У Польшчы пачало працаваць Таварыства беларускай мовы. Якія мэты і планы арганізацыі?

У канцы 21-га года, падчас разгрому грамадзянскай супольнасці, сярод іншых грамадскіх арганізацыяў улады ліквідавалі і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Цяпер гэтая арганізацыя не можа працаваць на тэрыторыі Беларусі, бо за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ўлады ўвялі крымінальную адказнасць. Але, разам з тым, многія беларусы за гэты час вымушаныя былі і самі пакінуць сваю краіну, ратуючыся ад палітычнага пераследу. Цяпер шмат хто з іх жыве ў тым ліку і ў Польшчы. І вось нядаўна Таварыства беларускай мовы атрымала афіцыйную рэгістрацыю ў Польшчы. Пра мэты і планы арганізацыі з «Радыё Ўнэт» гаворыць кіраўнік Таварыства Вадзім Шышко.

Калі пачалі граміць грамадскія арганізацыі, я ўсё на гэта глядзеў і думаў: няўжо яны і да ТБМ дабяруцца? Ну гэта ж як бы Таварыства беларускай мовы, у Беларусі. Ну нельга такое рабіць. Але, не – у нашай краіне, аказваецца, можна ўсё. Пакуль Таварыства яшчэ існавала ў Беларусі, тут у Польшчы, у Лодзі, калі я прыехаў, у мяне з’явілася адразу ідэя тут таксама зрабіць такое таварыства. Пачаў збіраць людзей зацікаўленых. І я думаў тут таксама зрабіць такую суполачку і афіцыйна падпарадкаваць яе цэнтру ў Менску, як такі філіял у замежжы. А тут аказалася, што так – хлоп, проста ўсё ТБМ знішчана. Спачатку ў мяне такі трохі шокавы стан – як так?! А потым пачаў разважаць: што рабіць? Ну і лагічная выснова: калі нас знішчылі там, значыць мы будзем працягваць нашую дзейнасць тут.

Зноў-такі, пачаў шукаць аднадумцаў, якія са мной падзяляюць гэтую думку – аднавіць, адрадзіць ТБМ. Такія людзі знайшліся, і мы пачалі гэты працэс. І вось як вынік: мы вось нядаўна, прыкладна месяц таму, ужо афіцыйна зарэгістравалі ТБМ.

Калі мы дзейнічалі ў Беларусі, мы спрабавалі стварыць такі беларускі моўны асяродак для тых беларусаў, каму гэта трэба было, у каго было запатрабаванне ў беларускай мове. Бо ў нас жа Беларусь русіфікаваная амаль цалкам. Тут, у прынцыпе, тое ж самае, толькі тут ужо, скажам так, па натуральных прычынах, таму што мы проста знаходзімся ў замежжы. Але мэта, у прынцыпе, тая ж самая – стварыць беларускамоўныя асяродкі для тых беларусаў, для якіх патрэбная беларуская мова.

Як гэтыя асяродкі будуць выглядаць, зноў-такі, пакажа сітуацыя. Мы, напэўна, будзем браць прыклад з таго, што мы рабілі самі ў Беларусі, і прыклад з розных іншых ініцыятываў, якія дзейнічалі ў Беларусі і дзейнічаюць цяпер тут – у замежжы. То бок, розныя размоўныя групы, якія-небудзь курсы моўныя. Напрыклад, я сам два гады таму пачаў тут збіраць беларускую бібліятэку з усяго свету па кніжцы. Вось у такім плане – розныя такія ініцыятывы.

Ну і самае галоўнае, што цяпер дазваляе інтэрнэт трымаць між сабой шчыльную камунікацыю, дзяліцца досведам, у каго што атрымліваецца, каб гэты досвед пераймаць і паўтараць у іншых суполках. Наша сядзіба ТБМ знаходзіцца ў Беларускім цэнтры ў Лодзі, на базе фонда «Беларусы ў Лодзі». Гэты фонд «Беларусы ў Лодзі» арганізаваў і для сябе і для іншых беларускіх ініцыятываў памяшканне – цэлы дом, дзе можна загадзя дамовіцца і спакойна сустракацца, праводзіць самыя розныя мерапрыемствы. Цяпер мы разам з гэтым фондам падзяляем гэты дом як нашу сядзібу.

Вось літаральна на днях мы так ужо адкрыта выйшлі ў інфармацыйную прастору. На дадзены момант – самае такое, што актыўна беларусы выкарыстоўваюць – гэта Тэлеграм, плюс сусветны Фэйсбук і Інстаграм. Найбольш зручна пакуль што весці дыялогі ў Тэлеграме, таму як бы большы націск на Тэлеграм. Інстаграм і Фэйсбук – гэта як бы больш такія інфармацыйныя каналы.

Я звяртаюся да тых людзей, якія самі для сябе вырашылі, што ім гэта таксама трэба – захаваць і пашыраць беларускую мову, вось я гэтых людзей заклікаю: далучайцеся! Бо нам трэба быць разам. Спалучацца не толькі ў Польшчы, а ва ўсіх краінах, дзе толькі ёсць беларусы. Спалучацца разам. Толькі тады штосьці можна зрабіць. Інакш ніяк!

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm