прыбіральшчыцай, і афіцыянткай, і настаўніцай… За заробленыя грошы пабудавала дом непадалёк ад Вільнюса. Цяпер патрэбы ў мяне сціплыя, магу і ў сэканд-хэндзе швэдру якую-небудзь набыць. Таму грошы я адкладвала, але на кнігу ўсё роўна не хапіла, у дачкі папрасіла тысячу. І таму летась нідзе не была, нават на сваім любімым моры. А так штогод ездзіла на два-тры дні. І заўсёды вярталася з вершамі.

З паэтам і рэдактарам Алегам Мінкіным

– А дасканалае веданне літоўскай мовы ў вас адкуль?

Дык вучыла – з раніцы да вечара! У 55 гадоў. І вывучыла – за год. Так што мазалі ў мяне былі не толькі на руках, але і на мазгах (смяецца). І мне сёння ніхто не можа сказаць, што беларускую мову цяжка вывучыць. Заткніцеся, як кажуць, і не вякайце! Пазней я і англійскую вывучыла, і партугальскую, і іспанскую. Тры гады выкладала ў школе партугальскую, цяпер – англійская спатрэбілася. Проста на яе больш попыту.

– Літва пасля 2020 года прыняла каля 50.000 беларусаў. Вы гэта неяк на сабе адчулі?

Чым магу дапамагаю, у мяне беларусаў часам – поўная хата, пра гэта ўсе ведаюць. У 2020-м можна было ўзяць да сябе ўцекачоў. Адразу знайшоўся хлопец, трэці год у мяне жыве, потым яшчэ адзін. Для ўкраінцаў мой дом менш падыходзіць, ім патрэбны дзіцячыя садочкі, школы. Але я ім таксама прапаноўвала. Да мяне летам беларусы прыязджаюць проста адпачываць. Для мяне гэта важна – дапамагаць суайчыннікам.

– Адна з вашых кніг называецца “Мора Мары”. Назавіце дзве свае мары – асабістую і для ўсёй Беларусі.

Асабістых мараў у мяне ўжо няма, засталіся толькі планы. Планую бліжэйшым часам выдаць дзве кнігі – уласную трохмоўную (мае вершы па-беларуску і ў перакладах на польскую і літоўскую). І свае пераклады з літоўскага паэта Вітаўтаса Мачэрніса, які загінуў у дваццаць тры гады. А якая мара для Беларусі? Вельмі цяжка ў яе паверыць… Але я мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі нарэшце адбыліся – і без праліцця крыві.

Міхась Скобла, nv-online.info